Група з грамадскага аб’яднання імя Т. Касцюшкі з Брэста разам з сябрамі з Пружан і Мінска ў рамках святкавання 270-й гадавіны з дня нарадждэння Т. Касцюшкі па асабістай ініцыятыве, а таксама па запрашэнні Польскага фонду касцюшкаўцаў 15 і 16 ліпеня наведала Малапольскае ваяводства Польшчы – мясціны, звязаныя з лёсам вялікага змагара за свабоду. Усяго прыняла ўдзел 50 чалавек. Гэта ў асноўным прадстаўнікі культуры, адукацыі, навукі, прадпрымальніцтва, а таксама моладзь, студэнты, людзі старэйшага пакалення, ветэраны.
Уражанні ад паездкі самыя цёплыя. Пачалося з таго, што нам на гэтую вандроўку былі адкрыты бясплатныя шэнгенскія візы, за што мы ўдзячны Генеральнаму консульству Рэспублікі Польшча ў Брэсце.
Першы дзень паездкі быў прысвечаны старажытнаму Кракаву і Рацлавіцам, дзе адбылася першая пераможная бітва Т. Касцюшкі ў 1794 г.
Нас вельмі цёпла сустракалі кіраўнікі Кракаўскага фонда імя Т. Касцюшкі. Спачатку ў старажытным кракаўскім замку Вавель – магільныя склепы польска-літоўскіх князёў, каралёў і знакамітых людзей – мы ўсклалі кветкі да саркафага Т. Касцюшкі, прайшлі па раскошных каралеўскіх залах замка, наведалі цудоўныя кракаўскія мастацкія галерэі, з вялікім захапленнем падняліся на самую высокую кропку Кракава – курган (копец) Касцюшкі, насыпаны амаль за 200 гадоў жыхарамі Кракава і ўсёй Польшчы, а таксама дэлегацыямі з Беларусі, Літвы і шмат іншых краін свету.
Заключным акордам першага дня візіту стала наведванне поля бітвы Т. Касцюшкі ў мястэчку Рацлавіцы, што прыкладна у 60 км ад Кракава. Нашу дэлегацыю сустракалі прадстаўнікі мясцовай улады – бургамістр і войт Рацлавіц, кіраўнікі мясцовагага таварыства імя Т. Касцюшкі, жыхары навакольных вёсак. На спатканне прыехалі супрацоўніки консульства Рэспублікі Беларусь у Польшчы і Варшаўскага сейма. Аркестр, кветкі, сцягі Польшы і Беларусі, цёплыя словы ўдзельнікаў сустрэчы – усё проста шакіравала нашу дэлегацыю. Атмасфера цеплыні, сардэчнасці і павагі – напамін пра агульную гістарычную спадчыну, нашага вялікага суайчынніка, які змагаўся за тое, каб нашы краіны былі свабодныя і роўныя сярод еўрапейскай супольнасці.
Вечарам адбыўся цёплы прыём, на якім ад імя нашай дэлегацыі былі ўручаны польскім сябрам берасцейскія сувеніры, кніжкі і буклеты.
Другі дзень пачаўся з наведвання падворка і прыватнага музея гасцінных гаспадароў Круляў у мястэчку Незвіёвіцы, недзе каля 50 км ад Кракава. Цяжка пералічыць тое, што мы там убачылі, і ўсё выканана сваімі рукамі. Па-першае, гэта велізарная, на ўсю гасцінную залу, дыярама Рацлавіцкай бітвы, дзе з дрэва выразаны ўдзельнікі бітвы, хаты, жывёлы, гаспадарчыя і вайсковыя прылады.
Па-другое, шмат пакояў прысвечана мастацтву, у тым ліку палотнам мясцовага аўтара ілюстрацый да паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, партрэты Касцюшкі і панарамы падзей таго часу.
А мастацкі шэдэўр ужо на другую тэму – “Пчаліная сям’я” — разам з вершаваннымі радкамі пра жыццё пчол (наш гаспадар да ўсяго яшчэ і пчаляр), – навукова-пазнавальны ўрок усiм – ад дзяцей да дарослых.
Гаспадарка, альбо як у нас аграсядзiба, мае прадметы сялянскага і шляхецкага побыту, рамёстваў, усё ў кветках, усё гарманічна. На падворку экзатычныя жывёлы, рэдкія дрэвы, сажалка, рыбкі.
Нас частавалі гарбатай, кавай, печывам і г.д. Адчувалася, што ўсё ад душы і сэрца гаспадароў.
Закончыўся наш візіт наведваннем сусветна вядомых саляных шахт у мястэчку Вялічкі пад Кракавам. Столькі эмоцый ад убачанага, таксама не пералічыць: там усё выраблена з каменнай солі (галіту)– і храм, і капліцы, галерэі, карціны, помнікі каралям, шахцёрам, знакамітым дзеячам навукі, словам тым, хто спрычыніўся да здабычы Яе Вялікасці Солі, пачынаючы са старажытнасці да нашых дзён.
Нас пастаянна суправаджалі прадстаўнікі Кракаўскага фонда імя Т. Касцюшкі, усе дзяржаўныя музейныя ўстановы мы наведвалі на бясплатнай аснове; харчаванне і пражыванне ў сельскагаспадарчай школе ў м. Малыя Пётркавіцы абышліся па мінімуму.
Нам быў выдзелены камфартабельны аўтобус брэсцкай турыстычнай фірмай “Находка” з ветлівымі вадзіцелямі, за што мы вельмі ўдзячны. Уявіце сабе, што яны развезлі нас дахаты пасля вяртання па ўсяму Брэсту.
Мы ўдзячны таксама кіраўніку нашай дэлегацыі, старшыні Брэсцкага грамадскага гісторыка-культурнага аб’яднання імя Т. Касцюшкі Леаніду Несцярчуку, за цудоўную арганізацыю паездкі і магчымасць убачыць і дакрануцца да сівых муроў Вавеля, помнікаў і гістарычных мясцін Польшчы, знітаваных з жыццём і дзейнасцю знакамітага ўраджэнца Берасцейшчыны, нацыянальнага героя ЗША, Польшчы, Ганаровага грамадзяніна Францыі, увогуле нашага легендарнага земляка – Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі.
Сябра дэлегацыі Сяргей Кавалевіч
Ответить