На адкрыцці выступіў пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія Петэр Дэтмар
Выстава ”Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць” перасоўная, каля паўгода экспанавалася ў сталічным Музеі Вялікай Айчыннай вайны. У выставачным зале “Ля Холмскай брамы” яе адкрылі ў чацвер, 12 кастрычніка.
У экспазіцыі выставы фота з каментарамі, якія раскрываюць гістарычныя ўмовы фашысцкага людабойства, геаграфію Трасцянца і ўрочышчаў Благаўшчына і Шашкаўка пад Мінскам, дзе, як адзначылі выступоўцы, нямецкімі фашыстамі былі забітыя ад 70 да больш за 206 тысяч 500 чалавек (разбежка ў статыстыцы існуе з-за няпоўнай дакументацыі) – большасцю мірных жыхароў, сярод якіх было каля 30 тысяч дэпартаваных з Германіі, Аўстрыі, Чэхіі і Польшчы яўрэяў.
Выстава падрыхтаваная з ініцыятывы Мінскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёганэса Раў і роднаснага яму Дортмундскага цэнтра, пры ўдзеле Прадстаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь Народнай Злучнасці Германіі дзеля дагляду ваенных пахаванняў. Падрыхтоўцы экспазіцыі паспрыяла Міністэрства знешніх спраў ФРГ.
“Жывінкай” падзеі стаў выступ Габрыэля Хайма, нямецкамоўнага журналіста, які цяпер жыве ў Базэлі.
Ён распавёў пра лёс сваёй бабулі Марыі Вінтэр, высветлены са 170 яе лістоў, дасланых з Берліна ў Базэль дачцы з 1938 па 1942 год. Маці пры жыцці пра іх маўчала, але захавала ў каробцы з-пад абутку. Ільза Вінтэр была артысткай, пасля падпалу рэйхстага не вярнулася ў Берлін. Марыі Вінтэр эміграваць своечасова не лёсіла. Кволы шанец “выратавацца ў апошнюю хвіліну” выпаў толькі ўвесну 1942. У суправаджэнні нанятых праваднікоў яна выправілася да дачкі, але за 10 метраў да швейцарскай тэрыторыі была арыштаваная і дэпартаваная з Германіі на ўсход. Потым быў Трасцянец.
Пасол Федэрытаўнай Рэспублікі Германіі Петэр Дэтмар падзякаваў адкрыўшым выставу дырэктару Мемарыяльнага Комплекса “Брэсцкая крэпасць-герой” Георгію Бысюку і намесніку старшыні Брэсцкага гарвыканкама Сяргею Жукаву за магчымасць паказу выставы ў Брэсце. Асабліва прывітаў тых прысутных, “хто перажыў жахі Другой Сусветнай вайны і злачынстваў, учыненых ад імя нямецкага народа на тэрыторыі сённяшняй Рэспублікі Беларусі”. Вось акцэнты выступу пасла Дэтмара. “Нямецкі нацыянал-сацыялістычны шал пакінуў у руінах усю Еўропу. Аднак віна не перадаецца па спадчыне. Дзеці не нясуць віны за памылкі бацькоў. З памылак вучацца. Важная памяць. Мы не хочам кансерваваць жах, мы хочам вынесці ўрокі для будучых пакаленняў. Зладзіўшы гэтую выставу, мы імкнуліся захаваць і развіць еўрапейскую культуру памяці. Віна гэта вельмі індывідуальная катэгорыя, як і прабачэнне. Тым не менш менавіта на немцах ляжыць адказнасць, каб такое не паўтарылася, таму што ў свой час многія немцы былі саўдзельныя ў злачынствах.
Фармаванне культуры памяці ў Еўропе пасля Другой Сусветнай вайны прайшло доўгі і цяжкі шлях. `Маю такое ўражанне, што гэты шлях яшчэ не завершаны. Трэба кіравацца прынцыпам: каб пераадолець траўматычнае мінулае, трэба яго асэнсаваць і, не забываючыся на былыя злачынствы, знайсці новыя вуглы зроку. У Заходняй Германіі глыбокая пераацэнка каштоўнасцяў, усведамленне адказнасці адбыліся з прыходам новага “пакалення 1968 года”, а ва Усходняй Германіі толькі пасля падзення сцяны у 1989 годзе.”
Напрыканцы пасол Дэтмар працытаваў словы міністра па справах Еўропы ФРГ Міхаэля Рота, сказаныя ўвесну на адкрыцці выставы ў Мінску: “Сённяшняе пакаленне немцаў не нясе непасрэднай віны за зверствы тых гадоў. Але мы разумеем, што зноў ускладзем на сябе віну, калі пачнем замоўчваць, абстаўляць умовамі або адмаўляць учыненае дзядамі і прадзедамі. Памяць і прызнанне віны не ёсць прыкметамі слабасці. Яны робяць нас моцнымі і гатовымі да новых выпрабаванняў”.
Дырэктар ММАЦ імя Ёганэса Раў Віктар Балакіраў распавёў пра цяжкасці пры падрыхтоўцы выставы. “Вырашылі далучыць да праекта Аўстрыю і Чэхію. Але ў кожнай краіны свая культура памяці. Таму праект некалькі разоў быў на мяжы зрыву.” Спадар Балакіраў адзначыў таксама, што памяць пра Трасцянец атрымала ўшанаванне толькі пасля набыцця Беларуссю незалежнасці і што выстава гэта свайго роду пралог да пабудовы другой часткі Трасцянецкага Мемарыялу ва ўрочышчы Благаўшчына, работы над якой ужо пачаліся.
Выстава пратрывае ў Брэсце да 17 снежня. Уваход вольны. Арганізатары спалучылі адкрыццё з цэлым шэрагам спадарожных мерапрыемстваў. Сустрэчы з нагоды выставы пройдуць ва ўніверсітэце, у абласной бібліятэцы. Як вынікае з Праграмы адкрыцця выставы, распаўсюджанай яе арганізатарамі, сустрэчы будуць мець наўвазе і 75-годдзе знішчэння гітлераўскімі фашыстамі Брэсцкага гетта (15 – 18 кастрычніка 1942 года). Сачыце за аб’явамі ў названых установах.
Фота 1. Выступае пасол ФРГ Петэр Дэтмар.
Фота 2. Габрыэль Хайм.
Фота 3.Наведнікі аглядаюць выставу.
Яўген Бяласін
Фота аўтара
Ответить