– Віктар, звычайна калі чалавек з правінцыі набывае вядомасць, ён перасяляецца ў сталіцу. Вы засталіся ў Гародні. Чаму?
– Не кожны нармальны некалгаснік перасяляецца. «А столица та была недалече от села», – пісаў Яршоў. У Мінск, калі не лянівы, можна ездзіць амаль штодзённа на працу, што я і раблю. Маё маленькае мястэчка Гародня стратэгічна вельмі добра размешчана – на роўных адлегласцях ад Мінска, Варшавы і Вільні. Зручна! Перабірацца куды – не, ні ў якім разе!!! Жыць трэба там, дзе жывеш, дзе Дом, дзе сябры, дзе спакойна.
– Вы ўжо 20 год звязаны з лялечным тэатрам. Адкуль цяга да такой несур’ёзнай на першы погляд дзейнасці?
– Лялечны тэатр – гэта міла, гэта без прэтэнзіі. А паколькі я люблю тэатр і не хачу, як некаторыя мае калегі, нажывацца на мастацтве, то працую там толькі на палову стаўкі.
– А кінакар’ера Вас не прывабіла?
– Напрыканцы дваццатага стагоддзя я вельмі актыўна здымаўся ў нямецка-фашысцкіх ролях, але тады кіно здымалі асобы — Ігар Дабралюбаў, Віктар Дашук, – а хто цяпер яго здымае? Бегаць хлопчыкам у сумнёўнай расейскай масоўцы гонар не дазваляе, тым больш што многа працы ў Варшаве на тэлестудыі майго прыяцеля. Цікава рабіць усё, што прыносіць сатысфакцыю.
– За Вашым прозвішчам трывала замацавалася перыфраза «бацька бруднага беларускага блюзу». Як правільна разумець гэты тэрмін?
– Я сам сябе так назваў, лічу, што правільна. Блюз – таму што сумны, брудны – ён такі, як нашае жыццё, а бацька –таму што мае песні ні на чые не падобныя. Мабыць, гэты жанр памрэ разам са мной.
– Праз многія Вашы песні праходзіць матыў дарогі і пакідання беларусамі сваёй радзімы – балючая тэма сённяшняга дня. Як думаеце, «цень эміграцыі» яшчэ доўга будзе накрываць краіну?
– У эміграцыі нічога дрэннага няма – ў Чыкага такія самыя вераб’і, і дзяцеліна на лужку цвіце, як у нас пад Івацэвічамі дзе… Проста чалавек мог бы і тут нешта карыснае рабіць, але ўмовы, мякка кажучы, не адпавядаюць, і прыходзіцца звальваць.
– Чалавек, хоць збольшага знаёмы з беларускай літаратурай, адназначна ўбачыць у Вас спадкаемцу Караткевіча, Быкава і Крапівы. А самі Вы каго лічыце сваімі духоўна-творчымі бацькамі? Чые традыцыі працягваеце?
– Ёсць выдатны польскі эміграцыйны пісьменнік Юзаф Мацкевіч, якога практычна ніхто ў нас не ведае, – мае погляды на свет і творчасць стоадсоткава супадаюць з ягонымі. Не смейцеся, але лічу адным са сваіх бацькоў Адама Міцкевіча – вельмі дасціпны і ядавіты быў дзядзька.
– «Juden tango» – адзін з найвыдатнейшых, на мой погляд, прыкладаў Вашага досціпу. Як самі яўрэі адрэагавалі на твор, улічваючы ўжыванне ў ім старабеларускага слова «жыд», якое набыло ў апошнія часы негатыўную афарбоўку?
– Слухачы з пятаю графою насцярожана ўспрымалі «Juden tango», некаторыя дагэтуль не могуць разабрацца, пра што яно, што сведчыць аб іх невялікім розуме. Песню гэтую пераклаў на ўкраінскую мову бард Стас Трызубы, ужо нябожчык, але хітом яна там, у адрозненне ад песні пра птушку-маскаля, не зрабілася.
– Калі слухаеш Вашы альбомы, складваецца ўражанне, што, як і Быкаў у сваіх прыпавесцях, Вы прарочыце сумную будучыню для беларусаў (не як грамадзян – як для нацыі). Ці так гэта?
– Не тое каб сумную, але малааптымістычную. Калі мы сталіся дзяржаваю, то трэба як мага хутчэй рабіцца і Народам. Некаторыя ўсё чакаюць, што Савецкі Саюз вернецца, з-за гэтага выходзіць нейкае таптанне на месцы, а трэба ж ісці наперад!
– Адзін з найлепшых рок-гуртоў Беларусі – берасцейскі гурт «Sciana» («Сьцяна») – называе Вас сваім хросным бацькам. 10 год таму Вы дапамаглі ім сыграць першы сур’ёзны замежны канцэрт. Чаму аказалі дапамогу менавіта нашым scian’оўцам?
– Вы можаце сабе ўявіць сучасную рок-сітуацыю ў краіне без «Сьцяны»? Я таксама не магу… Даўным-даўно мы з імі разам ігралі канцэрт на адной пляцоўцы ў Баранавічах. Ігралі яны задзірыста і вельмі файна. Мне падалося, што хлопцы вартыя большага, таму я іх пасватаў на фестываль у Польшчу. І не памыліўся – зараз пра «Сьцяну» чутно!!!
– А як Вы, Віктар, наогул ацэньваеце сучасную беларускую музычную прастору? Ці не прадбачыце моду ў бліжэйшы час на беларускамоўную песню?
– Сучасная белмузпрастора вельмі разнастайная і сімпатычная: маем усяго і многа – Лявон Вольскі і кампанія, Ігар Варашкевіч, Дзіма Вайцюшкевіч, Бартосік Дзіма… Моладзь таксама талковая расце. А само жыццё разбярэцца і расставіць на свае месцы ўсіх – і беларускамоўных, і іншых.
– І напрыканцы: чым займаецеся ў вольны час?
– Хаджу па лесе ля вёскі Салацце, дзе збудаваў прыгожы дамок, ці размаўляю са знаёмаю вавёркаю, якая прыбягае пад хлеў падмацавацца грушамі-гнілкамі, ці слухаю музыку – вельмі люблю Гендэля і Баха. Але, праўду кажучы, адпачываць не ўмею – вечна нейкую работу сабе знаходжу…
На гэтым наша размова з выдатным бардам закончылася. Застаецца з нецярпеннем чакаць канцэрта самабытнага і вострага на слоўца гарадзенца. А ў тым, што імпрэза, як абяцаюць арганізатары, будзе цікавай, ніхто і не сумняваецца.
Даведка
Ві́ктар Шалке́віч – беларускі бард, акцёр, паэт і шоўмэн. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры (1980 – 1987), выкладчыкам Гарадзенскай культасветвучэльні (1987 – 1990).
З 1990 года працуе ў тэатры лялек у Гародні. «За частыя сустрэчы з дзецьмі і папулярызацыю сярод іх ведаў аб тэатры» ўзнагароджаны міжнародным Ордэнам усмешкі, кавалерамі якога з’яўляюцца Ян Павал II, Астрыд Ліндгрэн, Стывен Спілберг і інш.
Першы альбом «Правінцыя» выпусціў ў 1992 г., пасля чаго свет пабачылі яшчэ 6 аўтарскіх дыскаў, апошні з якіх на польскай мове.
Тэксты песень Шалкевіча перакладзены на ангельскую, нямецкую, польскую, украінскую і чэшскую мовы. Яго саркастычныя творы ўспрымаюцца сучаснікамі як прыклад класічнага гумару.
Ответить