Атэлі “Хілтан” і “Шэратон”, у якіх праходзілі асноўныя пасяджэнні экалагічнай канферэнцыі
У Батумі адбылася 8-я канферэнцыя на ўзроўні міністраў аховы навакольнага асяроддзя краін Панеўрапейскага рэгіёну. Наш карэспандэнт атрымаў на ёй акрэдытацыю. Меркаванні беларускага міністра Андрэя Каўхуты і яго падначаленых, выказванні міжнародных экспертаў па тэмах, блізкіх брастаўчанам, але і летнія ўражанні з грузінскага берага Чорнага мора – гэта чытайце, з працягам, і праглядайце на фота – натуральна, больш шматлікіх на сайце.
Чаму атрымалася паехаць
Найперш маю падзякаваць швейцарскай прыродаахоўнай сетцы “Зоі” (у перакладзе з грэчаскай: “жыццё”) і беларускай НДА, недзяржаўнай арганізацыі “Экапартнёрства” за магчымасць паехаць на такі ўзроўневы экалагічны форум. Асаблівае задавальненне выклікаў чысты ад карупцыі спосаб, у які гэтая магчымасць мне была прадастаўлена: згаданыя арганізацыі аб’явілі агульнабеларускі конкурс артыкулаў на тэму аховы прыроды, і міжнароднае журы ацаніла вартасці прадастаўленых матэрыялаў. Адзін з маіх тэкстаў, датычны аднаўлення гістарычнага воднага гандлёвага шляху ад узбярэжжа Балтыйскага праз Брэст да Чорнага мора, надрукаваны ў “Брестском курьере”, і быў прызнаны лепшым. А да такога прызнання, у якасці матэрыяльнага прыза, аўтаматычна прышпільваўся палёт у Батумі.
Для мяне асабіста такое прызнанне было і сюрпрызам, і нечым чаканым. Тэмай аховы прыроды цікаўлюся здаўна. Яшчэ ў красавіку 1989, на 3-я ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы, я з таварышам на скрыжаванні вуліц Савецкай і Маскоўскай збіралі подпісы пад патрабаваннем растлумачыць народу, чаму іголкі на хвойках у зоне, дзе выпала радыяцыя, дасягаюць даўжыні 11 сантыметраў, і чаму няма дакладнай статыстыкі дозаў радыяцыі. Гады праз два, пасля агалошання незалежнасці Беларусі, я напісаў – дарэчы, па-беларуску – праект Праграмы экалагічнай партыі. На тыя глухія часы гэта былі – скажа кожны, хто тады жыў, – не абы-якія чыны і падзеі.
Прырода зводзіць разам каго хочаш
З таго часу справы ідуць іншым, у нечым больш грунтоўным шляхам. У Батумі на экалагічную канферэнцыю з акцэнтамі “Экалагізацыя вытворчасці” і “Чыстае паветра” прыехаў цэлы гурт беларусаў: афіцыйная дэлегацыя з дзясятка чыноўнікаў і экспертаў і шасцёра журналістаў і эколагаў – большасць з недзяржаўнага поля.
Пленарны зал канферэнцыі
Выступае беларускі міністр Андрэй Каўхута
Прадстаўніцы Сусветнага банка. Крайняя злева Кулзум Ахмед
Кулзум Ахмед
Агулам у пленарнай залі ў першы дзень налічыў некалькі соцень прадстаўнікоў каля паўсотні краін і дзясяткаў міжнародных арганізацый, установаў і НДА. Краінавыя прадстаўніцтвы збольшага ўзначальвалі міністры. Азія, Еўропа… Дарэчы, у канцы канферэнцыі воляй лёсу выступілі з заявамі спачатку прадстаўнік ЗША, а за ім чыноўнік з Расійскай Федэрацыі.
Падумаў, што маім чытачам гэтых агулаў не так і трэба, таму заўважыў некалькі асабліва кідкіх таблічак і паспрабаваў разгаварыць людзей, якія ўвасаблялі надрукаваныя на іх арганізацыі.
