У жніўні бягучага года па запрашэнні кіраўніка Люблінскай арганізацыі Саюза польскіх пісьменнікаў, галоўнага рэдактара часопіса “Люблін” Збігнева Фрончака наведалі Люблін і Уладаву берасцейскія празаікі Аляксей Філатаў і Павел Ляхновіч. Газета прапануе чытачам матэрыял пра гэту сяброўскую сустрэчу.
Наканавана лёсам
Неяк на пачатку нашай “улюблёнасці ў літаратуру” са студэнтцкіх гадоў светлы мой сябар і паплечнік, найталенавіцейшы беларускі паэт Мікола Купрэеў прамовіў:”Мы, Лёня, людзі ўзнёслага лёсу”. Доўга думалася над гэтай ягонай высновай, ды пакрысе даходзіла.Купрэеў меў на ўвазе наш жыццёвы шлях падранкаў вайны. Смерць ад фашысцкага жалеза нашых родных маці, ласка чужых людзей, што сталі нам роднымі і гадавалі сіротаў у скрутны бясхлебны час, яскарка паэтычнага таленту, дараваная мальцам беларускім, асабліва палескім, небам.
І сёння, “на злёце палёту стралы майго жыцця”, я удзячны гэтаму небу за радасць і пакуту “складаць песні.
Асірацеў я, немаўля-крывічок, на світанні 22-га чэрвеня 1941 года ў валынскім мястэчку Маларыце, куды мы вялікай сям’ёю пераехалі з-пад Віцебска “сеяць” сярод палешукоў “разумнае, добрае, вечнае” адразу пасля 17-га верасня 1939-га года.
Маці маю настаўніцу Фядору Восіпаўну Бугаёву забіла выпадковым нямецкім снарадам. Пасля трагедыі трапіў двухгадовы малы ў сям’ю настаўніка Афанасьева Аляксея Нічыпаравіча з вёскі Ляхаўцы, што тулілася сярод вячыстага валынскага лесу, і, лічы, гадавала мяне прыязнай, сардэчнаю талакою, бо школу спалілі адступаючыя чырвонаармейцы, а ў былога кіроўніка і дырэктара школы акрамя крэйды, алоўка і акуляраў за душою ні капейкі, ні грошыка.
Вёска была спрэс украінска-польскамоўная, у сям’і размаўлялі па—руску. Гаспадар, Аляксей Нічыпаравіч, — настаўнік яшчэ царскага рэальнага вучылішча, польскіх і савецкай школ, гаспадыня, бабуля Сцепаніда Пятроўна – удовая матушка патомных святароў, што пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай былі накіраваны “в Северо-Западный край перековывать рабочее быдло в рабочий скот и прививать ему русский дух”, разумныя, памяркоўныя людзі, не цураліся, разумелі мясцовую гамонку, якую я чамусьці апантана ўспрыняў, не перашкаджалі мне ёю карыстацца, хоць гэта было ім не зусім па душы.
Праз настаўніка да мяне даходзіла руская, польская і украінская літаратура, а праз тубыльцаў – украінска-польскія песні, фальклёр і побытовы ўклад. Напэўна, з шасці гадоў пасля вяртання з канцлагера, калі я пайшоў за прыёмным бацькам у першы клас, ужо самапасам авалодаўшы граматай, мяне паціхеньку, спакваля пачаў знаёміць з геніямі прыгожага пісьма Настаўнік. Пры святле лучыны на посвіці, газавай лямпы, а то і ўпоцемку ў бацькавай бакавушцы гучалі Пушкін і Лермантаў, Някрасаў, Гогаль, Чэхаў, Караленка, нават, мне сёння думаецца, Булгакаў, Біянкі, Тарас Шаўчэнка, Леся Украінка, Іван Франко, Стэпан Руданьскі, Балеслаў Прус, Генрык Сянкевіч, Адам Міцкевіч, Эліза Ажэшка, Максім Багдановіч, Якуб Колас з Янкам Купалам і Кандратам Крапівою, Янка Маўр і Максім Танк. Аляксей Нічыпаравіч ведаў беларускую класіку, паважаў песняроў і часцей за ўсё чамусьці патрукваў сабе пад вус:
Ой, ты дуй, ой, ты дуй,
Пра мяне ты не бядуй.
