Падазраю, што згаданае імя далёка не ва ўсіх на слыху, таму для даведкі: Зміцер Вайцюшкевіч – колішні ўдзельнік знакамітага айчыннага фольк-гурта «Палац», заснавальнік не менш нашумелага калектыву «Крыві» і наступнага за ім «WZ-orkiestra», мастацкім кіраўніком якога ён з’яўляецца і на сёння. Не менш актыўная сольная дзейнасць музыканта, які выдаў больш дзесятка альбомаў выдатных беларускамоўных рэчаў. За мяжой Вайцюшкевіча ведаюць таксама як кампазітара песняў на словы Уладзіміра Маякоўскага (альбом «MW», дарэчы, музеем Маякоўскага на Лубянцы прызнаны лепшым за ўсю гісторыю напісання музыкі на словы рускага паэта) і аўтара сумеснага праекту з Дзіцячым фондам UNICEF «Калыханкі».
Чаму «плача» песня наша?
Было б не так прыкра, каб праваліўся рокавы канцэрт – недзе ў душы можна было б нават паганарыцца за моладзь, якая раптам адмовілася ад эпатажу і крыклівасці. Серыя ж канцэртаў З. Вайцюшкевіча праводзіцца ў межах асветніцкай, а зусім не камерцыйнай, кампаніі «Будзьма беларусамі!», накіраванай на папулярызацыю роднай культуры. Таму фіяска ў Кобрыне міжволі ўспрынялося як нежаданне «тутэйшых» быць тымі самымі беларусамі.
Разам з тым на дзень раней прайшоў выдатны канцэрт артыста ў Пружанах. Задаволены прыёмам Вайцюшкевіч абяцаў наведаць утульны гарадок яшчэ. Гэты факт істотна муціць ваду і прымушае больш дэтальна разбірацца ў кобрынскай падзеі.
«У пошуках адказаў на пытанні…»
Правяраць думку, што сучасны малады чалавек не вельмі ахвотна ходзіць на беларускамоўныя мерапрыемствы, я пайшла да начальніка аддзела па справах моладзі Брэсцкага гарвыканкама Таццяны Барышчык. Яна запэўніла, што моўнае пытанне – зусім не прычына нераскупляльнасці білетаў на канцэрт. «Са свайго вопыту скажу, што на 90 % поспех любой кампаніі залежыць ад папярэдняй рэкламы, – падзялілася Т.С. Барышчык. — Публіка зараз спакушаная. У апошні час мы нават пачалі практыкаваць такую форму прыцягнення ўвагі, як флэш-моб у дзень мерапрыемства. І гэта дзейнічае. Таму амаль з упэўненасцю можна сказаць, што ў Кобрыне недапрацавалі арганізатары».
Думку начальніка па справах моладзі ненаўмысна пацвердзіла і завуч па выхаваўчай працы адной са школ Кобрына, разгублена адказаўшы па тэлефоне, што не ведала ні пра які канцэрт. А між тым менавіта школьнікі ды выхаванцы дашкольных устаноў былі асноўнай мэтавай групай першай – дзіцячай — імпрэзы.
Да вытокаў
Арганізатарам канцэртаў З. Вайцюшкевіча ў Брэсцкай вобласці з’яўляецца прома-група «Зала чакання». Кіраўніка суполкі, Зміцера Назарава, я і распытала пра падрабязнасці рэкламнай кампаніі культмерапрыемстваў, а таксама пра яго бачанне гэтай досыць недарэчнай сітуацыі.
– Хто рабіў рэкламу канцэрта Вайцюшкевіча ў Кобрыне?
– Гэтым займалася адміністрацыя мясцовага Дома культуры. Я не магу на 100% ацаніць тую інфармацыйную працу. Бачыў, што афішы віселі. Дырэктар ДК запэўніла мяне, што тэлефанавала і па навучальных установах.
– А Пружаны?
– У Пружанах (у палацы Швыкоўскіх) канцэрт прайшоў проста цудоўна! І гэта ўлічваючы той факт, што адначасова паказвалі спектакль у межах «Белай Вежы» ў гарадскім ДК, а там ужо парупіліся над запаўняльнасцю залы. Вялікі дзякуй дырэктару музея Юрыю Зяленка за агромністую дапамогу ў арганізацыі.
