Былая камандзір школьнага ўзвода ганаровай варты ў Брэсцкай крэпасці: “Мяне называлі “изменщицей”, а я і ў Польшчы Карту паляка не брала. Размоўнай беларускай мовай не валодаю добра, але беларуская мова дапамагла мне асвоіць польскую”. Інтэрвью з былой брэсцкай школьніцай.
З Анастасіяй Зарэцкай сустрэліся выпадкова. Цягам якіх пяці хвілін перасекліся тут і там. На трэці раз сказаў сам сабе: дай распытаю, чаго яна такая шчаслівая. А вось чаго.
Анастасія Зарэцкая: Я аспірантка Кракаўскага эканамічнага ўніверсітэта. Прыехала на пабыўку дахаты.
Яўген Бяласін: Дык Вы “за рэчкай”? Гэта лёс?
А.Н.: Не, наадварот, гэта палякі так кажуць, што я “адтуль, з-за Буга”. Хоць карані майго таты з-пад Любліна.
Я.Б.: А ці вучыліся ў Беларусі? У якім ВНУ?
А.Н.: Тут 12-ю школу закончыла. Камандавала нават школьным узводам ганаровай варты ў Брэсцкай крэпасці. Дык потым, калі ў Кракаўскі ўніверсітэт паступіла, мяне тут “изменщицей” абзывалі. А я нават, будучы ў Польшчы, Карту паляка не ўзяла. А тады проста рыхтавалася і ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт паступаць, і ў Кракаўскі. З Кракава пацверджанне аб паступленні прыйшло раней – так і атрымалася, што паехала туды.
Я.Б.: Як фінансава стала магчымым вучыцца там?
А.Н.: Атрымліваю стыпендыю польскага ўрада. Яна невялікая, таму заўсёды трэба было мне падзарабляць. У Польшчы многія студэнты працуюць, хто прадаўцамі, хто афіцыянтамі, хто летам на заробкі выпраўляецца. Прыкладам, я пад час практыкі працавала на востраве Крыт.
Я.Б.: Ці абавязковае ў Польшчы наведванне заняткаў?
А.З.: Гады з два таму назад яно было вольным. Але потым пачалі даваць на подпіс дамовы аб навучанні, у якіх студэнт абавязваўся наведваць заняткі. Рэч у тым, што падпрацоўкі настолькі зацягвалі…
Я.Б.: Студэнты не маглі адарвацца ад зараблення грошай…
А.З.: Ну, каму грошы мець непрыемна. У нас, прыкладам, на патоку на лекцыі сядзіць 130 чалавек. І калі якіх трыццаці няма, то не вельмі прыкметна. А тады можна было здаваць амаль экстэрнам. Таму многія студэнты замест лекцыяў, а іншым разам і семінараў завіхаліся на трэцяй якой рабоце, або у другую змену выходзілі. Цяпер гэта стала больш складана. Некаторыя выкладчыкі сочаць, каб дамова выконвалася.
Кракаўскі ўніверсітэт, яе alma mater
Я.Б.: Ці маладыя палякі і маладыя беларусы маюць адрозненні?
А.З.: Палякі больш адвольныя, увогуле. Не надта за нешта трымаюцца. А беларус як зачэпіцца за нешта, дык так і трымаецца таго. Я, прыкладам, заўсёды пачувалася беларускай, вельмі шаную сваё. У Польшчы ніколі не змагу пачувацца полькай, але гэта і таму, што палякі не дадуць. Яны пастаянна нагадваюць, адкуль хто “панаехаў”. Або хаця б трымаюць у галаве.
Я.Б.: Калі Вы пачалі напоўніцу адчуваць сябе па-свойску ў польскамоўным як-ніяк універсітэце? І якая ў Вас спецыялізацыя?
А.З.: Дзесь з трэцяга курса. А так былі праблемы, вядома. Размоўнай беларускай мовай не валодаю добра, а так менавіта беларуская мова дапамагла мне хутчэй асвоіць польскую. Беларусам у Польшчы лягчэй. Выбрала я турызм, і практыку праходзіла ў гатэльным бізнэсе і турызме. Мая пані кіраўнічка, якая прапанавала мне займацца навукай у аспірантуры, таксама бачыць нашу супрацу ў гэтым рэчышчы.
Я.Б: Як палякі бачаць Беларусь з кропкі гледжання турызму?
