05.09.2017
Аб тым, як складалася эканамічная гісторыя Германіі ў 1945 – 2017 гадах, і тым, які вопыт краіны можа пераняць Беларусь, распавядае доктар гістарычных навук, прафесар БрДТУ Міхаіл Стралец.
Пасля Другой сусветнай вайны эканоміка Германіі знаходзілася ў складаным становішчы. З 1948 года з боку ЗША пачалася моцная фінансавая падпітка рэгіёнаў, якія праз год склалі ФРГ. Чалавека, якому амерыканцы дазволілі ажыццявіць сістэмна-эканамічныя пераўтварэнні, звалі Людвіг Эрхард. У 1948 годзе ён заняў пасаду дырэктара Эканамічнага ўпраўлення Бізоніі і ажыццявіў шэраг рэформ. Людвіг Эрхард бачыў чалавека не як сродак, а як мэту эканамічнай палітыкі. Канцэпцыя, якую ён рэалізаваў, разглядалася скрозь прызму ключавой агульначалавечай каштоўнасці — свабоды.
Першая па чарзе рэформа прадугледжвала ўвядзенне дойчмарак замест рэйхсмарак, якія насельніцтва ўспрымала як фанцікі. 24 чэрвеня 1948 года Людзвіг Эрхард замацаваў сваім подпісам закон аб прынцыпах гаспадарчай структуры і палітыцы цэн. Цэны выключаліся са сферы дзяржаўнага рэгулявання. Яшчэ да ўзнікнення ФРГ быў адрэгуляваны комплекс пытанняў, звязаных з паступленнем у бюджэт адлічэнняў ад суб’ектаў гаспадаркі. Былі ўведзены нізкія стаўкі банкаўскага працэнта, праведзена дэманапалізацыя. У 1949 годзе, калі пачалася гісторыя ФРГ, Людвіг Эрхард узначаліў эканамічнае ведамства краіны. Пры падтрымцы Конрада Адэнаўэра, федэральнага канцлера, ён актыўна напоўніў зместам канцэпцыю сацыяльна-рынкавай гаспадаркі. Пазней, у 1963 годзе, Эрхард сам стане канцлерам.
У ГДР тым часам спрабавалі рэалізаваць савецкі варыянт дзяржаўнага сацыялізма.
У 1949 годзе ў ходзе першай выбарчай кампаніі ў бундэстаг Конрад Адэнаўэр сказаў: «Дайце нам восем гадоў, і мы перавернем Германію». На самой справе патрабавалася менш часу. Ужо ў пачатку 1950-х гадоў ФРГ адчула першыя істотныя вынікі сацыяльна-эканамічнай палітыкі, якую праводзілі Адэнаўэр і Эрхард. Другі год існавання Заходняя Германія распачала без таварнага дэфіцыту, з устойлівым вяртаннем да даваеннага паказчыка валавага аб’ёму вытворчасці ў прамысловым комплексе. Была поўнасцю пераадолена гіперінфляцыя, адзначаўся рост рэальнай зарплаты.
Моцны рост эканомікі можна было назіраць і далей. Упершыню ў гісторыі капіталізма быў узяты курс на юрыдычна абгрунтаваны сумесны ўдзел працаатрымальнікаў у кіраванні вытворчасцю. Прадстаўнікоў прафсаюзаў дэлегавалі ў назіральны савет кампаніі, і тыя сумесна з кіраўнікамі вытворчасці разглядалі пытанні зарплаты, сацстрахавання, умоў працы, тэхнікі бяспекі. У савецкія часы нам таксама казалі, што працоўныя ўдзельнічаюць у кіраванні вытворчасцю. Але які мог быць удзел, калі быў дыктат камуністычнай наменклатуры, якая не давала рэальна ўдзельнічаць.
Да трэціх парламенцкіх выбараў, якія адбыліся ў 1957 годзе, ФРГ падыйшла ў статусе эканамічнага гіганта. Па прамысловаму патэнцыялу краіна ўвайшла ў тройку лідэраў несацыялістычнай прасторы, наперадзе былі толькі ЗША і Вялікабрытанія. Кардынальна змянілася сітуацыя на рынку працы. Попыт апярэджваў прапанову.
Дасягненні ГДР былі менш важкімі. У 1953 годзе ў краіне адбылося народнае паўстанне. Кіруючая сацыялістычная партыя абвясціла новы курс.
У 1957 — 1961 гадах ФРГ зрабіла чарговы эканамічны рывок, стаўшы другой прамысловай дзяржавай у свеце. У 1958 годзе дойчмарка набыла статус свабоднай канверсаванай валюты. У 1961-м кожны трэці немец быў уладальнікам аўтамабіля.
