Я паспрабавала ўпэўніцца ў гэтым сцвярджэнні эксперыментальным шляхам – з дапамогай бліц-апытання, праведзенага сярод малодшых школьнікаў і школьнікаў сярэдняга звяна, студэнтаў, працоўнай моладзі, людзей сталага і пажылога ўзросту г. Брэста і вобласці. Адзінае пытанне гучала так: «З чым асацыіруецца ў вашай свядомасці слова «настаўнік»?»
Чацвёртаклашкі брэсцкай сярэдняй школы № 7 шчыра парадавалі, хоць паняцце «асацыяцыя» аказалася пакуль для іх непад’ёмным. «Настаўнік – гэта разумны чалавек, ён ведае амаль усё», «Гэта чалавек, які можа ўсяму навучыць дзіця», «Гэта той, хто дапамагае нам дасягнуць поспехаў», «Настаўнік вучыць нас урокам. Яна вельмі добрая» – вось тыповыя адказы 9–10-гадовых школьнікаў.
Не ведаю, пісалі праўду ці крывадушнічалі з-за прысутнасці педагога вучні 8 класа школы № 2 г. Іванава, але іх адказы насуперак маім чаканням па танальнасці ненашмат адрозніваліся ад адказаў іх малодшых калегаў: «Настаўнікі – гэта нашы другія мамы» (вось што значыць, школьны жаночы калектыў. З мужчынамі прафесію перастаюць суадносіць), «Гэта той, хто вядзе нас у будучыню» ды «Той, хто вучыць нас дабру». І больш прагматычныя: «Той, хто ведае свой прадмет», «Адукаваны чалавек, які паважае сябе», «Чалавек, які перадае нам веды» і т.п.
Стэрэатыпы нашага мыслення выразна паказалі студэнты, што сыпалі асацыяцыямі тыпу: указка, акуляры, падручнік, лінейка на 1 верасня, дошка, класны кіраўнік, падручнік, журнал, адзнакі, сшыткі, глобус. Тым прыемней было чуць такія ўзвышаныя асацыяцыі, як святло, кумір, лідэр, матывацыя, выхаванасць… Цікавым, не пазбаўленым пэўнай логікі, падаўся і такі адказ: «Настаўнік – гэта жанчына, у якой не склалася жыццё».
Вылаўленыя на вуліцах Брэста рэспандэнты ад 25 і больш гадоў таксама разышліся ў поглядах. Для адных настаўнік – гэта прыклад для пераймання, прызванне, першы сябар, веды, лад жыцця, пуцёўка ў жыццё; для другіх ён асацыіруецца з нейтральнымі дысцыплінай, працай, прафесіяй; для трэціх –агрэсіўнасцю і жудасцю. Трэба адзначыць, што з усіх апытаных брэстаўчан гэтай узроставай катэгорыі працэнтаў 20 называлі ў якасці асацыяцыі сваю першую настаўніцу, многія нават прыпаміналі яе імя і імя па бацьку, пускаліся ў прыемныя ўспаміны.
Падкрэслю, што з апытаных больш як паўсотні людзей я атрымала толькі дзве выразна негатыўныя асацыяцыі, і толькі некалькі чалавек зусім не пажадалі выказваць свой пункт погляду. Вынікі гэтага самадзейнага сацапытвання паказваюць, што не такі ўжо і нізкі аўтарытэт настаўніка ў грамадстве, хоць і дастаткова высокім, як гэта павінна быць, яго таксама не назавеш. Аналізуючы адказы дарослых і дзяцей, нельга не заўважыць тэндэнцыю: найбольшую павагу да педагога адчуваюць школьнікі, асабліва малодшыя, і пенсіянеры, што гадаваліся ў часы, калі людзі гэтай высакароднай прафесіі лічыліся сапраўднай інтэлігенцыяй.
Дарэчы, адна з кабет сталага веку падышла да мяне пасля нашай з ёй размовы і выказала, хоць і не зусім у тэму, слушную думку: «На 80 % адносіны вучняў да настаўніка залежаць ад бацькоў». Так-то яно так, але ж думаецца, што сям’я ў гэтым выпадку толькі падкрэслівае, а не стварае агульную тэндэнцыю.
Хоць тут не ставілася за мэту шукаць першапрычыны неадпаведных адносінаў грамадскасці да педагогаў, аднак цяжка ўтрымацца, каб не падзяліцца пад заслону меркаваннем адной з настаўніц, на якое я выпадкова натрапіла, гартаючы старонкі айчынных тэматычных форумаў: «Чаму такая грэблівасць, пытаеце? Проста настаўнік зараз стаіць у сітуацыі, калі ён усім вінен – дзецям, бацькам, адміністрацыі. Павінен навучыць, выхаваць, павінен паказаць паперку, што сапраўды вучыў і выхоўваў; пагаварыў з вучнем – вазьмі ў яго распіску, што размаўляў; выклікаў бацькоў – зноў распішыцеся мама з татам, што я вас папярэджваў; правёў класную гадзіну – дзе план, справаздача з аналізам і высновамі? Ну пра тое, што ўрокі без плана весці не вельмі good, я наогул маўчу. Карацей, творчая па сутнасці праца ператварылася ў чыстую бюракратыю». (http://rebenok.by/community)
Забылася яшчэ расказаць паважаная аўтарка, як штомесяц педагогі павінны збіраць грошы: на школу, на клас, на нешта яшчэ. Справавод і казначэй – такія асацыяцыі са словам «настаўнік» штодзень, напэўна, узнікаюць у галавах саміх сейбітаў разумнага, добрага, вечнага.
0 комментариев
Anonymous User
29.09.2010 в 20:12настаунiца
29.09.2010 в 20:12поунасцю згаджаюся з апошнiмi 2 абзацамi!!!!!!!
Маша
29.09.2010 в 21:14Шаноўная Інна! Дзякую за цудоўны артыкул! Шмат незвычайнага і цікавага распазнала!..Асабліва уразілі адказы вучняў родная Іванаўскай школы! 🙂
Буду з радасцю чакаць новых споведаў!!!
Іна Хоміч
11.10.2010 в 15:23Дзякую вам, паважаныя! Зваротная сувязь — лепшая ўзнагарода для журналіста