15.02.2018
30 гадоў як для чалавека, так і для часопіса – гэта ўзрост, калі ўжо можна падвесці вынікі, парадавацца дасягнутым поспехам, прааналізаваць прычыны няўдач і паражэнняў. А яшчэ – гэта выдатная нагода ўспомніць, з чаго і як усё пачыналася, хто ўсе гэтыя гады дапамагаў і падтрымліваў часопіс сваёй творчай и натхнёнай працай.
Сёння, калі падзенне цікавасці да чытання – сусветная праблема, існаванне такога выдання на ўскраіне Польшчы ў невялікім горадзе Бяла-Падляска, як “Падляскі квартальнік культуральны”, з’ява ва ўсіх сэнсах унікальная. Гэты часопіс – трыбуна для творчай інтэлігенцыі не толькі Бяла-Падляскі і Падляскага краю, але і для берасцейцаў, гэта паэтычны подыум для маладых талентаў. Часопіс дае магчымасць праявіць сябе ў творчым плане зусім маладым аўтарам, а таксама адкрывае новыя грані таленту ў аўтараў сталага ўзросту. У часопісе “Падляскі квартальнік культуральны” асабліва вылучаюцца імёны, на якіх, быццам у павелічальнай лінзе, сыходзяцца прамяні неабыякавага стаўлення да жыцця, да падзеяў, якія адбываюцца ў гэтым жыцці, у гэты час, у гэтым месцы. Гэта проза, паэзія, драматургія, публіцыстыка з першых вуснаў.
Ад першага да апошняга нумару часопіса – 30 гадоў. Усе гэтыя гады змяняліся аўтары і мастакі, змяняліся тэмы твораў і апісаныя ў іх падзеі, змянялася афармленне вокладкі. Друкарскую машынку змяніў камп’ютар, пісьмы і паштоўкі імгненна адпраўляюцца і імгненна атрымліваюцца па электроннай пошце.
Толькі нязменнымі засталіся ўменне і талент рэдактара часопіса Гжэгажа Міхалоўскага, унікальнага прафесіянала сваёй справы, далучаць да культурнага жыцця як мага больш тых людзей, якія шукаюць прымянення сваёй творчай сіле. Аўтарам артыкулаў рэдактар не дыктуе ніякіх умоў: у якім выглядзе і фармаце дасылаць матэрыял – doc, arial, docx, якім кегелем набіраць тэкст, праз колькі інтэрвалаў і на якой мове. Адзіны крытэр адбору артыкулаў для часопіса – гэта чытацкі інтарэс.
Квартальнік разлічаны на самую разнастайную аўдыторыю: ад масавага чытача да тонкага знатака літаратуры. А яшчэ гэты часопіс зацікаўлены ў сваім аўтары, рэдактар ўважліва і клапатліва адносіцца да кожнага свайго аўтара, таму і накіроўваецца ў адкрытую плаціну часопіса вялікая-вялікая рака, якая складаецца з маленькіх рэчак і раўчукоў паэзіі, прозы, драматургіі, літаратурнай крытыкі не толькі Падляшша, але і іншых месцаў Польшчы і Беларусі. Гжэгажа штодзённа чакае нялёгкая праца: знайсці ў гэтым патоку цікавыя і арыгінальныя матэрыялы. А для гэтага яму патрэбна валодаць літаратурным чуццём і веданнем, як мінімум, двух-трох моў. Ён не толькі рэдактар, а яшчэ і перакладчык з беларуская і рускай моў, таму шмат матэрыялаў часопіса – пераклады. Пра Гжэгажа, пра яго рэдактарскі талент можна знайсці публікацыі на старонках многіх беларускіх і польскіх газет і часопісаў.
У розныя гады існавання часопіса аўтарамі артыкулаў былі такія вядомыя на Берасцейшчыне краязнаўцы, як Ніна Марчук з Кобрына, Аляксандр Ільін з Пінска, Дзмітрый Міраў з Баранавічаў, выкладчыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Аляксандр Вабішчэвіч, Алена Ківака, Вера Ляшук, супрацоўнікі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага Ала Мяснянкіна, Уладзімір Сухапар, Алена Жук, Ірына Паўлючук, Людміла Кубліцкая і інш.
Ёсць у Квартальніка як пастаянныя аўтары, так і пачаткоўцы: у рубрыцы «Дэбют» чытачам кожны раз адкрываюцца новыя імёны на літаратурным небасхіле.
З цягам часу многім аўтарам становіцца цесна на старонках часопіса, можа таму з 2002 г. асобнымі томікамі пачала выдавацца Бібліятэчка “Падляскага квартальніка культуральнага”, кожны чарговы нумар якой – своеасаблівы бонус, аванс для далейшага творчага жыцця маладым аўтарам і выказванне падзякі ўжо сталым аўтарам за служэнне, вернасць і адданасць Слову. Сярод аўтараў Бібліятэчкі шмат лаўрэатаў літаратурных конкурсаў: агульнапольскага конкурсу імя Крашэўскага, імя Марыі Канапніцкай і інш.
Цеснае супрацоўніцтва дзвюх бібліятэк – Брэсцкай абласной бібліятэкі ім. М. Горкага і Бяла-Падляскай гарадской бібліятэкі, іх сумесная праца па папулярызацыі беларускай і польскай літаратуры, гісторыі, культуры, якая і сёння паспяхова працягваецца, папярэднічала і маёй першай публікацыі на старонках “Падляскага квартальніка культуральнага” ў 2005 годзе. У Брэсце сярод чытачоў бібліятэкі праводзілася віктарына “Што ты ведаеш пра Польшчу”. Для ўдзельнікаў віктарыны мною быў падрыхтаваны агляд сучаснай польскай літаратуры (апублікаваны ў Мінску ў тэматычным зборніку “Літаратура – ключ да іншых народаў” у 2012 г.), куды ўвайшоў і дэбютны раман 18-гадовай тады Дароты Маслоўскай «Польска-руская вайна пад бела-чырвоным сцягам».
