Яркай жа адметнасцю будучых выбараў з’яўляецца тое, што пройдуць яны ва ўмовах крызісу ў стасунках з Расіяй. Абвастрае сітуацыю таксама “самазабойства” журналіста Алега Бебеніна, шырокі водгук набыў відэаролік афіцэра расійскага спецназа, у якім прагучала магчымасць замаху на жыцце кіраўніка Беларусі. У такіх абставінах пачалася падрыхтоўка да выбраў. ЦВК ужо прымае рэгістрацыйныя дакументы ад патэнцыяльных кандыдатаў. Праўда, заявак пакуль вельмі мала. Палітыкі не спяшаюцца, матывуючы гэта тым, што чым пазней будуць здадзены дакументы, тым лепш, бо іх не так дасканала будуць даследаваць. Пакуль штабы заняты арганізацыйнай працай.
Арганізацыйная праца дэмакратычных сіл знайшла сваё адлюстраванне падчас форумаў, якія адбыліся ва ўсіх абласных гарадах краіны. Такое мерапрыемства прайшло і ў Брэсце. І варта адзначыць, што на фоне іншых абласцей Беларусі берасцейскія дэмакратычныя сілы ў пэўнай ступені кансалідаваныя.
Старшыня берасцейскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Коўш гаворыць, што ў вобласці цяпер ствараюцца два найбольш буйныя штабы, якія будуць займацца зборам подпісаў і рабіць астатнюю працу. Гэта штабы Яраслава Раманчука і Уладзіміра Някляева. Тым не менш паміж прадстаўнікамі ўсіх апазіцыйных структур абласнога цэнтра існуюць дамоўленасці аб супрацоўніцтве.
— Цяпер мы дамаўляемся раўнамерна размеркавацца па акругах, каб вылучыць сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя і больш высокага рангу выбарчыя камісіі. Наступны момант супрацоўніцтва — гэта каардынацыя назірання падчас правядзення выбарчай кампаніі, а самае галоўнае — падчас падліку галасоў. Ніякіх супярэчнасцяў паміж прадстаўнікамі самых розных партый у гэтых накірунках няма. Дамоўленасці былі дасягнуты яшчэ на форуме дэмакратычных сіл. Што да сітуацыі ў апазіцыйным асяроддзі — то найбольш істотным момантам гэтай прэзідэнцкай кампаніі з’яўляецца адсутнасць адзінага кандыдата, пра свае амбіцыі заявілі многія. Але для таго, каб рэалізаваць гэтыя амбіцыі, неабходны значныя сродкі. Гэта і чалавечыя, і фінансавыя рэсурсы. Таму ў самы бліжэйшы час будзе зразумела, хто з патэнцыяльных прэтэндэнтаў уступіць у прэзідэнцкую кампанію, — адзначае М.Коўш.
Старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі сацыял-дэмакратаў Ганна Канюс пацвярджае:
— На рэгіянальным узроўні апазіцыйныя сілы ў пэўнай ступені кансалідаваны. Але шэраг актывістаў і нашай партыі, і партыі БНФ, і партыі «Справядлівы свет», і АГП згодны працаваць толькі пры ўмове існавання адзінага кандыдата. Так было і падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Таму дамоўланасць пра адзінага кандыдата стала б дадатковым плюсам для апазіцыі. Многія з вялікай ахвотай далучыліся б тады да кампаніі.
Алесь Рамановіч, актывіст руху «За свабоду» і сябра партыі БНФ з Пінска, гаворыць, што ў яго рэгіёне не ўдалося дасягнуць пэўнай кансалідацыі. Нягледзячы на тое, што ў горадзе існуе шэраг прадстаўнікоў апазіцыйных партый, няшмат людзей будуць ангажаваныя ў прэзідэнцкіх выбарах:
— Да выбараў найбольш актыўна рыхтаваўся рух «За свабоду», ужо нават была сабрана ініцыятыўная група, у якую ўвайшлі каля дзесяці чалавек. Але цяпер, пасля адмовы Аляксандра Мілінкевіча вылучаць сваю кандыдатуру, цяжка сказаць, хто будзе працаваць і на якога кандыдата
У Баранавічах адзінства сярод апазыцыі таксама не існуе. Паводле слоў каардынатара руху «За свабоду» Віктара Сырыцы, прадстаўнікі дэмсілаў часта разам праводзяць сумесныя акцыі. Але на выбарах кожны будзе працаваць асобна:
— Частка людзей падтрымлівае Някляева. Шмат хто — Саннікава. Тыя, хто быў гатовы збіраць подпісы за Аляксандра Мілінкевіча, — цяпер у разгубленасці: мяркую, што некаторыя з іх падтрымліваюць Міхалевіча, іншыя будуць збіраць подпісы за Рыгора Костусева. Няма адзінства, і гэтаму перашкаджае пазіцыя кіраўніцтва партый і рухаў.
Тым часам, як сцвярджаюць вынікі сацыялагічнага апытання, праведзенага Аналітычным цэнтрам “EcooM”, у жніўні за Аляксандра Лукашэнку свае галасы гатовы аддаць 78,1% апытаных. Паводле Цэнтра, кандыдатаў ад апазіцыі гатовы падтрымаць толькі 5,7% апытаных, 2,2% маюць намер прагаласаваць за іншых кандыдатаў. 14,1% рэспандэнтаў не далі адказу на пытанне сацыёлагаў. Паводле ж ліпеньскага апытання, праведзенага ў Беларусі літоўскім цэнтрам Baltic Surveys, у адказах на адкрытае пытанне аб галасаванні на прэзідэнцкіх выбарах (калі апытаныя павінны былі самі ўпісаць прозвішча кандыдата, якому яны аддаюць перавагу) за А. Лукашэнку выказаліся 33% апытаных, у адказах на закрытае пытанне (калі быў прапанаваны спіс з прозвішчамі палітыкаў) за А.Лукашэнку выказаліся 44% апытаных.
Ответить