Краіна дасягнула пачатковай стадыі постіндустрыяльнай цывілізацыі. Я задаю студэнтам пытанне: да якой цывілізацыі належыць Беларусь? Правільны адказ такі: Беларусь знаходзіцца на этапе вельмі складанага, супярэчлівага пераходу ад індустрыяльнай цывілізацыі да постіндустрыяльнай. І калі гэты пераход скончыцца, невядома. Германія дасягнула постіндустрыяльнага этапу 56 гадоў назад.
Кіраўніцтва ГДР, наадварот, дапусціла шэраг памылак. Адной з галоўных была прымусовая калектывізацыя сельскай гаспадаркі. Гэтыя дзеянні прывялі да Берлінскага крызісу 1958 — 1961 гг., у выніку якога з’явілася Берлінская сцяна.
У пачатку 1960-х гадоў у ФРГ адбылася змена акцэнтаў федеральнай палітыкі. Кіруючыя колы Германіі былі сведкамі рэвалюцыйных рухаў у тэхналагічным базісе краін-экспарцёраў. Паўстала дылема: узяць прыклад або ісці ранейшым курсам. Урад ФРГ выбраў першы варыянт. Бонская рэспубліка актыўна нарошчвала аб’ёмы вытворчасці ў нафтаперапрацоўчым комплексе. Намецілася дынаміка ў айчыннай вытворчасці аўтамабіляў. Выпрацоўка на однаго працаатрымальніка ўзрасла, але не было адпаведнага павелічэння колькасці беспрацоўных. У пачатку 1970-х гадоў 10 прамысловых рабочых выконвалі такі ж аб’ём працы, што дзесяць гадоў таму 16 іх калег.
Ажыццяўлялася значная падтрымка навукова-даследчага і даследча-канструктарскага корпусаў. Пачалі ўзнікаць транснацыянальныя карпарацыі.
Аднак нельга сцвярджаць, што ў эканоміцы ФРГ не было праблем. Рэцэсія 1966-1967 гадоў сведчыла аб тым, што палітыка, якая будавалася на канцэпцыі Людвіга Эрхарда, зайшла ў тупік. У 1966 годзе да ўлады прыйшла вялікая кааліцыя ХДС, ХСС, СДПГ. Яе першай асобай, федэральным канцлерам, стаў Курт Георг Кізінгер, які паходзіў з Хрысціянска-дэмакратычнага саюза. Пытанні фінансавай палітыкі вырашылі шляхам збалансавання функцыі суб’ектаў федэрацыі і функцыі выканаўчай улады.
А для эканомікі ГДР гэты адрэзак часу стаў лепшым у гісторыі краіны. Аб’ём прамысловай вытворчасці перавысіў узровень даваеннай Германіі. ГДР першая з сацкраін наладзіла масавую вытворчасць легкавых машын, каляровых тэлевізараў, складанай бытавой тэхнікі.
Наступныя гады былі не такімі бліскучымі для ФРГ з пункту гледжання эканамічнага развіцця. Краіна прапусціла наперад ЗША і Японію. У 1974 годзе адбылася змена ўлады. Пасаду федэральнага канцлера заняў Гельмут Шмідт, на долю якога выпала роля крызіснага менеджара. Пачалася рэіндустрыялізацыя ФРГ. Стартаваў першы этап перабудовы народнай гаспадаркі краіны з улікам дасягненняў у галіне інфарматыкі, біятэхналогій, геннай інжынерыі. Істотна павялічыліся запасы ЗВР, умацавалася нацыянальная валюта.
У 1980-х гадах у эканоміцы ФРГ зноў назіралася рэцэсія. Гельмут Шмідт разумеў, што альтэрнатывы манетарысцкім метадам няма, але як сацыял-дэмакрат ведаў, што партыя яго не падтрымае.
У 1982 годзе да ўлады прыйшоў Гельмут Коль. Новы ўрад перагледзеў шэраг артыкулаў дзяржаўнага бюджэта. Быў скарочаны дзяржапарат, статус дзяржаўных аб’ектаў страцілі пошта, чыгунка. Дзяржава адмовілася ад манаполіі ў сферы телебачання. Была праведзена рэформа падатковай сістэмы.
Праўленне Гельмута Коля храналагічна супала з нарастаннем праблем сацыяльна-эканамічнага характару ў ГДР. Пошук выйсця вёўся ў розных напрамках, але не было паслядоўнасці.
