На яго былі запрошаны госці з Украіны, Польшчы, розных куткоў Беларусі. Чыталі свае вершы, шчыра і даверліва расказвалі аб незабыўных сустрэчах з Нінай Язэпаўнай старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, яе сябры, вядомыя пісьменнікі Анатоль Вярцінскі, Васіль Жуковіч, Міхась Скобла, зямляк Алесь Разанаў. Хораша размаўлялі з Нінай і прысвячалі ёй свае словы ўдзячнасці паэты-берасцейцы Анатоль Крэйдзіч, Лявон Валасюк, Мікола Папека, выкладчыкі універсітэта Генадзь Праневіч, Мікола Аляхновіч, Святлана Варонік, Марыя Новік. Гучалі песні на словы Н.Мацяш у выкананні кампазітара з Іванава Валянціна Перапелкіна і Ніелі Чарвінскай, якая, як прызналася, вывучала беларускую мову, каб лепш было размаўляць з Нінай і спяваць яе песні. Усе, хто ўзнімаўся на сцэну поўнага людзей Дома культуры, нязменна адзначалі вялікі ўклад паэткі ў нацыянальную беларускую літаратуру і культуру.
Пятнаццаць уласных вершаваных кніжак падаравала Ніна Язэпаўна беларускім чытачам. У іх ліку зборнікі “Агмень” (1970), “Удзячнасць” (1973), “Ралля суровая” (1976), “Прыручэнне вясны” (1979), “Поўны келіх” (1982), “Жнівень” (1985), “Паварот на лета” (1986), “Шчаслівай долю назаві” (1980), “Я вас люблю” (1998) і іншыя.Сем кніжак падрыхтавала пісьменніца дзеткам. Яна напісала некалькі п`ес для тэатра і тэлесцэнарыяў. Яе паасобныя творы друкаваліся ў многіх замежных краінах на рускай, украінскай, англійскай, польскай, французскай, нямецкай, балгарскай і іншых мовах. Яна зрабіла пераклады і дала магчымасць беларускім чытачам пазнаёміцца з лепшымі творамі сусветнай літаратуры. У яе перакладзе выйшлі кнігі “У краіне індзейцаў” Жана Аліўе (1973), “Першая справа Мегрэ” (1982), “Планета людзей”, “Маленькі прынц” (1989) — А.дэ Сент-Экзюперы, “Песня з Бярозы” А.Гаўрылюка, “Маруся Чурай” Ліны Кастэнка (1989), “Свет варты вяртання” і “Хвіля” лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі польскай пісьменніцы Віславы Шымборскай. А ўсяго ёю было падрыхтавана і выдана пятнаццаць кніжак перакладаў.
Выступаючыя падкрэслівалі і разнабаковую грамадскую дзейнасць Н.Мацяш. Яна заўжды адклікалася на запрашэнні і, нават будучы прыкаванай да каляскі, адпраўлялася на творчыя сустрэчы ў розныя калектывы. Яна рэдагавала кнігі маладых паэтаў, дапамагала пачаткоўцам, знаходзіла цёплыя словы для ўсіх, хто да яе звяртаўся.
Узначаліўшы Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў, яна многім творцам дапамагла ў прафесійным росце, благаславіла на прыём у пісьменніцкі саюз. Нягледзячы на хваробу, змагла ў сціслы тэрмін сабраць, апрацаваць і падрыхтаваць, можна лічыць, першы ў вобласці літаратурны часопіс “Жырандоля”, у якім убачылі надрукаванымі свае літаратурныя працы больш як паўсотні маладых і сталых аўтараў. На яе рабочым стале побач з раздзеламі чарговай, пятнаццатай кнігі, выхад якой Ніна ўжо не ўбачыла, засталіся гранкі другога нумара “Жырандолі”.
У адной з першых сваіх кніг “Удзячнасць” Н.Мацяш пісала:
На лёс ці варта наракаць?
Ныццем нягоды не адужаць.
Жыцце заўжды – іспыт на мужнасць,
Яе не возьмеш напракат.
З гонарам і годнасцю вытрымала паэтка гэты іспыт, усім жыцем паказваючы прыклад велічы чалавечага духу, стойкасці і непахіснасці, узор бязмернай любові да людзей, самадданага слугавання свайму народу, свайму краю. Як адзначыў навуковец і літаратуразнаўца Генадзь Праневіч, “сваім словам праўды зболенай Ніна Мацяш дарастае сёння да самых высокіх і ахвярных імёнаў у нашай літаратаруры – Л.Геніюш, М.Багдановіча, Цёткі, а можа найперш да самай высокай і ахварная постаці, што пачынае гэты наш духоўны радавод, – да святой Еўфрасініі Полацкай”.
На вялікі жаль, як адзначалі многія выступаючыя на свяце, да крыўднага мала робіцца па ўшанаванні імя славутай жанчыны, па захаванні яе літаратурнай і духоўнай спадчыны. Няма памятнай дошкі на доме, дзе жыла Н.Мацяш, не прысвоена яе імя школе, дзе яна вучылася, не рашаецца пытанне з выдзяленнем памяшкання пад музей, не пачата работа над падрыхтоўкай поўнага збору яе твораў. Гэтымі і іншымі прапанаванымі грамадскасцю пытаннямі не знаходзяць мажлівасці заняцца кіраўнікі адпаведных раённых і абласных структур.
Іван МЕЛЬНІЧУК, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”
Ответить