Атмасфера на доўгачаканым для берасцейцаў канцэрце стварылася незвычайная. Здавалася, што не было “выпадковых” людзей, усе з цікавасцю слухалі песні, шчырыя маналогі, гісторыі з жыцця музыкі і нават показкі. Гучалі кампазіцыі на вершы класікаў беларускай літаратуры Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Някляева і іншых. Спяваў Вайцюшкевіч таксама на польскай і японскай мовах. У праграме — лепшыя песні з альбомаў «Паравіны году», «Цацачная крама», «Песні з доўгай шуфляды», «Калыханкі», «Паравоз Кахання», «Я нарадзіўся тут» і інш. А пасля – 39-гадовы бард распавёў “БК” пра тое, як змяніліся яго погляды з цягам часу.
—Зьміцер, як атрымалася, што Вы выступалі ў 25-ці краінах свету, а да Брэста наведваецеся першы раз?
— Раней мне здавалася, каб рэалізавацца як музыка, неабходна ездзіць ў Варшаву, Берлін, Парыж, Нью-Йорк ці Токіо… А зараз я змяніў свой погляд. Лічу, калі ты беларускі артыст — мусіш выступаць у сябе на радзіме, таксама і ў невялікіх мястэчках. Нягледзячы на складанасці з арганізацыяй канцэртаў, варта прыязджаць і размаўляць з людзьмі. Таму ў Берасце планую наведвацца абавязкова раз на год.
—Якія ўражанні ад брэсцкай публікі?
— Вельмі цёплыя. Напэўна, усе ведалі, куды яны ідуць, і таму слухалі ўважліва. Напрыканцы мне, папраўдзе, не хацелася сыходзіць… Прыемна, што пасля выступу я пазнаеміўся з жанчынай, якая мае ўсе мае 11 дыскаў. Такія сустрэчы рушаць стэрэатыпы, нібы ў беларускіх выканаўцаў няма свайго слухача. Я намагаюся на сцэне выказваць свае думкі, спяваць пра тое, што мне падабаецца. І людзі гэта адчуваюць…
— Аднойчы Вы сказалі, што “калі ідзеш на авантуры, лёс пачынае любіць цябе”. Зараз у Вашым жыцці шмат авантур?
— Так, мне падабаюцца авантуры, і я бачу ў гэтым сэнс. Напэўна, гэта звязана з маім гараскопам (Рак. — Прым. аўтара). Але калі шукаеш незвычайнае, павінна быць добрая кампанія. Вось з Уладзімірам Некляевым і Лявонам Вольскім я гатоў на любыя прыгоды.
— У Вашым творчым багажы ўжо ёсць японскі, польскі, шведскі альбомы, на словы Уладзіміра Маякоўскага… А спрабавалі пісаць уласныя вершы і музыку да іх?
— Гадоў сем таму былі намаганні, але гэта смешна выглядала. У мяне вельмі таленавітыя сааўтары, таму дастаткова канцэнтравацца на музыцы і на размовах з гледачом. І людзям цікава тое, што я раблю. Магчыма, у 70 гадоў напішу нешта сваё. У гэты час я бачу сабе белазубым дзедам, які жыве на беразе Немана і час ад часу дае інтэрв’ю прыгожым журналісткам.
— Дарэчы, ужо даўно Вы набылі хутар Вайцюшкі ля роднай Бярозаўкі, што ў Лідскім раёне на Гродзеншчыне. Як часта там зараз бываеце?
– Сам я жыву ў Мінску, але раз на месяц прыязджаю. На Нёмане мне спакайней і прыемней, адпачываю ад сталіцы… Зараз там ідзе рэканструкцыя, хачу стварыць добрыя ўмовы, каб можна было прыязджаць і круглы год прымаць гасцей.
—Вас з радасцю запрашаюць у шматлікія краіны. Ніколі не думалі эміграваць?
— Мне хацелася б жыць у Парыжы. Напэўна, можна было б застацца ў Варшаве ці ў Амерыцы. Але каб там пражыць, трэба асвойваць іншую прафесію, а я хачу спяваць і размаўляць з гледачамі па-беларуску. Жадаю ў сваей краіне зрабіць усе, што ад мяне залежыць, каб напрыканцы жыцця не было адчування “мог змяніць сітуацыю, але нічога дзеля гэтага не зрабіў”.
— Які зараз у Вас творчы настрой?
— Кожны месяц даю больш дзесяці канцэртаў, запісваю 12-ты дыск. Есць намер стварыць што-небудзь па творах аднаго з амерыканскіх паэтаў. Лічу, што выдаваць раз на год альбом – натуральна для музыкі. Я ж не працую на мясакамбінаце і не кірую заводам. Песні – гэта мой хлеб. А пра творчы настрой узгадаю Маякоўскага:” Все меньше любится, все меньше дерзается, и лоб мой время с разбега крушит. Приходит страшнейшая из амортизаций — амортизация сердца и души…”.
— Змiцер, Вы таксама вядомы сваёй грамадзянскай пазiцыяй. Выступалi за правядзенне перапiсу насельніцтва па-беларуску, за адмену смяротнага пакарання. Супраць чаго выступілі б сення?
— Больш за ўсё мяне хвалююць пытанні беларускай культуры. Таму што з людзьмі ніхто не гаворыць па-беларуску. А выступ беларускага музыкі для абласнога цэнтра — гэта нервовая падзея для мясцовых ўладаў. Павінна быць наадварот — хлеб, соль, можа нават сустрэча з мэрам… Але мы, беларусы, заўседы любім чужое, і нас больш цікавяць амерыканскія навіны, чым тое, што адбываецца ў краіне.
0 комментариев
Anonymous User
02.05.2010 в 22:16