У Брэсце прадставілі кнігу-біяграму праваслаўнага святара, выдадзеную беларусамі Польшчы. Матывы яго жыцця чытаюцца і ў шматгадовым ужо чыне ксяндза з Чарнаўчыцаў.
Новая кніга Дарафея Фіёніка
29 сакавіка ў абласной бібліятэцы дырэктар прыватнага Музея малой Радзімы ў Студзіводах (Польшча) Дарафей Фіёнік прэзентаваў кнігу “Айцец Канстанцін Байко. Багаслоў, настаўнік, лекар”. Як заўважыў вядоўца прэзентацыі прафесар Аляксандр Вабішчэвіч, кніга выйшла гістарычнай, бо ў ёй расчытваецца не толькі асабісты лёс, але і найноўшая гісторыя Польшчы і Беларусі.
Дарафей Фіёнік і яго кніга-біяграма
Народжаны ў 1909 годзе, айцец Канстанцін Байко адпраўляў духоўную службу ў многіх храмах – геаграфія іх палягае ад Уроцлава да Нясвіжа. Быў рукапаложаны на святара ў 1930-я, асабліва неспрыяльныя для рэлігіі. У Польшчы, як вядома, прэваліруе рыма-каталіцкая канфесія, касцёл.“Забіралі праваслаўныя храмы, пад маркай таго, што былі раней уніяцкія, а значыць, рымскія, – распавядаў, каментуючы той час, спадар Фіёнік. – Пры Саветах уціскалі рэлігію ўсяляк. Але былі і моманты дзіўнай нейкай адлігі. Прыкладам, у 1956, пасля звароту з варкуцінскіх шахтаў на тэрыторыю Польшчы, айцец Канстанцін зноў, пакуль быў дазвол, выкладаў у школах Закон Божы. Вярнуўся, тым самым, да звыклай сваёй настаўніцкай працы, якую вёў да вайны. Мая маці яго вучаніца, а было тых вучняў у яго на год каля семісот”.
Агучаная была нагрузка айца Канстанціна: 42 урокі ў тыдзень, 7 у дзень. “Выкладаў ён свой прадмет па-беларуску, былі тады падручнікі вядомага віленскага багаслова Паўловіча. Іншым разам і а 19-й увечары ставілі заняткі, – калі зборная група была, з розных школ”, – спаслаўся на ўспаміны маці Дарафей Фіёнік.
“Трапіў айцец Канстанцін у няміласць да савецкай улады яшчэ ў міжваенны час, – паведаміў прысутным студэнтам-гісторыкам і гасцям бібліятэкі Аляксандр Вабішчэвіч. – Пасля 1939 года на рэлігійныя прыходы ў аб’яднанай Беларусі навесілі велізарныя падаткі. Нясвіжская царква, дзе адпраўляў службу айцец Канстанцін, мусіла сплаціць каля 10 тысяч рублёў падаткаў. А ўвесь гадавы даход парафіі складаў 1800. Дык вернікі сабралі каля паловы, а святар напісаў уладам скаргу, маўляў, непад’ёмныя падатакі. Тыя адрэагавалі. Айца Канстанціна арыштавалі. Падвешвалі за нагрудны крыж, білі, здзекваліся”.
Бачым: калі меркаваць па біблейнаму “Па пладах іх…”, то палітыка Саветаў была ўцямная, як гырканне і ўкус байцовага сабакі. Вядоўца прывёў такую статыстыку: перад вайной на тэрыторыі БССР легальна дзейнічаў толькі адзін праваслаўны прыход – у Оршы. А ў Польшчы праваслаўных прыходаў налічвалася каля дзвюх тысяч.
Далей на прэзентацыі абмяркоўвалі гістарычны фон. У выніку вайны краіна-пераможца Беларусь панесла тэрытарыяльныя страты. У тым ліку і з боку Польшчы адкрэслілі ад яе ладны кавалак. Жыхароў перасялілі: палякаў у пабольшалую Польшчу, беларусаў у паменшалую Беларусь. Ды з адкрэсленых да Польшчы этнічна беларускіх земляў мала хто паехаў у той савецкі рай. Прычына вядомая: дурная і падступная слава савецкіх парадкаў. У Польшчы засталіся аўтакефальныя праваслаўныя прыходы – падпарадкоўваліся толькі Візантыі. Савецкія прымальнікі рашэнняў захацелі перападпарадкаваць іх Маскоўскаму патрыярхату. Але наткнуліся на супраціў. Адной з ключавых яго фігур быў айцец Канстанцін. Яго выкралі спецслужбы, перавезлі ў БССР, кінулі ў Гродзенскую турму. Асудзілі на 10 гадоў катаргі, саслалі ў Варкуту.
“У маёй роднай вёсцы, дзе цяпер засталіся толькі адна старэнькая жанчына і адзін сабака, пры ўсім невялікім яе памеры была царква, – падзяліўся прафесар фізікі Тэхнічнага ўніверсітэта Анатоль Гладышчук. – У Харкаве, дзе быў студэнтам, не трэба было мне вучыцца, што ў якой руцэ трымаць пры людзях за сталом, – усё пераняў у нашага вясковага святара. І ў вайну нашу вёску не спалілі. Бацюшка па-нямецку тлумачыў афіцэру, што людзі аруць поле, кормяць жывёлу. Дзеці ў школку ходзяць. І разам з тым ляжаў у бабці ў хаце паранены партызан. Паказваў ёй пятліцу – на ёй генерал-маёрскія знакі. Камандзір злучэння. Ніхто не данёс“.
