Глядзіш прафесійна знятыя і зманціраваныя міні-фільмы — і не верыш, што такую вялізную і важную для гісторыі культуры працу ажыццявіў невялікі гурт моладзі усяго толькі 35 чалавек. Знайсці патрэбных людзей з дзвюх абласцей, кожнага наведаць, з кожным пагутарыць, належным чынам апрацаваць сабраны матэрыял, выпусціць шыкоўнай якасці дыск, а пасля наладзіць прэзентацыі ў абодвух абласных цэнтрах – што і гаварыць, высілкаў гэта ўсё патрабуе немалых. Асабліва апошняе, калі ўлічыць, як неахвотна выдзяляюць памяшканні напярэдадні выбараў для любых, нават асветных, мерапрыемстваў нашы «пільныя» чыноўнікі ды рознага рангу начальнікі. Але, відаць, перад намі якраз той выпадак, калі агромністае жаданне падпарадкоўвае сціплыя чалавечыя мажлівасці, выносячы нашы высілкі на якасна іншы ўзровень.
Ініцыятар праекта Інга Сакута зазначае, што ідэя запісу падобнага дыска выношвалася ажно два гады. Тады актывісты гродзенскага грамадскага аб’яднання «Цэнтр «Трэці сектар» (пры падтрымцы якога рэалізуецца і праект «Постаці») узялі інтэрв’ю ва удавы вядомага беларускага празаіка Аляксея Карпюка. Праз паўгода жанчына памерла, а маладыя інтэрв’юеры вырашылі для сябе, што праца з носьбітамі культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці абавязкова мусіць быць працягнута.
Кацярына Марыневіч, адзіная прадстаўніца Берасцейшчыны ў складзе рабочай групы, прапанавала пашырыць геаграфічныя межы праекта і зрабіць яго міжрэгіянальным. Так і атрымалася, што дыск «Постаці» ўтрымлівае інтэрв’ю з жыхарамі гістарычнай Заходняй Беларусі. Першы прафесар былога Брэсцкага педінстытута Уладзімір Калеснік, які паўстагоддзя таму, падобна гэтай моладзі, займаўся адкрыццём і папулярызацыяй літаратуры гэтага рэгіёна, несумненна, быў бы ўсцешаны.
Пра сам дыск можна гаварыць многае. Ён паведамляе, уражвае, развівае, выхоўвае, прымушае і слухаць, і думаць, і дзейнічаць. У кожным з 14 інтэрв’ю, выключна граматна пададзеных для гледача, прасочваецца лёс нацыянальнай культурнай спадчыны. Разьбяр Уладзімір Чыквін, наш зямляк з Камянеччыны, дае аптымістычныя прагнозы на стан народных рамёстваў у Беларусі, не ўпускаючы ніводнага зручнага моманту пазахапляцца такім дасканалым, на яго думку, прадметам, як драўляная лыжка, якіх зрабіў за сваё жыццё ўжо нямала. Заснавальнік Гудзевіцкага музея (Гродзенская вобласць) Алесь Белакоз сакавітай беларускай мовай апавядае пра перапіску з Уладзімірам Караткевічам і называе прычыны, чаму ён усё ж так і не зайшоў ні разу да вядомага пісьменніка ў госці, колькі той ні запрашаў. А слухаць без слёз Мікалая Тарасюка – апошняга жыхара пушчанскай вёсачкі Стойлы Пружанскага раёна — неабыякаваму чалавеку проста немагчыма. «Сяджу, бы той звярок», – характарызуе сваё жыццё чалавек, які ў дрэве, лазе, саломе і іншых прыродных матэрыялах узнаўляе гісторыю сваёй малой радзімы. «Тут паказана, – стары адчыняе дзверы хаты-музея са шматлікімі фігуркамі беларусаў, – як мужык працаваў-працаваў, а праца яго прапала, ды і сам мужык прапаў…». Камяк у горле – словы народнага ўмельца міжволі ўспрымаюцца прамой і невясёлай алюзіяй да хрэстаматыйнай драмы Аляксея Дударава «Вечар» пра выміранне беларускай вёскі.
Яшчэ да прэзентацыі гэтай выключнай працы я пыталася ў арганізатараў пра мэты праекту. Яны не адразу поўна і складна змаглі адказаць на гэтае пытанне. Па праглядзе «Постацей» мне стала ясна, чаму яно выклікала цяжкасць: занадта ж банальна і казённа такое пытанне гучала ў дачыненні да гэтага праекта, дзе кожная асоба-постаць адказвае і на яго, і на шмат іншых, жыццёва важных для нацыі.
Зазначу, што на прэзентацыі дыска «Постаці» прысутнічалі тры яго героі з Берасцейшчыны – пісьменнік Аляксей Філатаў, мастак Мікола Маеўскі і адзін з заснавальнікаў зачыненага ўладамі ў 2007 г. грамадскага аб’яднання «Стары горад» Ігар Бараноўскі. Усе яны дзякавалі маладым аўтарам за іх неабыякавасць да роднай культуры.
Мне застаецца зрабіць тое ж самае і спадзявацца на працяг гэтай дабрачыннай справы. А чытачам раю пазнаёміцца з дыскам. Зрабіць гэта можна, напісаўшы на электронны адрас trecisektar@yahoo.com. Дыск некамерцыйны і распаўсюджваецца бескаштоўна. Акрамя таго, інтэрв’ю з усімі ўдзельнікамі праекту ў хуткім часе можна будзе знайсці ў Iнтэрнэце.
На здымку: Аляксей Філатаў выказвае падзяку аўтарам праекта. Фота Кацярыны Марыневіч
Даведка
ГА «Цэнтр «Трэці сектар»
Адно з найстарэйшых грамадскіх аб’яднанняў постсавецкай Беларусі. Створанае ў 1997 г. ў Гародні грамадскімі актывістамі і журналістамі, першапачаткова яно называлася «Гарадзенскі рэгіянальны цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятываў «Трэці сектар». У 1999 перарэгістравана пад сучаснай назвай.
Аб’яднанне вядзе дзейнасць па трох асноўных накірунках: інфармацыйным, адукацыйным і культурніцкім. Займаецца прапагандай беларускай культуры, інфармацыйнай падтрымкай разнастайных рэгіянальных моладзевых праектаў, вучобай маладых журналістаў і г.д.
0 комментариев
Anonymous User
28.10.2010 в 18:10Іна
28.10.2010 в 18:10Прабачце, але правільна чытаць «ўсяго толькі з 5 чалавек», а не «ўсяго толькі 35 чалавек» (другі абзац). Тэхнічная памылка ))))
udzielnik
01.11.2010 в 01:15не «35 чалавек». а 3 — 5.
tstyl.fm
05.11.2010 в 17:47http://tstyl.fm/by/1/look/4462/
“Постаці”. Фільм першы.