Як памру, то застануцца
Адны вошы ды калітачка
без грошы…
Сама назва вёскі сведчыць пра яе паходжанне ад палякаў-ляхаў. Да прыходу ў Ляхаўцы “другіх Саветаў” у 45-ым годзе, палякаў было шмат на нашых пакручаных вуліцах і завулках. Немалых памераў хутар Заліўніца спрэс польскі, Наша невялічкая школка мясцілася ў пяцісценку “шляхціца-галоты” Камінскага, а сямья завуча школы Афанасьева, вярнуўшыся з канцлагера, і прысланая “зверху на прарыў” парторг Лешчанка атабарылі “ хароміну” на два коміны яшчэ аднаго паляка — пана Клапатоўскага, якім пан Хрыстус дараваў шчасліва перабрацца праз пан-Буг, крышку далей ад пані-Калымы.
Так, я памятаю ласку і дабро “ляховчаныць”(гэтак чамусьсі клічуць нас у Прырыцкім краі, усе астатнія – “збуражэць”, “пожіжэць”, “луковэць”. А мы – “ляховчаныця”, ды яшчэ і “Ляховэцька торба”). Бо то было дзяцінства, а мы ўсе родам адтуль. Дык яшчэ адтуль, з вайны — маёй равесніцы — я помню нямецкага салдата, які ўратаваў А.Н.Афанасьева ад расстрэлу, і нямецкага афіцэра-доктара з канцлагера Потшыкаў пад Чэнстаховым, які заступіў маю сцяжынку ў газаваю камеру Бжызінкі. Я памятаю палякаў, дарослых і малых, што кармілі нас па дарозе з Потшыкава ў Кракаў. І тройчы помню рускага маладзенькага танкіста, які павярнуў дышаль нашай фурманкі, што вязла нас нах Берлін, пакінуў нам два вешчмяшкі салдацкага “НЗ”, падкінуў мяне тройчы ў неба, падараваў сваю вушанку, у якой я скончыў тэхнікум і інстытут, пажадаў нам шчаслівай дарогі нах Москау. Эх, ці даў Усёмагутны вярнуцца яму самому з-пад Берліна пад рускія бярозы?!.
Не буду ламаць дзідаў і сушыць падношаныя мазгі, бо лепш за непараўнальнага нашага для ўсіх настаўніка Янку Брыля не скажу. “Багатую шматвекавую польскую літаратуру я палюбіў з маленства. Яе чысты, чалавечны свет цудоўна кантраставаў з усім цёмным, нялюдскім, што мы адчувалі не толькі ва ўмовах заходнебеларускага дваццацігоддзя ад далёка не лепшых палякаў, большых і меншых “вінцікаў” санацыйнай машыны сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту…” Карціць дабавіць: і адчуваем яшчэ да сёння ад “радні па духу” тых “вінцікаў” з Усходу.
Вось якое “мудрае, цёплае слова” (Я.Брыль) сказаў пра Беларусь польскі пісьменнік Леан Кручкоўскі: “Я ведаў гэты край раней, чым убачыў яго… Ведаў лепш, больш інтымна, чым мае родныя мясціны – зямлю і неба, душу гэтага краю, фарбы і пахі, душу яго народа… І адначасна, як цяжка было аддзяліць ад гэтых прыгажосці і хваляванняў – тую свядомасць, што з гадамі развівалася ў нас, тыя думкі пра крыўду, якія з пакалення ў пакаленне сеяў тут польскі панок, абшарнік, каланізатар!.. Польская мова, якая знайшла пад Свіцяззю свае найпрыгажэйшыя вершы і найчараўнейшыя вобразы, была на гэтай зямлі разам з тым мовай класавага і сацыянальнага прыгнёту.
Ды чалавечая памяць ахватней захоўвае добрыя, чым дрэнныя ўспаміны…” (Што дабавіць? А нічога. Сцягнуць з лысіны аблавушку ды перахрасціцца направаруч на Усход…).