Падкрэсліваў тэзіс інтэлігентнасці святароў і доктар гістарычных навук Аляксандр Вабішчэвіч: “Канстанцін Байко ведаў польскую, украінскую, англійскую, французскую, румынскую, старагрэчаскую… якую яшчэ?” Налічылі дзесяць замежных моў. Працу Дарафея Фіёніка вядоўца адзначыў асобна: “Кніга навукова-папулярная, чытаецца як мастацкая літаратура, і разам з тым педантычна акуратная ў падачы крыніц інфармацыі. Нават на подпісах фота гэта ёсць”. І наўпростава парэкамендаваў яе будучым спецыялістам гісторыі.
Кніга і інш з Чарнаўчыц
Некаторыя моманты імпрэзы асабліва схілялі да рэфлексіі. Згадалася адна з размоў з чарнаўчыцкім ксяндзом Паўлам. “Ойча Павал” завіце мяне, – казаў ён, паказваючы старую-старую кніжку. Шрыфт – лацініца. Але словы беларускія. “BOZAE SLOVA. Lekcyi, Evangelii i Pramovy na Niadzeli i Sviaty” . Уверсе на імпрэсуме імя аўтара. KS.AD. STANKIEVIC – ксёндз Адам Станкевіч. Таксама з Вільні. З беларускай яшчэ, толькі пад Польшчай – 1938 год. Музейны рарытэт. “Іншым разам у імшы ўжываю”, – каментаваў святар з Чарнаўчыцаў. Потым, са стрыманым гонарам, падвёў да яшчэ аднаго рарытэта. Апранаха. Строй выглядае на шыкоўны, для святаў, гісторыяй патыхае, сярэднія вякі няйначай. “Арнат, службу служЫць. Дасталося мне, людзі перахоўвалі”. Прыглядаюся – тканыя з тоўстых каляровых нітак арнаменты, выглядае на нешта знаёмае. “Са слуцкіх паясоў сшыта, ямУ невядома колькі гадоў. Таксама часам на святы апранаю”, – зазначыў ойча Павал.
Кніга-рарытэт ксяндза Паўла
Дзіўна было б, каб у такім старым храме – Троіцкі касцёл з ХVI стагоддзя! – не было сваіх таямніцаў, прывідаў і нават шкілетаў у шафе. Добра не тое, што яны ёсць і нават раз-пораз матэрыялізуюцца – добра тое, што мой суразмоўца гэта захоўвае. Поруч са сваёй вялікай і руплівай, наколькі мне вядома, дабрачыннай дзейнасцю, скіраванай на дапамогу асабліва бедным, нямоглым, сацыяльна неўладкаваным.
І яшчэ згадалася фатаграфія, на якой два ксяндзы сякуць дровы. Адзін з іх акурат ойча Павал. “У поце аблічча!!”. Наколькі вялікі кантраст з тлустымі саміведаецекім на нямецкіх як-ніяк “мерседэсах”. “… пілі прыхавана віно, а людзям ваду выслаўлялі” – нічога не памянялася з часоў Гайнэ!
Ну ды гэта быў, збольшага, лірык – нямецкі Янка Купала. Прыйшоў час згадаць і нямецкага Якуба Коласа – эпіка і філосафа. Яшчэ ў савецкія скразнякова-атэістычныя часы лавіў сябе не аднойчы на думцы: каб духоўна не здула, трэба за штось трымацца, за нейкую веру. Услед за Гётэ, творчасць якога ў сілу спецыфікі будучай прафесіі даводзілася ўзмоцнена штудзіраваць, прымяркоўваўся да пантэізму, веры ў першынства сіл прыроды. А што! Вельмі беларускі светапогляд. Беларусы ж дзеці прыроды, яны яе тут не насмерць яшчэ забілі, як шмат дзе ў цывілізаваным, нават, свеце.
У касцёл або царкву, у іншы які храм заходжу час ад часу. Добрае месца для роздуму, калі-нікалі. Тут дыхае гісторыя. З верай стаялі тут нашы продкі. Але ідэю выкладаць Закон Божы ў школе – лічу экстрэмісцкай. Вера гэта занадта інтымнае пачуццё, каб навязваць яе, пагатоў несвядомым яшчэ, не абазнаным у жыцці людзям. Ды і каго-кольвечы абавязваць да веры – хоць наўпрост, хоць ускосна – гэта сярэднявечча нейкае. Лічу, трэба людзям пакінуць свабоду выбару. З другога боку, выбар суцэльнага нявер’я, раскілзанай свабоды рабіць што вецер у галаву прынясе, – гэта, мяркую, не менш небяспечна за рэлігійны фундаменталізм. А пасярэдзіне гэтых двух крайнасцяў знаходзяцца, лучаць, а не разлучаюць людзей агульначалавечыя каштоўнасці, такія як дабрата, людскасць, цярпімасць, інтэлігентнасць.
Чаму аб’яднаў у гэтым артыкуле людзей і з’явы, розныя ў прасторы, часе, геаграфіі, канфесійным вымярэнні?
Вельмі люблю Беларусь. Калі вы не ведаеце – гэта рай на зямлі. І тут спрадвеку на кожнай цэнтральнай плошчы гарадоў, а і малых мястэчак –царква і касцёл. А на выездзе крыжы. Тыя, да якіх падвозяць, калі вязуць у апошні шлях. Перад якімі спыняюцца на хвіліну. Часта іх два, у адным месцы, – праваслаўны з дзвюмя перакладзінамі, і каталіцкі, з адной. І яны ў адной агароджы. Гэты відзеж як архітэктурную мадэль для артыкула літаратурна-мастакоўская нейкая інтуіцыя падказала. Па-мойму, дастаткова роднасна выйшла, са мной улучна.
Яўген БЯЛАСІН, Брэст (фота аўтара)
Ответить