Пачалася штогадовая акцыя АПБ па складанні «Салаўінай карты». А 19-21 мая запрашаем на экскурсіі з арнітолагам!
Фота — П. Аляксеяў
Май, нават з такім надвор’ем – час слухаць спевы птушак! Пачалася самая мілагучная «салаўіная» акцыя АПБ: штогод арнітолагі запрашаюць на экскурсіі на салаўёў, а таксама заклікаюць усіх жадаючых складаць разам «Салаўіную карту». Удзельнічаць можа кожны!
Што такое «Салаўіная карта»?
«Салаўіная карта» – унікальны праект, дзе кожны жыхар нашай краіны, які цікавіцца прыродай і любіць птушак, можа стаць адным са складальнікаў адмысловай карты.
Як гэта працуе?
Калі вы пачулі спевы салаўя – адзначце месца на карце. Такім чынам мы разам зможам падлічыць птушак! А яшчэ вашыя назіранні – добрая падказка для іншых людзей і адказ на пытанне «куды пайсці паслухаць салаўя?». Шукаеце салаўінае месца на карце – і наперад правяраць, ці ёсць там птушка.
Якія месцы можна адзначаць?
Не гледзячы на тое, што адразу на старонцы вы бачыце карту Мінска, адзначыць салаўя вы можаце ў любым куточку нашай краіны. Для гэтага трэба знайсці свой горад ці мястэчка і перанесці чырвоны маркер у кропку, дзе вы чулі салаўя. Такі фармат удзелу дае не толькі магчымасць самастойна ўносіць свае дадзеныя, але і бачыць на карце месца, дзе салаўі ўжо спяваюць.
Калі можна пачуць салаўя?
Гэтыя птушкі спяваюць на працягу мая і ў пачатку чэрвеня. Адзінкавых асобін можна пачуць да сярэдзіны чэрвеня. Таму спяшайцеся паслухаць гэтых гучных птушачак і адзначыць на карце горада «сваіх» салаўёў! Заходзьце на адмысловую старонку на нашым сайце і дадавайце свае назіранні. Звыш 200 салаўіных кропак з’явіліся па ўсёй Беларусі ў мінулым годзе. Будзьце ўважлівымі – мажліва ваш горад самы салаўіны ў краіне?
Зробім Беларусь салаўінай!
А дзе спяваюць вашы салаўі?
Калі вам патрэбна дапамога – запрашаем вызначаць салаўёў разам на экскурсіях! Разам з гідам-арнітолагам патрапім на сапраўдны салаўіны канцэрт, даведаемся цікавыя факты з жыцця выдатнага выканаўцы. Не застануцца без увагі і астатнія птушыныя жыхары парка.
Куды выправіцца паслухаць салаўя ў кампаніі арнітолага?
У гэтым годзе месцамі экскурсій у Мінску абраныя Севастопальскі парк, Лошыцкі парк, парк Перамогі.
- 19 мая 19:30 —парк Перамогі
- 20 мая 19:30 — Лошыцкі парк
- 21 мая 19:30 — Севастопальскі парк
Пачатак — 19:30. Колькасць удзельнікаў абмежаваная, таму абавязкова патрэбен папярэдні запіс.
Запіс пачнецца з 15 мая. Запісацца на экскурсіі магчыма па тэлефонах (+375 17) 369 76 13, (+375 29) 223 06 13, (+375 29) 101 68 87 (тэлефанаваць с 9 да 17 гадзін). Па тэлефоне вам скажуць дакладнае месца сустрэчы.
У прадчуванні экскурсій раім выправіцца на пошукі салаўя ў сваім горадзе — ягоную меладычную песню проста пазнаць і амаль немагчыма зблытаць з іншымі птушкамі.
Абавязкова падзяліцеся назіраннем на Салаўінай карце, каб вашыя суседзі таксама маглі патрапіць на салаўіны канцэрт!
Паводле інфармацыі АПБ
Ответить