Звяртаюся ізноў да Івана Антонавіча, які з ўсяе польскае літаратуры хіліўся сэрцам неяк больш да яе Люблінскае школы, заснаванай Балеславам Прусам і Генрыкам Сянкевічам, вылучаў яе поспех—“перш за ўсё—у шчырай чалавечнасці твораў, любові да ўсяго прыгожага, высакароднага, у сардэчнай прыхільнасці да чалавека працы, да людзей прыгнечаных, пакрыўджаных несправядлівым грамадскім ладам…”
Дык вось, сённяшні прадстаўнік гэтай школы, шчыры, сардэчны пісьменнік Збігнеў Володзімеж Фрончак шырока і гасцінна сустрэў нас з Ляхновічам у сваім родным куточку. З большага пазнаёміў з мястам Люблін, які сваімі вуліцамі, палошчамі, скверамі, бульварамі ды помнікамі добра так нагадвае наш родны Мінск. Мажны асілак Фрончак ад двух асілкаў—дубоў, якія ў маладосці сам пасадзіў ля “вытанчанага” помніка паэту – авангардысту, “вытанчанаму” лірыку Юзафу Чаховічу, што трагічна загінуў 9-га верасня 39-га году ў час нямецкага бамбавання, ўласнаручна ўласным аўто павёз нас ва Уладаву, у той трохкутнічак Еўропы, дзе з веку ў век наканавана лёсам жыць ўлакаткі беларусу, паляку і ўкраінцу.
Імчалі шыкоўна дагледжанай дарогаю праз абсалютна палескі пейзаж, слухалі аповяд Фрончака пра Чаховіча, пра тую павагу да 36-гадова творцы ад землякоў, грамадскасці і ўладаў, якія стварылі яму музей, усталявалі літаратурную прэмію яго імя, ўзвялі помнік. Слухаў я і, Божанькі мае, успомніў, што не бачыў Уладаву, гэтае мілае мястэчка, так падобнае калісь на маю Маларыту, — роўна паўвеку.
Але то было ўжо не мястэчка, а сапраўдная място, разоў у дзесяць пераросшае маю Маларытку. Яно сустрэла нас таксама помнікам… Але каму? Жаўнеру-сапёру, што ачысціў чалавечы прытулак ад фашысцкага смертаноснага друзу.
Пан Фрончак у першую чаргу павёў нас на бераг невялічкага тут Буга, каб мы зірнулі на Радзіму, “бо ўжо павінны балі па ёй засумаваць”.
Потым пагутарылі з бурмістрам Уладавы панам Вяславам Мушынскім са “світаю” і нарэшце апынуліся пад апекаю уладавскага творчага “войска” з ягоным “маршалкам” празаікам і паэтам Алдонам Дзяцюлам. Калегі не без гонару паказвалі беларусам свае бібліятэкі, дамы культуры, музеі, кнігарні, уласныя кніжкі, публікацыі і нарэшце павятовы альманах “Усход”.
Пасля адмысловай вячэры ў жонкі пана Дзяцюла Марыі ён “здаў”нас пад нагляд уладавскай лясной службы, якая паслала нам пасцелі хоч і не на “духмяным пракосе”, затое ў шыкоўным лясгасаўскім гатэлі.
І на афіцыйнай вечарыне, і ў прыватных размовах паўсюль панавала польска-беларуска-украінская (калі хто палічыць, штго ва Уладаве не жывуць украінцы, памыліцца) без перакладчыка гутарка пра межы, якіх “у нашых сэрцах няма” (А.Філатаў), і з кожнай братэрскай сустрэчай становіцца ўсё меней, за што нізка кланяемся завадатару апошняй.
Шчыра, шчыра дзякуем пану пісьменніку і рэдактару Фрончаку, які на развітанне моцна паціснуў сваёй дужаю рукою нашы рукі.
— Не стагніце, не ўздыхайце, хлопцы, — бы Купрэеў, скажу па-ляхавецку, крышку “пыкаючы”(заікаючыся), прамовіў нам на дарогу дамоў наш безумоўны “друг, товарішч і брат”. — Сапраўдны паэт глядзіць ў стагоддзі…
Беларусь, твой народ дачакаецца
Залацістага, яснага дня.