А.З.: Амаль няма Беларусі на турыстычнай карце – такая першая рэакцыя. Мы ж можам ехаць вольна ва ўсе бакі. А ў Беларусь патрэбная віза. У Заходняй і Паўднёвай Еўропе турыстычны бізнэс ужо адладжаны, ты дакладна ведаеш, што цябе чакае ў Барселоне як і ў Венецыі або на Крыце, А Беларусь такой пэўнасці не дае. Але мае сябры, хто быў у Беларусі, выказвалі захапленне нават, найперш прыродай. І гасціннасць адзначалі.
Я.Б.: Якая перспектыва працаўладкавання студэнтаў універсітэта, у якім Вы вучыцеся, а цяпер будзеце і выкладаць?
А.З.: У нас дзяржава не дае гарантый працаўладкавання. Хоць навучанне бясплатнае, і даюць стыпендыі, сацыяльныя і імянныя, але круцІцца, у сэнсе будучыні, трэба самому. Мне як атрымальніцы стыпендыі ўраду да нядаўняга часу было забаронена выязджаць на вучобу па абмену, на семестр або два, за межы Польшчы. А гэта магчымасць зачапіцца за нейкую працу. Многія нашы студэнты працуюць у Заходняй Еўропе. “Вахтава”, вяртаюцца дахаты час ад часу. Шмат хто пераехаў на ПМЖ у ЗША.
Я.Б.: А ў Вас расклад ці ёсць? Польшча? Ці, магчыма, на Крыт, дзе была практыка?
А.З.: Крыт не, там людзі іншыя. Цяжка сярод іншых людзей жыць. У мяне заўсёды было жаданне вярнуцца ў Беларусь і працаваць тут.
Я.Б.: Гэта пры тым, што Вы мелі стыпендыю польскага ўрада?
А.З.: Прынамсі, гэта магчыма. Але фактычна, цяжка. Бо ў мяне ў працоўнай кніжцы тут будуць пустыя сем гадоў. Навучанне ва ўніверсітэце і замежны дыплом не прызнаюцца ў Беларусі. А гэта фінансава скрушна. Таму ня ведаю. Пакуль яшчэ прадстаяць чатыры гады ў аспірантуры.
Я.Б.: Аспірантура: што гэта ў Польшчы?
А.З.: Мне прапанавана распрацоўваць пэўную навуковую тэму. Важная тут роля навуковага кіраўніка. Экзамены я нейкія не здаю, глядзяць на сумоўях і на вынікі экзаменаў пад час бакалаўрыяту і магістарскага навучання. Мне навуковы кіраўнік вылучыць нейкую частку сваёй нагрузкі, і буду праводзіць са студэнтамі заняткі. Потым абараню дысертацыю. Таму важна накапліваць кантакты, сувязі.
Я.Б.: Напрыканцы: якое самае добрае і якое самае благое здарэнне згадваецца з часу навучання ў Беларусі і ў Польшчы?
А.З.: У Беларусі ў ВНУ не вучылася, са школы ўспаміны цьмяныя даволі. Станоўчае гэта менавіта досвед каля Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці. Ну, і адмоўнае, што нібыта я “здрадзіла”. Вельмі непрыемна такое чуць. А ў Польшчы надта спадабалася, як паклікала на размову выкладчыца і сказала, што ёй вельмі падабаюцца мае пісьмовыя працы, і што мне варта вучыцца далей, а потым займацца навукай. А з адмоўнага – помніцца з першага курса. Выкладчык паабяцаў мне паставіць на экзамене на бал вышэй. І выйшла, што “тры”. Дык я і спытала, чаму. Што, я на “два” напісала? Папрасіла паказаць мой пісьмовы тэст. Ён адмовіўся і сказаў, маўляў, калі я з Беларусі, то якая б адзнака ні была, маю дадаваць у думках бал, бо мне гэта каштуе больш, чым студэнту-паляку.
Я.Б.: Дарэчы, а ці шмат вучыцца ў Кракаве беларусаў?
А.З.: Чалавек шэсць, на патоку. Замежнікаў наогул нямала. Украінцаў багата. А з Брэста, наколькі ведаю, трое.
Размаўляў Яўген Бяласін
Фота з архіва А. Зарэцкай і з адкрытых крыніц
Ответить