23.02.2018
Яшчэ не ўзняў пары мой параход,
Не хутка нам да Поўначы дабрацца…
Канікулы. Мне чатырнаццаць год,
Мяне ўзялі геолагі на працу!
Прыезджыя. Але нібы свае,
У суседняй вёсцы сталі напрадвесні.
І вось мы ўжо пад Пінскам, на Палессі,
І нам Валодзя Харчанка пяе
Высоцкага (такіх не чулі) песні!
Усё ў іх ёсць – самота, радасць, злосць,
Ёсць Словы ў іх і ёсць с в а я пявучасць.
Такіх яшчэ мне чуць не давялося,—
У нашай школе гэтаму не вучаць.
І слухаем мы моўчкі дацямна
Прысеўшы ў намёце на саломе
“Я рос, бы ўся дваровая шпана…”
І песня сон кудысьці ўдалеч гоніць.
Я скончыў восем. Я ўжо не малы,
А Харчанка старэй гадоў на дзесяць.
Мы з ім балота топчам больш за месяц.
Ён просіць – дзед каб сплёў мой пасталы –
У Кіеве над ложкам іх павесіць!
…Хапала ў рэках у той час вады,
І хлеба ў нас хапала, і да хлеба.
Хадзілі па Палессі мы тады—
Складалі карты беларускай глебы.
Я з гэтага нічога не забыў,
Ні вёскі той, ні сіняга бяздоння,
Таму што там Высоцкі з намі быў.
І дзякуй Богу, з намі ён і сёння!.
Ответить