“World bank” і „NGO“ – “Сусветны банк” і “НДА” – звесці іх мне здалося найбольш сэнсоўным.
Жанчына за шыльдачкай “Сусветны банк” мела чорны колер скуры і дастаткова вялікую кантактнасць. Падсунуў ёй у поле зроку, прамовіўшы просьбу пра кароткі момант увагі, аркушык паперы з двума задуманымі для абедзвюх шыльдачак пытаннямі: “Навошта Вы тут” і “Як Вы ставіцеся да НДА” (а для НДА, адпаведна, наадварот: “Як Вы ставіцеся да Сусветнага банка?”). “Банкірша” радасна заўсміхалася і паабяцала, што са мной звяжацца прадстаўнік СБ у Беларусі. “Яшчэ тут, на канферэнцыі”.
Пад вечар паспрабаваў разгаварыць недзяржаўных. Нейкі напачатку гаваркі грузін пагадзіўся на расійскую (рускую) мову, нагаварыў многа агульных месцаў, а потым… проста збег у паніцы. Другая спроба прынесла плён. Удзельніца з сектару “NGO” ўцямна патлумачыла, чым займаецца ачольваная ёю арганізацыя і за што яна асабіста не любіць Сусветны банк.
Амалія Амбарцумян: “З’яўляюся прэзідэнтам экалагічнай і культурніцкай недзяржаўнай арганізацыі “Казер”. Мы з Арменіі. Раней акцэнтавана займаліся старадаўняй музыкай, ад V да XV стагоддзяў. Потым пачалі больш увагі ўдзяляць экалогіі. Займаемся маніторынгам. Засяродзіліся на супрацьдзеянні зменам клімату. Якое стаўленне да Сусветнага банка? Не вельмі добрае. З іх спрыяннем рабілі раней падручнікі па хіміі. Засталіся незадаволеныя вынікам, таму такое стаўленне”.
На другі дзень павагаўся крыху, а ці варта адрываць радасную чарнушачку-банкіршу ад нястомнай працы слухання кароткіх (рэгламент дзве хвіліны) выступаў. Потым усё ж спытаў, а дзе ж той абяцаны краінавы прадстаўнік. Жанчына адразу паказала на суседку, патлумачыла той, хто я, паказала мой аркушык. Тая адразу падахвоцілася на размову і не вагалася зрабіць фота каля слогана каферэнцыі.
Ідучы туды, працягнула мне візітоўку. Чытаю: менеджар аддзела Еўропы і Цэнтральнай Азіі Сусветнага банка, доктар навук Кулзум Ахмед. Спадарыня Ахмед патлумачыла наступнае:”Сусветны банк канцэнтруе сваю дзейнасць на барацьбе з беднасцю, але і на ўстойлівым развіцці, на экалогіі. А гэта правільнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, эфектыўнае энергакарыстанне. Мы адпачаткава працуем з краінамі, якія развіваюцца. Дапамагаем і кансультацыямі, і матэрыяльна. У нас з імі шмат праектаў. Таму нас сюды і запрасілі”.
На пытанне пра НДА спадарыня Ахмед адказала, што “зялёную” ідэю могуць падтрымліваць любыя структуры. «У гэтай сферы магчымая супраца любых партнёраў. У нас вельмі добрая справаздача, менавіта па “зялёнаму сектару”, на нашым сайце”.
І сапраўды, шматлікія выступы на дадатковых тэматычных пасяджэннях, так званых “панэлях”, пацвердзілі шырокі ўдзел Сусветнага банка ў “зялёных” праектах.
Згадвалі супольныя з Сусветным банкам праекты і беларускія прадстаўнікі.
Пра іх, збольшага, у наступнай частцы майго ўжо “ріпорту”. А трэцяя будзе пра Батумі: кошты, як жывуць грузіны пры Чорным моры, грузіны яны ці аджарцы, і як ставяцца да магчымага вяртання з Адэсы Міхаіла Саакашвілі.
Яўген БЯЛАСIН, Брэст – Мінск – Батумі – Мінск – Брэст
(фота аўтара)
Ответить