Гэта не літаратурны першынец журналіста з 16-гадовым стажам працы ў МНС. Раней выйшлі два зборнікі вершаў і адзін прозы.
“Хлопцы, не пішыце болей апавяданняў, бо будзе горш, чым у Ільючыка”, – прыцэньваўся я да сказа, седзячы 15 чэрвеня ў брэсцкай Цэнтральнай гарадской бібліятэцы на прэзентацыі кнігі “Верагоднасць цуду”. Нават са слыху зразумела было, што проза жывая, яна ідзе ад жыцця і створана мастаком з незвычайным запасам слоў, здольным належна іх камбінаваць, пераствараць і, – бяры вышэй! – вынаходзіць сітуатыўныя новатворы. “Уюшылася ў работу”. Так мой дзядзька казаў, ахвочы наконт папрацаваць: “Раззлаваўся на работу”. Мова гучала як крышталь, словы прыладжаныя адно да аднаго бы блокі Лідскага замка. Апавяданні кароценькія, таму некаторыя з іх аўтар зачытаў цалкам.
Усё добра. Праўда, быў пачаў я па-рэдактарску пераніцоўваць архітэктуру галоўнага апавядання кнігі, збольшага пераказанага спадаром Міколам, але потым дома прачытаў яго цалкам: у друкаванай версіі пабудова майстэрская, тэкст – забыўся, калі чытаў лепшыя.
Былі б вершы – можна было б дазволіць кароткую цытату, а проза ў фармат газетнага артыкула не ўлазіць. Хіба памясціць падборку ў літрубрыцы можна было б цалкам. Пагатоў, што некаторыя тэксты на старонку і менш. Ну ды іншы фармат, іншая і размова. А тут – вось вам яшчэ рысачка таго, што можа аўтар. Апавядае Ільючык пра нейкае забойства ў стадыі падрыхтоўкі. Ад першай асобы, што, з аднаго боку, насцярожвае, а з другога – зусім звыкла. Аўтар жа гульню нейкую распачаў, па-першае, і яму ўсё роўна давяраеш, а па-другое, ён нічога не выдумвае, бадай што – журналісцкая панада, ці як. Ідзеш следам за аўтарам, перагортваеш старонку – вось і канец, далей белае. Аказваецца, нават падрыхтоўку да напісання літаратурнага тэкста гэты творца можа напісаць займальна.
А вось назоў кнігі, пагадзіцеся, непразаічна негрунтоўны, паветраны. “Верагоднасць цуду” – сугучна было б якраз вершаваму працягу. На прэзентацыі прагучала: кнігу “перахрысцілі” ў выдавецтве. Рабочы назоў быў, як у апавядання-“цвіка” кнігі, “Ганульчыны далягляды”. Рэзоны перайменавання пры жаданні можна адчуць, але як па мне, то “хроснікі” з назовам прамазалі.
У бібліятэцы прысутныя даведаліся яшчэ, што Мікола Ільючык жыве ў вёсцы Багданаўка Лунінецкага раёна, мае трох дарослых ужо (студэнты гродзенскіх ВНУ) сыноў. Кніга ягоная мела выйсці ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, але давялося былому супрацоўніку Міністэрства па надзвычайных сітуацыях праводзіць аперацыю па яе выратаванні ў выдавецтве “Брэсцкая друкарня”. Наклад 200 асобнікаў. Набыць пакуль што можна ў кнігараспаўсюдніка Сяргея Амяльчука. І пачытаць у бібліятэцы, дзе была прэзентацыя. Але думаю, што пачытаўшы, усё роўна захочаце набыць.
Яўген БЯЛАСІН (фота аўтара)
Ответить