“На Гуркова” прыйшло максімальна хлапцоў і прыгожых дзяўчат
Гэта хто да нас прыехаў
Віталь Гуркоў дзевяціразовы чэмпіён муай-тай, заслужаны майстар спорту. У лістападзе бягучага года выйграў чарговы найпрадстаўнічы турнір у Кітаі. Толькі з гэтай прычыны чалавек-легенда, ён вылучаецца яшчэ і тым, што імкнецца гаварыць па-беларуску, прадстаўляецца на міжнародных арэнах пад беларускія песні і “Пагоню”ды бел-чырвона-белыя колеры. Да таго ж, Віталь сам му`зыка, здаўна спявае ў розных гуртах. Тры гады як выступае разам з гуртом “Брута” Сяргея Міхалка. 26 снежня ў Брэсце перад аўдыторыяй курсаў “Мовананова” заспяваў удвух з вядомым журналістам Яўгенам Валошыным, пад ягоную гітару.
З беларускай мовай да перамогі
Што выпыталі курсанты
Але перад канцэртнай часткай была, як заўсёды, праца над мовай. Яна рыхтавала да сустрэчы з характэрным госцем. Праведзеная была віктарына. Хто з беларускіх футбалістаў вядзе “фэйсбук” на мове? Хто са спартсменак любіць чытаць Васіля Быкава? А Марціновіча? Які клуб мае беларускамоўны сайт? Як завуць рэкардсменку ў плаванні, якая гаворыць у школах па-беларуску? Тут нават мне … не скажу, што адкрылася terra inkognita, не, – але даведаўся даволі новага.
Потым былі пытанні да госця. Многа.
Дзяўчаты пацікавіліся, ці есьць кікбаксёр мяса. Гуркоў шчыра прызнаўся, што так, спажывае. Потым, зарыентаваўшыся, куды хіляць цікаўныя, пашырыў, што мае знаёмага чэмпіёна ў цяжкай вазе, які быў веган: “Два гады трымаўся на зярнятах ды гарэхах. І мускулатуру нічога нарасьціў. А потым усё роўна вярнуўся да мяса. У Беларусі цяжка без яго. Дорага занадта атрымліваецца”. Што лепш спажываць? “Тое, што не адкладвае тлушч. Бо тлустае шкодзіць”. Ці бывае нехаць трэніравацца? “Бывае, і заўсёды трэба пераадольваць. Лепш трымаць форму, чым потым яе падымаць. Асабліва з узростам гэта зразумеў (Гуркову налета ў сакавіку стукнуць Хрыстовы 33 – Я.Б.) Апошнім разам двойчы адкладвалі спаборніцтва, і два разы давялося зноў выходзіць на пік формы, то прачуў асабліва.”
Прагучала, каб пракаментаваў, што дзяржава адмовіла была яму ў фінансаванні паездкі на спаборніцтва апошнім разам. Адказ быў: “Мне з Расійскай Федэрацыі, з часопіса для мужчын “Мэнз Хелс” (Man’s Health “Мужчынскае здароўе” (англ.) – Я.Б.) задалі пытанне, маўляў, навошта Вам, чэмпіёну свету сярод прафесіяналаў, ды гэтыя аматарскія повязі ў Беларусі, каб нешта там давалі або не давалі. Але я цаню тое, што ўключылі ў нацыянальную зборную Беларусі. І не з-за грошай. Плацяць мне, як і ўсім… колькі там? 400? 450 рублёў? Мне важны статус. І каб я мог спраўджвацца як менавіта беларускі спартсмен, мог сваю краіну дастойна прадстаўляць, а ня толькі самога сябе, Віталя Гуркова”.
Пагоня на чэмпіёнскім поясе
Курсантам “Мовананова” паказалі ролік апошняга чэмпіяната, дзе беларус пабіў за адзін вечар трох сапернікаў, адзін мацней за другога. Спыталі, а хто быў самым няўломістым. Гуркоў вылучыў тайскага кікбаксёра. “Іншым разам, калі трапляў у сітуацыі, не зусім чаканыя, здзіўляў ён мяне тэхнікай. Невядомыя мне прыёмы дэманстраваў. З калена мог скокнуць”.