Калі параўноўваць сацыяльна-эканамічнае развіццё ГДР і ФРГ у 1945 — 90 гг., можна казаць аб тым, што ў ФРГ была рэалізавана мадэль сацыяльна-рынкавай гаспадаркі, якая даказала сваю эфектыўнасць. Мадэль дзяржаўнага манапалістычнага сацыялізма, навязаная Савецкім Саюзам ГДР, аказалася неэфектыўнай.
Між тым, у 1957 годзе ФРГ была адначасова эканамічным гігантам і палітычным карлікам. Гэта значыць, краіна вельмі сціпла паводзіла сябе ў міжнародных адносінах. Першы крок у пераадоленні комплекса палітычнага карліка, на маю думку, ФРГ зрабіла ў час кіравання Гельмута Шмідта. Аднак поўнасцю выйсці з гэтай ролі краіна змагла, калі пасаду федэральнага канцлера заняў Герхард Шродэр. У 1999 годзе Германія прыняла ўдзел у аперацыі НАТА ў Югаславіі.
Вызначальнай абставінай для развіцця эканомікі Германіі пасля аб’яднання стаў Маастрыхтскі працэс, які паклаў пачатак Еўрапейскаму саюзу.
Новы якасны этап намеціўся ў развіцці транснацыянальных карпарацый. Палітыкі Беларусі і Расіі ўжо больш як 20 гадоў кажуць пра эканамічны саюз. Але моцных транснацыянальных карпарацый у нас няма. Моц ЕС у тым, што там ствараюцца транснацыянальныя карпарацыі.
Ангела Меркель дабілася росту макраэканамічных паказчыкаў, зніжэння ўзроўню беспрацоўя да паказчыкаў пачатку 1990-х гадоў. У межах праграмы перамен «Агенда-2010» у Германіі праводзіцца дэрэгуляцыя на рынку працы, паступовае павышэнне пенсійнага ўзросту, змяншаюцца сацыяльныя выплаты мігрантам.
На маю думку, першае, што трэба пераняць Беларусі ў Германіі, — гэта разумную дэцэнтралізацыю эканамічнага кіравання, якая абмяжоўваецца толькі логікай дзеяння аб’ектыўных эканамічных законаў. Нам трэба прымаць закон аб прыватнай уласнасці на зямлю. Калі мы яго не прымем, ніякіх фундаментальных рэформ у Беларусі не будзе.
Магчыма ўвядзенне наднацыянальнай адзінкі ў межах Еўразійскага эканамічнана саюза. Трэба выконваць адзіныя стартавыя ўмовы для суб’ектаў гаспадарання. Кошты на газ і нафту ўзгадняюцца з шумам. У нармальных інтэграцыйных групіроўках такога няма.
Неабходна правесці дэбюракратызацыю рэгістрацыі суб’ектаў гаспадаркі і пераняць механізм удзелу працаатрымальнікаў у кіраванні эканомікай.
У германцаў трэба павучыцца і фарміраванню рынкавага менталітэту. Звяртаю ўвагу чытачоў і на тое, што станавым хрыбтом народнагаспадарчага комплексу (НГК) Германіі з’яўляюцца прыватныя дробныя і сярэднія прадпрыемствы (ПДСП). ПДСП выступаюць у якасці прыярытэту нумар адзін у эканамічнай палітыцы федэральнага ўрада. Дзякуючы менавіта такому выбудоўванню прыярытэтаў гарантуюцца ўстойлівасць германскага НГК, яго дынамізм. У адрозненне ад ФРГ, у РБ у дзяржаўнай эканамічнай палітыцы маецца іншы прыярытэт нумар адзін, падтрымка дзяржаўных ДСП не ідзе ні ў якае параўнанне з лініяй у адносінах дробнага і сярэдняга бізнесу. Не магу не падзяліцца ўражанннямі ад размовы з германскім эканамістам Аляксандрам Кнутам, які аднолькава добра ведае стан эканомікі абедзвюх краін. Ён выразіў здзіўленне, што ў нашай Айчыне ПДСП на рэспубліканскім уладным узроўні займаецца зусім невялікая структура. Аляксандр Кнут заявіў выразна, ясна і недвухсэнсоўна: “Палітыка падтрымкі ПДСП – агульная задача ўсіх дзяржаўных ведамстваў”. Спадар Кнут адзначыў таксама тое, што ў рамках палітыкі федэральнага ўрада ў адносінах да ПДСП у апошнія гады ўзмацніўся селектыўны падыход, усё больш прасочваецца акцэнт на хай-тэк, на мабільнасць на грунце электрычнасці.
Ответить