Журналіст і актывіст Глеб Лабадзенка паказаў ролік, пахваліў Берасцейшчыну за ўклад у развіццё Ізраіля і сфармуляваў аптымальную тэхналогію працы
Лабадзенка на ўсіх…
Натуральна, зрабіў гэта 31-гадовы мінчук на занятку “Мовананова”. “На Лабадзенку” 12 снежня ў клуб High Voltage прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек. У спалучэнні са штатнымі набралася пад сто.
Ролік быў пра ўстаноўку трохтоннага помніка-валуна народнаму паэту Рыгору Барадуліну. Лабадзенка, які пачаў пісаць артыкулы ў 14 гадоў, а ў 16 ужо быў прыняты ў прафесійную Беларускую асацыяцыю журналістаў, блізка ведаў Барадуліна. Дамогся, каб быў выкананы ягоны запавет: пахаваць побач з маці на Ушаччыне, і каб помнікам быў прыродны камень. “Калі нешта варта рабіць, то слова “нельга” няма, ёсць толькі слова “як”, – патлумачыў сваю філасофію жыцця госць.
Нягледзячы на тры тоны валуна, аб’ёмную працу па яго ператварэнні ў помнік і здабыванні верталёта, Глеб Лабадзенка лічыць, што зрабіў нармалёвы, невялікі такі крок. І заклікаў да перамены тактыкі. “Беларусы звыклі, каб нехта рабіў за іх. А самі цераз аднаго лічаць сябе мала не каралямі. Хочуць усё адразу. Але так не бывае. Трэба рабіць малыя справы – толькі тады нешта пачне мяняцца да лепшага”. І прывёў прыклад са свайго жыцця: “Прымусіў камунальнікаў зрабіць належнае ў новым месцы пражывання – і адразу ў сацыяльных сетках прапановы: маўляў, вось каб ты да нас пераехаў, вось бы мы зажылі”.
Чаго некаторыя курсанты “Мовананова”, мабыць, не ведалі – гэты малады чалавек пабываў ужо карэспандэнтам і недзяржаўнай “Комсомольской правды”, і афіцыйнай “Звязды”, стаў лаўрэатам шматлікіх і заснаваных дзяржавай, і “няправільных” журналісцкіх і літаратурных прэмій.
Нечакана для многіх Лабадзенка прызнаўся, што ў школе ненавідзеў беларускую мову і літаратуру. “Гэта было падобна на пыльны музей нейкі. Беларускія пісьменнікі са школьнай праграмы, якія на той час жывыя былі, – мы думалі, што яны з бронзы і сто гадоў як памёрлі”. А што ж было апасля акавітай, жывой вадой? Інтымныя дзённікі Максіма Багдановіча (“даўно не перавыдаюцца, зноў пыльны музей”), эратычна-народныя показкі Коласавых дзяцей у школе, падслуханыя пры сустрэчы бацькі з Купалам, гарэзлівая эпіграма самога Коласа з бальніцы… “Апошняе ёсць у ліку пяці соцень гістарычных анекдотаў у кнізе Сяргея Шапрана”, – закругляе Лабадзенка. Кніга падрыхтавана пры яго ўдзеле. Грошы збіраюць на пляцоўцы talaka.by.
Калі ўлічыць, што Глеб чалавек сямейны, і жонка хваліць, і сын задаволены (тата адмыслова для яго напісаў наватарскую кнігу “Дзіцячая заМова”, якую паспяхова прадае), – калі ўсё гэта ўлічыць, то госць цалкам адпавядаў назве месца, дзе выступаў (у перакладзе з англійскай “Высокае электрычнае напружанне”).
“Палова Берасця праявіла сябе ў Ізраілі”, “Меншасць розум мае, таму заўжды перамагае ” (са спасылкай на незакончаную п’есу Шылера) – у тым ліку і такія гумарныя, парадаксальныя фігуры мовы зрабілі выступ госця спектакулярна цікавым.
…і для чытачоў “Брестского кур’ера”
Пры нагодзе распытаў Глеба, ці апраўдвае Брэст у дачыненні да беларускай мовы прыпісваемы яму імідж “адстою адстаўнікоў”, як яму публіка сёння тут…
“Брэст гэта флагманскі горад курсаў “Мовананова”, – быў адказ. – Тут ходзіць шмат людзей. У некаторых абласных гарадах значна менш бывае”.
