Культурна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Маяк» наведала з экскурсіяй прадпрыемства «КОМПО» па запрашэнні дырэктара Міхаіла Белавусава. Гэтай падзеі папярэднічала паэтычна-музычная вечарына ў аб’яднанні, дзе Міхаіл Міхайлавіч чытаў свае вершы і гучалі песні на яго словы з удзелам музыканта Iгара Пашэчкі з гурта “Спасение”.
Тое, што ўбачылі ўдзельнікі сустрэчы на прадпрыемстве (а іх было больш за 20 чалавек), уразіла і выклікала шмат пытанняў. Сістэма працы, якая існуе на КОМПО больш чым за дзясятак гадоў, мае дачыненне да “новых тэхналогій” менеджменту – японскага “кайдзэн”. Калі перакласці на беларускую мову, то гэта значыць “бесперапыннае ўдасканаленне”. На КОМПО сістэма кайдзэн была пераасэнсавана і атрымала свае адметныя рысы, характэрныя для менталітэту беларуса. Яны не вельмі адрозніваюцца ад светапогляду і характару японцаў. Гэта стараннасць у выкананні працы, вынаходніцтвы, уменне пераключыца на другую сумежную справу, дабрасумленнасць і гэтак далей.
Кайдзэн дае рост і дабрабыт прадпрыемству без папулярных зараз інвестыцый, якія патрабуюць вялікіх грошай. Кожны дзень, крок за крокам, кожным працаўніком уносяцца прапановы па ўдасканаленні сваёй працы, і гэтыя прапановы затым пераўтвараюцца ў грошы для прадпрыемства і таксама дадаюцца ў заробак працуючага. Мэта кайдзэн – прадрымальнасць без страт. Якасць у гэтай сістэме з’яўляецца часткай працэсу вытворчасці, і таму не трэба ніякага кантролю, які сам ніколі не стварае якасці.
Міхаіл Белавусаў ганарыцца сваім прадпрыемствам, адкрыта і ўсім паказвае здабыткі гэтага шляху. Пры прадпрыемстве працуе школа бізнэсу для тых дырэктараў, хто хоча ўдасканаліць сваю работу. Гэта будзе цікава і для працаўнікоў любога рангу, бо вядзе да дабрабыту кожнага беларуса і на карысць усёй краіны.
Ну і ў псіхалогіі нашай патрэбны “маленькія крокі” з сістэмы кайдзэн, якія стымулююць творчае мысленне і даюць рацыянальныя падыходы ў паводзінах і ў жыцці. Таму Міхаіл Міхайлавіч не толькі знаходзіць час для працы, але і мае час і талент для творчасці, аб чым гаворыць нядаўна надрукаваная кніга вершаў дырэктара.
Сяргей КАВАЛЕВIЧ, удзельнік сустрэчы
Ответить