У аграсядзібе “Стулы”, што знаходзіцца ў вёсцы Стойлы Пружанскага раёна, адбылася прэмьера п’есы пра аўтара “драўлянага народа” Міколу Тарасюка. Батлеечны спектакль напісаў паэт Мікола Пракаповіч, паставілі грамадскае аб’яднанне аматараў мастацтваў “Тур” і гаспадары сядзібы Аляксандр і Ларыса Быцко. Скразная яго тэма: як уратаваць ад небыці нашы вёскі.
У амаль абязлюдзелую вёску ў суботу 13 траўня з’ехалася з паўста цікаўных з Пружан, Камянца, Брэста, Мінска і нават з Польшчы. Маштаб задумы, як і маштаб дзейнасці, адчуваўся. Усюды сляды-напамінкі пра спачылага два гады таму самадзейнага народнага майстра. На лаўцы каля выразанага ім крыжа, паміж вёскай і ягоным хутарком, сядзіць сам дзед Мікола – вобраза і падабенства яго ў 83 гады, калі ён за паўгода да смерці прадказаў, што “пузвав мэні Бог”.
Майстры-рэзчыкі з грамадскага аб’яднання “Тур”, найперш Анатоль Туркоў і Уладзімір Чыквін, пастараліся і дзеля батлейкі. Адмысловую, у два паверхі, “скрыню” (так называецца корпус сцэны для лялек) выразаў разьбяр з вёскі Барысава Кобрынскага раёна Вячаслаў Дароцька. Дарэчы, калі нейкі неафіт або падлеглы ўплыву ваеннага псіхозу думае, што батлейка ад англійскага слова “battle“, то не. Так просты народ – іншы яго падвід – пераўвасобіў мудрагелістае біблейскае “Віфлеем”.
Батлейка як найлепш кладзецца да паказу наробку і філасофіі Міколы Тарасюка. Сфармавалася яна пад многімі ўладамі, нямірна, у поўнай супярэчнасці з сялянскай цягай да працы на зямлі і спажывання яе пладоў і дабротаў. У выніку, вёскі ў нас збольшага вымерлі, нашчадкі сялян спрэс перасяліліся ў гарады або нават у іншыя краіны. Адбылося тое, чаго баяўся Тарасюк. Варта ў зробленым ім самім музеі “Успаміны Бацькаўшчыны” агледзець яго лялькі, найперш футбаліста з мячыкам і вусатага аратага за ягонай спіной, з подпісам “Як памянялі зямлю-карміцельку на мячыка. Лягчэй мячыка качаць, чым зямлю араць”.
“Рэпеціравалі мы “Прытулак памяці” спачатку дома, у брэсцкай кватэры, – распавяла пасля спектакля Ларыса Быцко. – Было няпроста. Мы ж не прафесійныя артысты, на працу хадзіць трэба”.
Спектакль атрымаўся мнагапланавы. Там і выслоўі самога Тарасюка, прыкладам: “шоб була наша Беларусь, шоб мужычок не быв на чужым хлебовы, шоб свуй мог заробыть”. І песенныя ўстаўкі. І дакументальныя кадры з самім Тарасюком.
“Тарасюк заўсёды быў у цэнтры маёй увагі, – кажа Мікола Пракаповіч, вядовец-лаўрэат культурова-этнаграфічнай тэлепраграмы “Край”. – Дарэчы, як і Ларысы Быцко, таленавітай арганізатаркі і этнографа. Трыццаць гадоў яна з ім цесна супрацоўнічае. Наш спектакль — гэта вынік такой сабе культурніцкай талакі. Патрабуе даводкі. Пытанняў яшчэ многа”.
Без пытанняў хочацца павіншаваць шаноўнага Міколу Пракаповіча з тым, што спыніў літаратурнае сваё маўчанне. І што слова зноў прагучала так трапна, у такім балючым, патрабуючым абмеркавання кантэксце.