Вось менавіта пра гэтую кнігу Гжэгаж Міхалоўскі і прапанаваў напісаць свой водгук. Але адна справа абмяркоўваць кнігу з чытачамі вусна і зусім іншая справа напісаць артыкул, ды яшчэ для замежнага часопіса. Гэты складаны супярэчлівы твор мне прыйшлося перачытаць не адзін раз, каб напісаць аб ім сваё ўласнае меркаванне. З тых часоў я быццам параднілася з часопісам, пастаянна праглядала змест кожнага нумара, знаёмілася з новымі аўтарамі, рэцэнзіямі на іх творы, пісала свае ўражанні пра творы, амаль усе яны былі надрукаваны ў часопісе. Сёння іх ужо не злічыць. Тэмай маіх разважанняў былі і бліскучы гумар Лешыка Сакалоўскага (Co to się dzieije … co to gadają pod sklepem? Leszka Sokołowskiego z humorem pisanie) і зборнік яго паэзіі (Marzenia o przeszłści, w snach I na jawie: rosmyślania nad zbiornikiem wierszy Leszka Sokołowskiego Kiedy motyl w slońcu płonie…). Разам з перакладзенай на польскую мову кнігай Грацыі Дзеледы я падарожнічала па Еўропе, з Катажынай Саўчук я ступіла ў дарослае жыццё (“Пачатак паэзіі, альбо Разважанні над томікам паэзіі Катажыны Саўчук”), зазірнула ў калейдаскоп думак Яанны Савіцкай («Забава маленькіх дзяўчынак, альбо Ў калейдаскопе думак Яанны), зрабіла экскурс у філасофію жыцця Веранікі Іванюк, захаплялася Залатым правілам Анны Карульчык, думала і разважала пра прычыны настальгіі Генрыка Казака, захаплялася рэдкім уменнем Марэка Петшэлі сказаць двума словамі тое, для чаго іншым трэба напісаць цэлы раман (ксеракопія думкі), шукала сэнс у штодзённасці жыцця разам з Міраславам Хадыніцкім (zapętlanie czasu). Я ганарылася кожнай прачытанай кнігай Вольгі Такарчук.
Гэта “Падляскі квартальнік культуральны” натхніў мяне зазірнуць у свае ўласныя шуфляды і напісаць артыкул пра невядомага да гэтага часу пінскага майстра па камені Рыгора Ясінскага. Артыкул, напісаны для Квартальніка, потым быў перадрукаваны ў часопісе «Маладосць», а таксама змешчаны ў «Краязнаўчай газеце» і на сайце “Некропалі Беларусі».
Ужо амаль традыцыйнымі для кастрычніцкіх нумароў часопіса «Маладосць» сталі пераклады аўтараў “Падляскага квартальніка культуральнага” на беларускую мову. У 2013 г. ў Міжнародным рэгіянальным нумары былі апублікаваны вершы Агаты Шчодрак, Катажыны Саўчук, Аляксандры Пенькош, Яанны Савіцкай і інш. у перакладзе на беларускую мову. У спецвыпуску 2015 г. “Падляшша прэзентуе” змешчаны творы Ізабелы Тонкель, Марэка Петшэлі, Пётра Кавескага і інш. Менавіта ў гэтых спецвыпусках можна пазнаёміцца з творчасцю мастака Аркадыуша Саўчука, які раскрывае змест, стварае настрой сваімі малюнкамі да твораў падляскіх паэтаў і пісьменнікаў, да Квартальніка ўвогуле і асобных томікаў Бібліятэчкі.
На жаль, не на ўсе падораныя мне аўтарамі томікі Бібліятэчкі я напісала водгукі, няхай іх аўтары мне даруюць (Ізабэла Тонкель, Хелена Рамашэўская, Марта Свіць і інш.). Водгукі на некаторыя ўжо “вісяць” на рабочым стале камп’ютара Гжэгажа, чакаюць перакладу (Марыянна Паўлоўская і Пётр Кавескі сярод іх), асобныя томікі ляжаць на маім працоўным стале ў чаканні прачытання, і я абавязкова іх калі-небудзь прачытаю і буду спадзявацца, што для маіх разважанняў знойдзецца месца на старонках будучых нумароў Квартальніка.
Хочацца ад імя ўсіх беларускіх аўтараў і чытачоў павіншаваць часопіс з юбілеем і пажадаць Квартальніку і яго стваральнікам і фундатарам (і ў першую чаргу, канешне ж, Гжэгажу Міхалоўскаму, як галоўнаму рэдактару – рухавіку і натхняльніку маладых талентаў) новых творчых ідэй і ўвасабленняў, адкрыцця новых імёнаў на літаратурным небасхіле Падляшша.
P.S. Пакуль пісаўся віншавальны артыкул, кіраўніцтва Бяла-Падляскай бібліятэкі, нягледзячы на ўсе намаганні грамадскасці горада і, наогул іншых гарадоў як Польшчы, так і Беларусі, Гжэгаж Міхалоўскі быў звольнены з пасады. Вось такая атрымалася “падзяка” за 30 гадоў бездакорнай працы.
Валянціна Гарбачэўская,
загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела
Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага
На фотаздымку: З Гжэгожем Міхалоўскім
Ответить