Сёлета, бадай, самую прэстыжную літаратурную прэмію ў Беларусі, «беларускага Букера», за найлепшую беларускую празаічную кнігу атрымаў раман «Завяршыць гештальт» нашага земляка Макса Шчура. З гэтай нагоды з ім пагутарыў Уладзімір Глазаў.
— Макс, ці чакаў ты, што цябе – чалавека, які ўжо досыць доўга жыве за мяжой і рэдка друкуецца ў Беларусі, – адзначаць падобнай узнагародай?
— Зусім не. Тым болей я рады, што мяне заўважылі. Па-першае, гэта выдатна, што прэмію атрымала кніга аўтара не з Мінску – у сталічных колах часам забываюць пра пісьменнікаў з правінцыі. Па-другое, я рады, што ўзнагародзілі аўтара з-за мяжы, бо шмат нашых суайчыннікаў з’ехала з краіны, у тым ліку людзей творчых, і пра гэты факт асабліва згадваць не любяць. Ну і па-трэцяе, бадай, мне прыемна, што быў прэміяваны раман, які шмат у чым анты-літаратурны, крытычны і нават парадыйны ў дачыненні да той празаічнай прадукцыі, што ўзнікае ў нас апошнім часам.
— Так, крытык Ціхан Чарнякевіч назваў твой раман «нефарматным»…
— У нас, за рэдкімі выключэннямі, ствараецца багата «фарматнай», то бок досыць канвенцыйнай белетрыстыкі, якая фармуе так званага масавага чытача. Праз папулярную літаратуру, напэўна, імкнуцца стварыць «популюс», народ, але замест ніцшавай «арыстакратыі духу» выходзіць, па-мойму, хутчэй такі прэтэнцыёзны плебс. Вядома, я магу памыляцца, але мне на адлегласці так здаецца. Я не асабліва люблю пісаць тлустыя кнігі, пагатоў у такім спрафанізаваным сёння жанры як раман, бо гэта ўсё-ткі цяжкая праца і адмысловы кшталт «служэння» чытачу, але ў гэтым выпадку сама тэма прадыктавала мне форму. Мой «псеўдараман з фатаздымкамі» стылізаваны пад папулярныя сёння падарожныя нататкі галоўнага героя, які, так бы мовіць, выдае сябе за мяне – карыстаецца маім імем і г.д. Аднак замест ухвальнага «гімна Жыццю» з ягоных вуснаў гучыць нешта супрацьлеглае. Сам па сабе раман бессюжэтны, але для аматараў інтрыгі ў ім ёсць сюжэтныя, дыялагічныя ўстаўкі, якія даюць чытачу перавесці дых між маналогамі апавядальніка. Іншымі словамі, я карыстаюся распаўсюджанымі цяпер прыёмамі, але падпарадкоўваю іх іншай задачы.
— Ты мог бы ў некалькіх словах акрэсліць, груба кажучы, «пра што» твой раман?
— Груба… Калі б я быў Міланам Кундэрам, я, напэўна, назваў бы яго «Расчараванне» – бо ён сапраўды пра расчараванне Еўропай, светам і не ў апошнюю чаргу самім сабой. Дапускаю, што і частку чытачоў ён таксама расчаруе, але на ўсеагульную любоў я як аўтар не прэтэндую.
— Я так разумею, што ты расчараваны ў тым ліку большасцю айчыннай «празаічнай прадукцыі». На каго ты сам арыентуешся ў пісьме, хто твае ўлюбёныя аўтары?
— Урэшце нехта мяне пра гэта спытаўся! У свой час на мяне асабліва ўплывалі аргентынцы Картасар і Борхэс, сёння гэта, напэўна – Сэлін, Гамбровіч, Бэрнхард, Букоўскі, Мілер; з беларусаў – Віктар Вальтар, Максім Гарэцкі… Магчыма, гэта дзіўнае спалучэнне, але ўсё гэта аўтары, якім удалося стварыць на пісьме свой пазнавальны асабісты стыль, больш таго: сваю мову, што значыць – свой адметны свет, а гэта ўдаецца далёка ня кожнаму. Наагул, я больш чытаю аўтараў «правераных часам», чым сучасных.
— Дзе нам, паспалітым чытачам, можна знайсці твае кнігі? Для гэтага абавязкова ехаць у Мінск? Ці, можа, нават у Прагу?
