Томас Файбэль прачытаў раздзелы са сваёй апошняй кнігі пра электронныя авантуры нямецкіх школьнікаў
“Фабула кнігі, як практычна ўсё, напісанае мной, узята з рэальнага жыцця, – патлумачыў прысутным васьмікласнікам школы №7 з пашыраным вывучэннем нямецкай мовы аўтар. – Траіх школьніц з зямлі Гесэн хацелі вытурыць са школы за тое, што яны з дапамогай смартфонаў здымалі ў школе нейкую фантасмагорыю. Вось гэтая гісторыя і была зачэпкай”.
У кнізе “Пастаў мне падабайку – кожны клік ідзе ў залік” (“Like me – jeder Klick zählt”) дзяўчынка закахалася ў хлапца і, каб звярнуць на сябе ўвагу, пераступіла забарону на смартфоны ў школе і зняла кліп, які прынёс ёй праз ноч сотні “сяброў” у сацыяльнай сетцы. Потым яна рызыкнула на пастановачны жарт з настаўнікамі па-за школай. Паколькі яна далёка не была пачваркаю – пагляднаю была дзяўчынкай, – і хлапец загарэўся ёю наўзаем ды паспрабаваў выкрасці яе смартфон, які нейкім лёсам трапіў у сакратарыят школы.
Гэтыя прыгоды вакол мабільнікаў і кліпаў бацька двух дачок школьнага веку апісаў на паперы. “Мае дзяўчаты былі экспертамі. А паколькі гэта адказна, і калі ўжо інфармацыя ўсюды каштуе, то я мусіў плаціць, і плаціць многа”, – крыху гаротна прызнаўся дзецям Томас Файбэль.
Акурат дзве дзяўчынкі добра-такі дапамаглі нямецкаму госцю ў Цэнтры нямецкай мовы школы №7. Выйшлі і пачыталі адзін з раздзелаў яго кнігі дуэтам. Чым ажывілі падпанікшую было аўдыторыю. Мелі на свой выступ маральнае права – да таго прачыталі кнігу цалкам. І не толькі маральнае. Як германіст, сведчу: вымаўленне вельмі ўцямная, чытанне сведчыла пра поўнае разуменне.
На маё пытанне, чаму напісаў на паперы, а не зрабіў больш сугучную падзеям электронную версію, аўтар адказаў, што папяровыя кнігі ў Германіі яшчэ чытаюць. “Я цяпер збольшага з літаратурнай працы жыву, з чытанняў. Журналісцкая праца аплачваецца ўсё менш”. Але і пісьменніцкі хлеб не цукар. “Прадастаўляеш у выдавецтва праект кнігі. Была гісторыя тваіх папярэдніх кніг станоўчая, спадабаўся праект выдаўцам – могуць прафінансаваць выданне”.
Спадар Файбэль меў чытанне згаданай кнігі ў Мінску. У Брэсце другая сустрэча з беларускім чытачом. “Сталіца ёсць сталіца. Там меў больш пытанняў па кнізе, аўдыторыя была больш сталая. Меў часу таксама прайсціся, паглядзець горад. Тут пакуль з колаў у клас. Потым абяцалі паказаць Брэсцкую крэпасць”.
Акрамя чытанняў у Аўстрыі, нямецкамоўнай Швейцарыі, спадар Файбэль паказваў свае кнігі ў Англіі. Беларусь — гэта яго другі досвед краіны з іншай, чым нямецкая, мовай. У Германіі яго творчасць адзначана адмысловай бібліятэчнай прэміяй.
Са словаў Томаса Файбэля, на 10-ы Тыдзень нямецкай мовы і культуры ў Брэст запрасілі менавіта яго з ініцыятывы Карын Краўс. Спадарыня Краўс патлумачыла, што ў школьнікаў, якія бралі ўдзел у чытанні, чытаная кніга ўваходзіць у праграму навучання нямецкай мове. “Акрамя гэтай, маем у бібліятэцы яшчэ дэтэктыў Файбэля “Памылковы мэйл” (“black mail”)”.
Яўген БЯЛАСІН (фота аўтара)
Ответить