Ці шмат літаратараў жыве паводле канонаў сваіх твораў? Мабыць, карціна тут стракатая і не заўсёды алеем. А вось тое, што Ларыса Быцко з маладых гадоў актыўная на полі культуры, пад свае 50 зрабіла матэрыяльныя інвестыцыі ўласных сродкаў за 70 кіламетраў ад горада, што і справай, і словам робіць штучнае дыханне вёсцы – гэта паказальна.
Задаў ёй два пытанні. Першае: ці ёсць плён ад такой дзейнасці? “Гадоў з пяць таму яшчэ ў Стулах трава была па пояс, вуліцы ў смецці, а цяпер паглядзіце: дарожкі дагледжаныя, стэнды, скульптуры, людзі прыязджаюць”, – уклініўся беларус з Польшчы Тамаш Суліма. Што ж, збоку відней і больш аб’ектыўна , мабыць. Другое: ці алігарху Чыжу ўдасца лепш аднавіць сваю родную вёску ў праекце “Наш родны кут Сабалі”? “У Сабалях не была, не ведаю, – адказала спадарыня Ларыса. – Кажуць, скансэн поўны там, для турыстаў. Ды і грошай у яго багата, дзе мне параўнацца з маімі 200 далярамі, у пераліку. На аграсядзібу крэдыт узялі, сплачваем”.
“Воля, Волька, Святая Воля – вёскі, як вас ажывіць” – гэты ўсебеларускі відавочна запознены “SOS“ гучыць у спалучэнні з імем народнага майстра Тарасюка з сінергетычнай сілай. І добра, што гэта знаходзіць, нарэшце, водгук ва ўладзе. Пра згоду, супрацу казаў кіраўнік аддзела Пружанскага райвыканкама Канстанцін Панімаш. Заклікаў да большай дыпламатыі, канструктыўнасці нашчадкаў майстра.
Відавочна, што без рэсурсных укладанняў справа Тарасюка, найперш яго музей прыйдуць у заняпад. Праз пару гадоў “драўляны народзец” ва ўмовах стылай веранды, дзе ён цяпер знаходзіцца, будзе паточаны шашалем, збуцвее і рассыплецца ў прах. Захаваюцца тыя некалькі асобнікаў, якія ёсць у Пружанскім палацыку і яшчэ дзе.
Па мне, дык у лёсе Тарасюка і яго Стойлаў, як у люстэрку, бачны лёс беларусаў. Спроба “простых людзей” выжыць самачынна, без апірышча на прафесіяналаў, знаўцаў, талаку шырэйшую, чым уласна вясковая, на міжнародны досвед – вядзе да вартых жалю вынікаў, заняпаду і вымірання. Батлеечны спектакль пра майстра, зроблены і паказаны адукаванымі людзьмі, накіроўвае энергетыку славутага дзеда ў новае, выратавальнае рэчышча.
Яўген БЯЛАСІН
(фота аўтара)
Фота 1. Аграсядзіба Стулы
Фота 2. Батлеечны спектакль “Прытулак памяці”
Фота 3. Футбаліст і араты з серыі “драўляныя людзі” Міколы Тарасюка
2 комментария
прысутны
17.05.2017 в 14:28Ларыса з Міколам маюць палымяныя сэрцы. Вялік дзякуй ім за тое што робяць і што ствараюць свет лепшым…
Беласін мае сэрца зайздроснае, злое, пыхлівае…што чутно ў кожным слове, допісе. Не давайце яму болей інтэрвью, добрыя людзі-абгадзіць, там дзе нечакаеце…
Не Иван
19.05.2017 в 14:19Все, что выходит из-под пера или из души Евгения Беласина, — все профессионально. Журналистов подобного высокого уровня в Бресте можно сосчитать на пальцах одной руки. Но если «прысутнаму» захотелось сделать комбинацию из трех пальцев ради того только, чтобы доказать аудитории, будто»нечакаеце» лучше писать слитно, а «Беласин» и в белорусском варианте пишется через «е», то эти пальцы не с той руки, на которой сегодня пересчитываются талантливые брестские журналисты. Считайте на правой, даже если эти журналисты придерживаются левых взглядов.