Тыдзень таму, у нядзелю, я таксама здзейсніла першую паездку ў Забалацце, шчыра спадзеючыся на невялікую, максімум трохгадзінную, прагулку за мяжу. Нават не снедала з раніцы, каб больш паваляцца ў ложку (уставаць на сямігадзінны цягнік усё ж нялёгка), а марна не падсілкавалася: кажуць, пры стрэсах страўнік не павінен быць пустым.
Адразу скажу, што танны шопінг мяне не надта цікавіў. Сэканоміць я хацела толькі на білетах да Адэсы. Вядома ж, што з украінскага Ковеля ехаць чыгункай не так затратна, як з Брэста.
Напачатку ўсё ішло па плану. Народу нядзельнай раніцай назбіралася няшмат, і я даволі ўтульна прымасцілася ля акна. Яшчэ раз паглядзела білет «Брэст Паўднёвы – Забалацце», парадавалася яго кошту (2900 руб.) і ненадоўга задрамала. Частыя прыпынкі таксама не назалялі: іх проста не было, цягнік спыняўся толькі некалькі разоў на больш-менш буйных станцыях.
І вось Хаціслаў. Мяжа і, адпаведна, мытня. Гэтае першае выпрабаванне я прайшла хутчэй з цікаўнасцю, бо дагэтуль не прыходзілася бываць на чыгуначных прапускных пунктах. І ўсё ж працэдура праверкі пашпартоў паказалася мне доўгай.
Нарэшце едзем. Нядоўга – Забалацце ўжо недалёка. З усмешкай успамінаю радкі артыкула маёй папярэдніцы па «замежным туры» Л. Паўлавай пра тое, як неабачліва яна села ў сярэдні вагон цягніка: я зрабіла тую ж памылку (можа, таму там і месцы былі вольныя?..) За неабачлівасць прыйшлося расплачвацца працяглым стаяннем ў доўгай чарзе на выхад, але і гэта, шчыра кажучы, не вельмі ўзрушыла. Я разумела нервовую мітусню людзей, якім трэба было паспець зрабіць шэраг пакупак, многіх прапускала і ледзьве не апошняй выйшла на волю. Тут жа па нявыгаднаму курсу (7.08 грн да $1) памяняла грошы і пайшла шукаць вакзал.
Канечне, спакуса зазірнуць спачатку на слынны рынак была, аднак затрымлівацца ў Забалацці не хацелася. Разлік да нельга просты: узяць білеты і сесці на той жа цягнік, якім прыехала. На ўсё пра ўсё 20 хвілін. Хопіць? Безумоўна, хопіць!
Здрадлівая цень сумнення ў гэтым пранеслася ў свядомасці, як толькі я пераступіла парог вакзала – аказалася, далёка не ўсе мае спадарожнікі ехалі за пакупкамі, многія мелі на мэце тое ж, што і я. Адным словам, і тут я стала апошняй. «Ну што ж, у дванаццаць васемнаццаць наступны рэйс. Можа, так і лепш: за гадзіну вазьму білет, ды гадзіна застанецца на азнаямленне з мястэчкам».
Аднак надзеі рушыліся на вачах, гэтак жа як на вачах адыходзіў дванаццацігадзінны састаў. Урэшце, сітуацыя мела і свае плюсы. Калі дагэтуль страсці ў чарзе накаляліся – амбітныя падарожнікі падганялі і адзін аднаго, і касіра, і саміх сябе, то пасля адпраўкі цягніка да ўсіх дайшло: больш спяшацца няма куды. Наступны чыгуначны рэйс толькі ў пачатку шостай вечара. Аб’яднаныя збегам абставінаў, мы адчулі ў суседзях родныя душы – і давай дзяліцца ўражаннямі ад мінулых паездак на моры! У нечаканай весялосці нашай выразна адчуваліся прыкметы істэрыі і нервозу, якія значна ўзмацніліся пасля закрыцця касы на абедзенны перапынак.
І ўсё ж пакуты сябе апраўдалі. У 14.15, праз 4,5 гадзіны стаяння ў чарзе, я атрымала запаветныя білеты па нечакана нізкім кошце (каля $30 у два бакі без перасадак). Шчасцю не было межаў. Эйфарыя і прадчуванне цікавага адпачынку неяк упрыгожылі астатняе чаканне транспарту.
Заставалася пацярпець няшмат – толькі чаргу да мытнага праверачнага пункта (на гэты раз я апошняй ужо не была!), заўзяты абмен інфармацыяй «што–дзе–у які кошт–навошта вам–няхай будзе», яшчэ больш доўгую праверку дакументаў у Хаціславе і шумную дэгустацыю гарэлачных вырабаў суседзямі-пасажырамі. Каля васьмі гадзін вечара, замест дванаццаці дня, я нарэшце пераступіла парог роднай кватэры. Стомленая, галодная, я не хацела нават чуць слова «Забалацце», абяцаючы сабе, што гэтая паездка была апошняй: за білетамі на поўдзень можна і ў Ковель з’ездзіць.
На наступны дзень атрымала пісьмо ад сяброўкі: «Думаецца, Іна Анатольеўна, ёсць неабходнасць узнагародзіць Вас за праяўленыя ў Забалацці стойкасць, гераізм і мужнасць (я ведаю, што гэта – туды паехаць. Павер! А яшчэ ведае мая дублёнка, што засталася без гузікаў…)» Стала смешна нават са свайго дрэннага настрою мінулым вечарам.
Як гаворыцца, папярэджаны – значыць, узброены. Будзьце пільнымі, прадбачлівымі і вынаходлівымі пры паездках у бліжняе замежжа з шопінгавымі мэтамі. Тады і вы самі, і вашыя гузікі застануцца цэлымі. І яшчэ: снедайце – стрэс сапраўды разбурае страўнік…
Ответить