— Неабавязкова. Раней, сапраўды, асобныя выданні былі толькі ў мінскай «Кнігарні Ў», але не так даўно з’явілася беларуская «Электронная кнігарня», што публікуе кнігі ў электронных фарматах, і цяпер я супрацоўнічаю з ёю, http://kniharnia.by/authors/maks-shchur/ . Я лічу, што пры тых няпростых умовах, у якіх знаходзіцца сёння беларускае кнігадрукаванне, электронная публікацыя – самы эканомны, дэмакратычны і практычны шлях ад аўтараў да чытачоў. Можаце мне паверыць як бібліяфілу. Пры ўсёй сваёй любові да класічных кніг, я адным з першых пачаў публікавацца ў байнэце, калі ў 2003 годзе стварыў сайт «Невідочнае места», якога сёння ўжо не існуе. Затое цяпер мы з сябрамі-калегамі, як ты пэўна ведаешь, ўжо тры гады ствараем часопіс «ЛітРАЖ» http://www.litrazh.org/ , дзе публікуем творы і пераклады, свае і іншых аўтараў, прычым на трох мовах – беларускай, рускай, украінскай.
— З увагі на сітуацыю з беларускім кніжным рынкам і на тое, што ты валодаеш замежнымі мовамі – ці не было ў цябе жадання, так бы мовіць, «усё кінуць» і пачаць пісаць па-чэшску, па-іспанску, ці нават чаму б і не па-руску? Можа быць, цяпер, калі ў беларускай літаратуры табе ўжо «няма да чаго імкнуцца», паспрабуеш?
— Перадусім, я ўжо спрабаваў пісаць, прынамсі, па-чэшску: у мяне тут выйшла кнігай невялічкая аповесць «Культуртрэгер», якая ў адной анкеце нават трапіла ў трынаццатку найлепшых кніг 2013 году. І па-чэшску я ў прынцыпе пішу рэгулярна, для часопісу праскіх сюррэалістаў «Аналогон», але сюррэалізм – гэта не зусім літаратура… Галоўная «загваздка» тут у тым, што я ўсё-ткі разглядаю сябе перадусім як паэта, а паэту досыць цяжка пераходзіць з адной мовы на другую, бо вершы паводле сваёй прыроды пішуцца «для сябе», і пісаць іх на іншай мове, то бок не па-беларуску, было б у маім выпадку няшчыра і дзіўна. Таму пісаць на іншых мовах я магу хіба што прозу, дый тое ў якасці выключэння. А наконт «імкнуцца» – шкада людзей, якія пішуць дзеля ўзнагародаў і поспеху, а не дзеля таго, каб паведаміць нешта сапраўды істотнае «пра час і сябе» – пры ўмове, што ім ёсьць што паведаміць.
— Як толькі чалавек робіцца публічнай асобай, няхай нават у мінімальнай ступені, яму тут жа пачынаюць задаваць пытанні асабістага характару. Ведаючы, што ты іх не любіш, я тым не менш рызыкну пацікавіцца: калі мы можам чакаць цябе ў Беларусі?
— Для мяне самога гэта пакуль загадка, але я ведаю, што вельмі хацеў бы ў будучыні заехаць у родны горад, наведаць сваякоў, сяброў, былых аднакласнікаў, настаўнікаў. Карыстаючыся нагодай, хачу падзякаваць менавіта ім, і перадусім настаўніцам моваў: беларускай – Алене Ўладзіміраўне Малейчук, іспанскай – Валянціне Ўладзіміраўне Іванчук, рускай – Святлане Барысаўне Сіяновіч. Адным з першых мяне яшчэ ў 1989 годзе заўважыў спадар Мікола Пракаповіч, цудоўны брэсцкі паэт, і я хацеў бы перадаць яму прывітанне праз вашу газету, падзякаваць за ўсё, што ён для мяне зрабіў, пажадаць яму здароўя і плённай далейшай творчасці. І яшчэ дазвольце мне выказаць падзяку за маральную падтрымку літаратуразнаўцы Алене Вальчук, якая таксама нарадзілася ў нашым горадзе і вучылася са мной у адной школе – без яе сяброўства мне нашмат цяжэй было б працягваць свой раман-змаганне з літаратурай.
Ответить