Заснавальнік праекту адзначае вядоўцаў і ўдзельнікаў:
“У зале звычайная публіка – лепшыя людзі гэтага горада. Маладыя – да нас каля 60 адсоткаў моладзі ходзяць. Але і сярэдняга, і старэйшага пакалення людзі дастойныя і цікавыя. А што многа – у гэтым заслуга найперш вядоўцаў, раней Вольгі, а цяпер Іны і Максіма”.
Тут згадваю даволі тонкае псіхалагічнае назіранне Лабадзенкі, якое той раней аддаў у залу: таго, хто кажа па-беларуску, любы ад пачатку ўспрымае як не нуля, бо “калі па-беларуску кажа, то галава робіць”.
Пытаю, а ці аздобіць ён мой матэрыял статыстыкай.
“Найперш на сайт спашлюся www.movananova.by , – адказвае Лабадзенка. – Я ж не генерал які, хваліць, ды і не вельмі мяне… Вось, першы раз за тры гады запрасілі. На сайце людзі вядоўцаў хваляць. Апытанне ананімнае. Водгукі ёсць усялякія, а пра берасцейскіх што было, тое і агучыў. У нас за гэты год 4 горады ў Беларусі дадалося, дзе праходзяць курсы. Агулам у 15 гарадах на курсы ходзяць каля 700 чалавек. Пры нашых магчымасцях арэнды, у нашых умовах гэта нямала. І калі хоць частка людзей, хто сюды прыходзіць, пойдзе далей шляхам культуры, ведання гісторыі краіны і народа, то праца таго была вартая”.
“Мовананова” гэта які ўзровень? Перадшколле? База? Ці пераходная ступень да ўніверсітэту?
“Гэта нефармальная адукацыя для дарослых, – быў адказ. – Кожнае дзесяцігоддзе дзяржава збірае звесткі, а якая ж мова родная. Між тым, родную мову ведаць трэба. А ўмоў, каб веданне аднавіць, небагата. Таму наша мэтавая група — гэта людзі, лаяльныя да беларускай мовы і дзейныя”. Пытаю , з некалькіх прычынаў “факультатыўна”, пра “палескую” мову. Глеб Лабадзенка:
“На курсах мы выкладаем афіцыйную мову. Яна слухачам патрэбная ў школе або ва ўніверсітэце. Але гэта не значыць, што мы грэбуем іншымі філалагічнымі опцыямі. Закранаем і варыянты беларускай мовы, як тарашкевіцу або лацінку, і дыялекты. Чытаў інтэрвю з чалавекам, які пераклаў Біблію на мову сваёй вёскі. Плануем запрасіць яго на заняткі. Запрашалі на курсы Сержука Доўгушава з гурта “Vuraj”. Ён праводзіць спеўныя сходы. Палескім фальклорам захапляецца. Дык гэта ж космас. Іван Кірчук у нас быў, з “Тройцай””.
Занятак злёгку і непрыкметна выйшаў за часавыя рамкі. Што не дзіўна. Разам з Лабадзенкам у ток-шоў, якое вяла гасцявая выкладчыца “Мовананова” з Баранавічаў, былі занятыя яшчэ двое – Андрэй Кім і Сяржук Бахун. Актор Кім распавёў пра агучванне фільмаў па-беларуску, пра сваю каманду ў 20 асобаў і паказаў трэйлер да фільма, які было дамоўлена паказаць назаўтра ў малым зале кінатэатра “Беларусь”. А Бахун-малодшы, хоць і жыве цяпер з сям’ёю ў Мінску, сюды прыехаў дахаты. Дырэктар выдавецтва “Архэ” расказаў пра свой апошні праект – краму беларускіх тавараў “Вітаўт”, якую з таварышамі адкрыў у Брэсце на Савецкай. Напрыканцы яшчэ адзін брастаўчанін, Зміцер Назараў, падараваў прысутным некалькі сувеніраў ад ініцыятывы “Будзьма”, распавёў пра дасягненні і папрасіў падзяліцца ідэямі.
Фота 1. На занятках “Мовананова”
Фота 2. Выступае Глеб Лабадзенка
Фота 3. Андрэй Кім
Фота 4. Глеб Лабадзенка цытуе Шылера
Яўген БЯЛАСІН (фота аўтара)
Ответить