Пуд мёду атрымаў Мікола Сянкевіч. Уручэнне прыпала на пасяджэнне абласной Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў у нядзелю 26-га лютага.
“Паколькі сёлета Рада прамаўчала, то вырашыў сам аддаць Сянкевічу, за сумарны ўнёсак у літаратуру і ў сувязі з юбілеем”, – пракаментаваў фундатар прэміі, паэт-пчаляр Мікола Папека. І, нядоўга думаючы, агучыў чарговую папекаўку: “І як магчымаму прапраўнуку класіка-Нобелеўскага лаўрэата.”
Такім чынам, міжнародная з 2013 года прэмія (лаўрэаткай стала паэтка з Валыні Ніна Горык) сёлета не пакіне межаў рэгіёна. Агулам спадар Папека выдаў літаратарам 256 кілаграмаў мёду (16 разоў па 16 кг).
Будзённая звычайна праца Рады праз Мядовую прэмію і Сянкевічаў юбілей дадаткова была аздоблена чытаннем вершаў і песнямі ды жартамі.
Хоць жыццё паставіла пытанне больш сур’ёзна. Як вядома, Міністэрства культуры прыняло скандальнае рашэнне не ўключаць СБП у спіс творчых арганізацый. Там манапольна прапісалі афіцыйны Саюз пісьменнікаў Беларусі. Тым самым, усе блізу паўтысячы літаратараў афіцыйна зарэгістраванага грамадскага аб’яднання, якім ёсць СБП, аўтаматычна былі ўкінутыя ў рызыку апынуцца сярод “дармаедаў”, следам за амаль паўмільёнам беларусаў. Да часу тут будзе нагадаць: калі ў 2005 годзе ўтваралі афіцыйны Саюз пісьменнікаў Беларусі, на літаратараў аказваўся ціск па месцы працы з настойлівай прапановай перайсці ў дазволеныя шэрагі, “а то…”. З некаторымі, хто не паслухаўся, паквіталіся, некаторым паабяцалі прыпомніць. І акурат у нядзелю ў Берасці нелітаратурныя “дармаеды” не вытрывалі і пайшлі маршам. Прычым, як сведчылі рэпартажы онлайн у рэжыме рэальнага часу, даволі шматсоценна.
Рада вырашыла адрэагаваць адэкватна. Маўляў, чыноўнікі ў чарговы раз сапсавалі паветра. А ў такім разе, як водзіцца сярод цывілізаваных людзей, робім выгляд, што не заўважылі, але далей пабачым. Было вырашана пацвердзіць вылучэнне на прэмію імя Уладзіміра Калесніка твораў арганізаваных у СБП берасцейскіх літаратараў, зробленае папярэдняй Радай, і прапанаваць мясцовым уладам шэраг мер дзеля паляпшэння, а то і ўратавання статусу і прэстыжу літаратуры, культуры, беларускай мовы.
Таксама абмеркавалі ўдзел у чарговым справаздачна-выбарчым з’ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў, які адбудзецца ў Мінску 4-га сакавіка.
Яўген БЯЛАСІН
(фота аўтара)
Ответить