Спецыяльна да музычнага марафону арганізатары выпусцілі дыск з 55 песнямі берасцейскіх выканаўцаў. Так званы “першы музычны блін” павінен быў пакаштаваць бясплатна кожны наведвальнік фэсту, але, на жаль, гэтага не адбылося. Дзве скрыні з “гукамі вясны” спачатку спрабавала канфіскаваць берасцейская міліцыя (нібыта на нумар 102 паступіла ананімная інфармацыя, што ў клубе распаўсюджваюца дыскі з незразумелым зместам); а ў выніку “музычныя бліны” паехалі ў берасцейскі АБЭЗ. Аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі не спыніў той факт, што на дыску было напісана free mp3 CD (“бясплатны дыск mp3”), а ў рэкламе пазначана, што дыскі будуць раздавацца бясплатна.
Але наведвальнікі фэста не засталіся без падарункаў. У перапынках паміж выступленнямі артыстаў забаўлялі публіку актывісты кампаніі “Будзьма” – Павел Белавус і Зьміцер Папко (Vinsent) – ладзілі конкурсы і дарылі падарункі – торбы, цішоткі, складанкі лепшай беларускамоўнай рок-музыкі. Але галоўны настрой у гэты вечар стваралі, канечне, музыкі! Ужо з першых хвілінаў захапіў публіку сваімі пераканаўчымі рыфмамі вядомы беларускі рэпер Vinsent. Кранальная лірыка і неверагодная энергетыка нашага земляка (Зміцер Папко нарадзіўся ў Івацэвічах, а цяпер навучаецца і займаецца творчасцю ў Менску) наўрад ці кагосьці пакінулі абыякавым.
Вясна ў залі заззяла з першымі нотамі спявачкі Праны – адзінай дзяўчыны, якая суботнім вечарам выходзіла на сцэну. Яркая, пазітыўная, энергічная PRANA сапраўды сымбалізавала сабой вясну і здолела “запаліць” публіку. Пасля яе “агонь” у сэрцах і вачах прыхільнікаў рока падтрымлівалі ўжо хлопцы – з гуртоў Amerta, СПРАТ, The Fraiz, Ushuaia, B:N: і “Сьцяна”. Апошнія, дарэчы, прэзентавалі для берасцейскай публікі свой новы альбом “Кропка вяртання”.
Гледзячы на сённяшняе надвор’е, верыцца, што вясна прыйшла ў наш горад надоўга. Яе лёс вырашаны. А вось лёс канфіскаваных дыскаў пакуль невядомы. Наклад дагэтуль застаецца ў АБЭЗ. Хочацца спадзявацца, што ў хуткім часе “музычныя бліны” знойдуць сваіх уладальнікаў і яшчэ больш падмацуюць цудоўны вясновы настрой.
Ответить