– Наколькі прома-група ўпэўнена ў зацікаўленасці мясцовых ДК у канцэртах, якія вы ім прапануеце?
– Яны зацікаўлены толькі ў тых праектах, якія адразу падаюцца фінансава прыбытковымі. А раскруткай беларускіх «нефарматных» выканаўцаў не хоча займацца ні адзін дзяржаўны орган. Дадам, што менавіта СМІ – маю на ўвазе тэлебачанне і радыё – і ствараюць гэтыя «фарматы». Таму часам нават работнікі культуры не ведаюць беларускіх гуртоў, а пра звычайных людзей наогул маўчу.
– Як цяжка зацягнуць сучаснага чалавека на канцэрт? Асабліва калі гэта канцэрт беларускамоўны?
– Мы дайшлі да таго, што беларускамоўная культура не цікавая для сучаснай моладзі (я кажу зараз пра большасць), бо дзяржава не папулярызуе яе патрэбным чынам. У нас папулярна – гэта спяваць злодзейскія песні (поўныя залі), песні пра каханне пад фанеру і браць за гэта 25 000 і больш… Вось гэта дапамагае прасоўваць і прадаваць квіткі. Да таго ж моладзь перайшла на віртуальныя метады зносін (зноў-такі пра большасць кажу), і канцэрты іх ужо не хвалююць.
Высновы: усё тыя ж
Як бачым, перад намі такі звычайны ў жыцці выпадак, калі кожны пункт погляду на праблему слушны. І адвечныя пытанні «Хто вінаваты?» і «Куды ідзем?» не павісаюць у паветры – проста кожны выбірае адказ па душы і па сваім чалавеча-нацыянальным сумленні.
А каб падбавіць чытачам яшчэ матэрыялу для разваг, зноў працытую З. Назарава: «З адным менскім гуртом я наведаў польскі горад Зялёна Гура. У камбінаце культуры (гэта такі вялікі комплекс з амфітэатрам і гатэлем для музыкаў) у «калідоры славы» вісяць афішкі знакамітых сусветных музыкантаў, якія там выступалі. Сярод іх і афіша беларускага аркестра «Усход – Захад» на чале са З. Вайцюшкевічам. Я звярнуў на гэта ўвагу дырэктара, і той з вялікай павагай пачаў расказваць, які цудоўны канцэрт тады атрымаўся і як людзі стоячы апладыравалі».
А ў беларускім Кобрыне не прадалі ніводнага білета…
фота Мікалая Дубінчука
Зміцер Вайцюшкевіч у Пружанах
0 комментариев
Anonymous User
23.09.2010 в 13:55Усходнi
23.09.2010 в 13:55Абураюць падобныя выпадкi.
Ганьба жыхарам Кобрына.
reader
27.09.2010 в 11:08Нарэшце пра зладзейскі шансон самакрытычна, што да постсавецкай папуляцыі, прагучала
Maria
27.09.2010 в 11:43Гэта яшчэ раз пацвярджае тое, што найперш трэба імкнуцца выхоўваць культуру ў моладзі, пачынаць гэта неабходна з настаўнікаў у школе, якія выкладаюць родную мову… І рабіць добрую рэкламу…
Павел
29.09.2010 в 08:17Прывітанне, шаноўнае спадарства! Быў неяк у Кобрыне (сам жыву ў Жабінцы), зайшоў у гарадскі дом культуры набыць квіткі на рок-оперу «Юнона і Авось». Дык вось там вісела афіша канцэрта Зміцера Вайцюшкевіча ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ. Гэтую ашіфу на ўласныя вочу бачыў і я і мая сяброўка. Мне падабаецца творчасць спадара Вайцюшкевіча, але дзіцячая праграма мяне, натуральна, не прывабіла. Так што ў правале гэтага канцэрта ў Кобрыне хутчэй за ўсе вінаваты той, хто рыхтаваў афішы ды развешваў іх па горадзе.
Лявон
20.05.2012 в 12:45Мне прыемна слухаць песьні ,як сьпявае Вайцюшкевіч.
Жадаю яму усяго добрага у жыцці і працы.
З павагай-Лявон.