У якасці прыкладу такога «непаразумення» старшыня БАЖ прывяла сітуацыю, якая склалася вакол інтэрнет-газеты «Салідарнасць» і яе ўзаемаадносінаў з некаторымі лідэрамі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.
«Я катэгарычна стаўлю свой подпіс супраць непапулярных крокаў у дачыненні да рэдакцыйных калектываў з жаданнем падначаліць і прымусіць зрабіць тое, што хочуць лідэры», — сказала Жанна Літвіна, спаслаўшыся на заяву з патрабаваннем спыніць атакі на «Салідарнасць», якую падпісалі вядомыя беларускія журналісты і выдаўцы.
У той жа час, на думку лідэра БАЖ, перыяд напярэдадні выбараў спрыяльны калі не для стварэння агульнай стратэгіі, то для вызначэння накірункаў узаемадзеяння паміж палітыкамі, прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый і журналістамі. Дзеля гэтага палітыкам трэба надаваць больш увагі адстойванню свабоды слова і выказвання ў сваіх палітычных праграмах.
«Гэта наша патрабаванне, калі хочаце, наш ультыматум: у сістэме палітычных праграм павінен быць пункт з патрабаваннем рэфармаваць медыя-сферу. Калі вы (палітыкі. — Прэс-служба ГА „БАЖ“) нас не падтрымаеце, то і ў будучым нічога добрага чакаць не прыйдзецца», — падкрэсліла Жанна Літвіна.
Разам з тым, журналісцкая супольнасць не адмаўляецца ад падтрымкі палітычных партый і кааліцый. Аб гатоўнасці дапамагчы супрацоўнікам прэсавых службаў, навучыць іх працаваць з журналістамі і СМІ гаварыў падчас сваёй прамовы сябра Праўлення ГА «БАЖ» Аляксандр Коктыш. Дарэчы, гэткі вопыт у БАЖ ужо ёсць.
Нялішнім, на думку Аляксандра Коктыша (і з гэтым, як паказаў далейшы ход дыскусіі, пагадзілася большасць прысутных), было б і стварэнне палітыка-журналісцкага дыскусійнага клуба.
«Менавіта так можна было б выпрацаваць нейкія агульныя правілы гульні, метады супрацоўніцтва і спосабы вырашэння спрэчных пытанняў», — упэўнены Аляксандр Коктыш.
Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»
Ответить