Паглядзі, як усход разгараецца,
Сколькі ў хмарах залётных агня…
— Як Бога кохам, веру Багдановічу!..”
А мы Вам товажышы, сябры, друзі і друзья!..
Зьбігнеў Уладзімеж ФРОНЧАК
Лытка, язык, Львоў
Як жа па-рознаму праяўляецца жаночая страснасьць!
Клеменс Чапля – народны мысьляр зь Вільчырога
1
Кепуру* у Вроцлаве жанчына ўкусіла за лытку!
За лыткі звычайна кусаюць сабакі – п’яніц і валацугаў, паштароў і камінараў, мужчын і кабет.
Да нагі артыста дабрацца нялёгка! Тая, у Вроцлаве, павінна была ўзьдзерціся на сцэну, упасьці на дошкі эстрады і паўзьці да яго ног! Ён яе бачыў, мог адштурхнуць, адсунуць, яго згубіла – я думаю – пыха! Хацеў мець яе ля сваіх ступакоў! Глядзець, як зьлізвае пыл зь яго чаравікаў, якія, калі ён сьпявае, хочуць цалаваць усе брунэткі і бландынкі. Гэтую ён недаацаніў.
Яна ж нечакана з паклоньніцы ператварылася ў вампіра і загнала свае маладыя, белыя зубы ў ягоную моцную лытку, і сык болю загучаў новым прыпевам.
2
Ян Пюра, вясковы лекар з апатаўскага павету, прыняў 1000 родаў, склаў 500 зламаных рук, 300 ног і зашыў адзін язык. Лясьнічага! Перад гэтым язык апынуўся між вуснамі вастразубай Эдыткі. Я згадваю пра яе зь сімпатыяй. Калі б не яе страснасьць, сьпіс посьпехаў доктара Пюра ня меў бы гэткага эфектнага водару.
3
Кабет ня варта асьцерагацца! – казаў Ян Земскі, самы лепшы адвакат у перадваенным Краснымставе**. Заўжды вытанчаны, прыязны, у цудоўным капелюшы. Усьміхаўся краснастаўскім дзяўчынкам, вучаніцам, галантна кланяўся іхным настаўніцам, цалаваў ручкі ўсіх бабуль і цётак. А да дзяўчат езьдзіў у Львоў. Асабліва цаніў армянак. Яны маюць самы гарачы ў сьвеце тэмперамент***. Армянак жа марна было шукаць у самой Варшаве, ня кажучы ўжо пра недалёкі ад Краснагаставу Люблін. Я думаў пра гэта цудоўнай восеньню 2013 году, калі і я паехаў паспытаць мёду на львоўскай вуліцы Армянскай.
*Ян Кепура (1902-1966) – польскі сьпявак (тэнар) і акцёр. Набыў міжнародную славу, у Польшчы небывалую папулярнасьць яму забясьпечыў (выконваемы і зараз) шлягер:
Брунэткі і бландынкі
Я ўсіх вас, дзяўчынкі
Зацалаваць хачу!
**Красныстаў – прыгожае павятовае мястэчка на рацэ з удзячнай назвай Вепж, на паўдарогі паміж Львовам і Варшавай. Там ніколі не бракавала прыгожых, гордых і адважных кабет. Адной зь іх, па-імені Рыфка, я шмат гадоў таму прысьвяціў апавяданьне “Антыгона з Краснагаставу”.
***Пад уражаньнем тэмпераменту армянак быў таксама Тадэвуш Бой-Жаленскі – паэт, перакладчык французскай літаратуры, лекар, сатырык і бабнік. Пра іх зачараваньні, вабноты і тэмперамент згадваў у сваіх творах. Бой скончыў сваё жыцьцё ў Львове. Калі стаяў перад растрэльным зьвязам, ва ўнутранай кішэні пінжака меў фатаграфію маладзенькай армянскай паэткі Ганны Багасевіч. Куля, выпушчаная нямецкім жаўнерам, прыбіла тую фатаграфію да яго сэрца.
Ответить