Уладзімір Арлоў прыехаў у наш горад не ўпершыню. Амаль чатыры гады назад адбылася яго першая прэзентацыя ў Брэсце. «Я з вялікай цеплынёй успамінаю гэтую сустрэчу. Тая кніжка была перакладзена на польскую мову, яна прынесла мне і ўсёй нашай літаратуры вельмі прэстыжную міжнародную прэмію», — зазначыў пісьменнік. У гэтым годзе Уладзімір Арлоў стаў лаўрэатам прэміі «Еўрапейскі паэт свабоды», заснаванай урадам Гданьска (Польшча).
У кнігу «Ля дзікага поля» увайшлі 10 апавяданняў, выбраных амаль з усіх мастацкіх зборнікаў, а таксама аповесць «Сны імператара». Кніжка атрымала назву»Ля дзікага поля», але такога твора ў зборніку няма.
«Сапраўды, няма такога твора, — адзначыў Арлоў, — але яно, гэтае поле, існуе ў тым, што я ўжо напісаў. Гэта твор пра верагоднага аўтара «Слова аб паходзе Ігаравым”. Ён не трапіў у гэтую кніжку. Назва часта жыве самастойна, сваім часам. І гэта той самы выпадак, калі яна даволі шматзначная, адарвалася ад твора і дала назву ўсёй кнізе. Дзікае поле — гэта тыя абшары, адкуль ўрываліся качэўнікі — полаўцы, мангола-татары -бязлітасныя нападнікі на наша старажытнае княства. Пра тое, што прыносіла нам гэта дзікае поле, таксама апавядаецца ў кнізе. Расказана пра падзеі 1563 года, калі Полацк быў захоплены войскам Івана Грознага. Сярод герояў маёй кніжкі ёсць такія асобы, як ваш зямляк Казімір Лышчынскі. Ёсць апавяданне «Ордэн Белай Мышы», якое калiсьцi выклікала скандал, пасля чаго мяне паабяцалі 10 гадоў не друкаваць у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Прайшло ўжо 7 гадоў з таго часу «, — падзяліўся пісьменнік.
Пасля гутаркі аўтар даваў аўтографы. А таксама прачытаў некалькі новых вершаў. На такой добрай ноце прыйшлося і разысціся, бо за акном даўно сцямнела. А так не хацелася пакідаць прыемную кампанію!
Ответить