Спецыялісты гарадскога аддзела адукацыі Брэста кажуць, што для стварэння беларускамоўнага класа, гэтак жа як і класаў з мовай нацыянальных меншасцяў (польскай, украінскай), дастаткова толькі заявы з боку бацькоў. Пры паступленні ў школу бацькі афармляюць дакументы і пазначаюць, на якой мове жадаюць навучаць сваё дзіця. Такое жаданне будзе абавязкова задаволена, але апошнія гады, як адзначыла спецыяліст аддзела адукацы Брэсцкага гарвыканкама Наталля Казак, падобных заяваў не было: “У любым класе – першым ці сёмым — паводле заявы быцькоў мы можам весці адукацыю дзяцей на пажаданай мове. Але за апошнія сем гадоў да нас не паступіла ніводнай заявы».
Праўда, пры гэтым у Брэсце існуе гімназія №3, дзе навучанне вядзецца выключна на беларускай мове. Навучальная ўстанова не ведае праблем з вучнямі: класы, як адзначае Наталля Аркадзьеўна, цалкам укамплектаваны.
У Пінску некалькі гадоў таму існавала беларускамоўная школа, аднак спецыяліст аддзела адукацыі горада кажа, што бацькі, чые дзеці займаліся ў гэтай школе, самі адмовіліся ад беларускай мовы навучання, што і стала прычынай знікнення такой школы. Супрацоўнікі аддзела адукацыі Пінскага райвыканкама кажуць, што ў раёне, зрэшты як і па ўсёй вобласці, беларускамоўныя школы і класы засталіся толькі ў вёсках (“на сёння ў нашым раёне існуе прыкладна палова расейскамоўных і палова беларускамоўных школ»).
Старшыня баранавіцкай рады Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Віктар Сырыца канстатуе, што нягледзячы на вынікі перапісу насельніцтва, паводле якога больш за 70% гараджан назвалі сваёй роднай мовай беларускую, сітуацыя ў адукацыі выглядае зусім па-іншаму. Ён адзначае, што ў горадзе высілкамі гэтай арганізацыі робяцца захады па стварэнні класа з роднай мовай навучання. «У Баранавічах няма ні школ, ні нават класаў з беларускай мовай навучання. А яшчэ чатыры гады таму існавала ў нас чатыры класы. Цяпер усё гэта знікла. У гэтым навучальным годзе маем надзею на стварэнне класа з 10-12 дзетак і чакаем, што будуць напісаны заявы ў аддзел адукацыі», — кажа Віктар Сырыца і заўважае, што бацькі самі не жадаюць аддаваць дзяцей у беларускамоўныя класы, бо пазней немагчыма адшукаць ВНУ, дзе навучанне вялося б па-беларуску.
Настаўнік хіміі брэсцкай школы №10 Уладзіслаў Лупакоў лічыць, што праблема з мовай якраз педагагічная: “Сённяшнія палітыкі, дыпламаты, кіраўнікі — усе яны выпускнікі школ. Але вось толькі навыкаў вуснага маўлення ў школах яны не набылі. Каб вырашыць гэту праблему, варта проста зазірнуць у мінулае, выкарыстаць вопыт дарэвалюцыйных школ. Да настаўніка, нават па-за сценамі школы, не прынята было звяртацца на мове, адрознай ад той, на якой вяліся прадметы. Гэта ўспрымалася як дзёрзкасць, непавага. А з пазіцыі настаўніка гэта таксама быў дадатковы прыём навучыць свайму прадмету. Таму сёння праблему беларускай мовы можна практычна не абмяркоўваць, пакуль самі настаўнікі беларускай мовы не пачнуць размаўляць і ў прыватным, і ў прафесійным жыцці па-беларуску. Павінен быць прыклад. Справа настаўніка — навучыць свайму прадмету выхаванцаў. І гэтае імкненне патрэбна не толькі заахвочваць, але часам і патрабаваць”.
Настаўнік адзначае, што цяпер можа і не варта вывучаць у школах беларускую мову як родную. Слоўнікавы запас дзяцей надзвычай малы, і трэба скарыстоўваць вопыт навучання замежным мовам, калі вывучаюцца на ўроку словы, павялічваецца слоўнікавы запас, звяртаць больш увагі на практычныя заняткі (спачатку лексіка, а потым правапіс). На вяртанне нармальнага статусу мове не патрэбны дзесяцігоддзі, дастаткова будзе нават адной школьнай чвэрці.
Варта мець на ўвазе, што з-за адсутнасці навыкаў маўлення ў Беларусі на сёння практычна няма беларускамоўнага тэлебачання, беларускамоўных СМІ, а людзі не ўмеюць гаварыць па-беларуску, нават калі па гэтым прадмеце ў іх стаіць высокая адзнака. Між тым ніхто нікому не забараняе размаўляць на роднай мове ў сваім паўсядзённым, прафесійным жыцці. Людзі з дзяцінства прывыклі ўспрымаць беларускае слова як адарванае ад жыцця. І ў гэтым мы самі вінаваты, бо часта адносімся да навучання мове фармальна. І гэта трэба пераадольваць.
0 комментариев
Anonymous User
30.07.2010 в 02:01Яўген
30.07.2010 в 02:01Дастаткова спрэчных месцаў тут.
Усё прасцей. У Чэхіі ў свой час уся адукацыйная смсіэма працавала на нямецкай мове. варта было зрабіць чэшскамоўныя ўніверсітэты — і працэс пайшоў. Але для гэтага трэба, каб было разуменне культуры, і каб рашэнні прымала эліта.Вось тут у нас завязаўся вузел. Развязаць яго — і ўсё наладзіцца, Сярожа.