Потым зноў пайшла чарада “жаночых” пытанняў, пра лінію вопраткі “ад Гуркова”. Той прызнаўся, што зламаў ужо тры швачныя машынкі, і тым самым цалкам увайшоў у курс. “Ёсць мая вопратка ў Мінску. Ці будзе ў Берасці? Паглядзім”.
Верагодна, будзе, мяркуючы па асартыменту крамы “Князь Вітаўт”, якая адкрылася нядаўнечка ў нас тут і цяпер месціцца непадалёку ад помніка, на якім сам князь прысутны. Яе дамінанта менавіта патрыятычна-спартова-маладзёвая, а гаспадары былі заўважаны сярод курсантаў пільным аўтарскім вокам.
Папрасілі пра якую-небудзь міжнародную неспадзяванку. Гуркоў распавёў пра здарэнне ў Польшчы. “Крыху не туды паехаў. Загаварыў да паляка. Дык той на маю беларускую мову закінуў мне сваё веданьне пра нас. “У вас же по-русски говорйят”. Але ж, кажу, мы беларусы. Мову лічы ўсе разумеюць. І на курсы ходзім. У Мінску, бывала, і 400 чалавек прыходзіла”. Дык ён паклікаў нейкага Марэка, і давай яны смяяцца, вось жа народзе, на курсах мову сваю вывучаюць”.
На дзіва, пра Меліціну Станюту ні словам не запыталі. Брэстаўчане тактоўныя, атрымліваецца.
Заспявалі “Калядную”
Адказы для газеты
Эксклюзіўна для чытачоў “Брестского курьера” задаў беларускаму мегачэмпіёну два пытанні. Адкуль яго беларускасць? І, калі будзе хаценне за іншых патлумачыць, чаму некаторыя беларускія спартсмены не цэняць Беларусь, яе самабытнасць, плявузгаюць часам абы што, касавурацца на іншыя краіны? Хоць не будзь Беларусі, у іх і шанцаў не было б у вялікім спорце.
- — Мая беларускасць заклалася ў школе яшчэ, – адказаў Віталь Гуркоў. – Яна звычайная была, № 183 (гэта Мінск, мікрараён Сляпянка, жыў там два гады, калі вучыўся – Я.Б.). Настаўнік гісторыі ў мяне вельмі добры быў. Літаратура беларуская… яе не вельмі цікава было чытаць…
- — Бо савецкая праграма? – здагадваюся я. Гуркоў кіўнуў.
- — А потым траплялі мне на шляху людзі, неабыякавыя да нашай гісторыі, да беларускай мовы. Гэта паступовы такі быў шлях.
- — Што да іншых спартсменаў, – узяўся госць паразважаць за “некоторых товарищей, которые…, ” – то яны часта рэагуюць на грошы. А калі Вы маеце наўвазе ўсходні вектар, то гэта, мяркую, проста інэрцыя соцыуму. Бо жылі з расіянамі ў адной дзяржаве доўга. Але трэба трымацца свайго.
Віталь Гуркоў свойска, падоўгу гаварыў з прысутнымі, нікому не адмовіў у сапраўды гістарычнай для просьбітаў, найперш, фатаграфіі ўдвух-утрох. Асабліва гэта мне спадабалася. Таму зрабіў госцю гаспадарскі падарунак. Параіў, як адказаць наступным разам палякам, калі будуць смяяцца з курсаў беларускай мовы. Распавёў, як польскі настаўнік лупіў маёй маці дубовай лінейкай па далані за тое, што на перапынку размаўляла ў коле сябровак па-свойму, не па-польску. “Лапувка” гэта ў іх называлася, у тыя часы “санацыі”, “аздараўлення” Заходняй Беларусі.
“Адны нас за нашую самасць лінейкай па руцэ, другія ў пясок за адну ноч сто лепшых літаратараў ды навукоўцаў, а потым: “На курсах сваю мову вучаць…” – Ну дык пасмейцеся”.
Госць шчыра падзякаваў. Значыць, парада спадабалася.
Калектыўнае, з курсантамі “Мовананова”
Яўген БЯЛАСІН, адмыслова для БК
Фота аўтара
Ответить