Такім чынам, 29 кастрычніка актавая зала Абласнога грамадска-культурнага цэнтра сустракала як выкладчыкаў, супрацоўнікаў, студэнтаў і аспірантаў самога ўніверсітэта, так і высокапастаўленых гасцей, што віншавалі калектыў установы-юбіляра не проста словамі, а граматамі ды падзякамі.
Першую партыю такіх узнагарод пасля невялікага прывітальнага слова рэктара Мечыслава Часноўскага (які, дарэчы, насуперак чаканням звярнуўся да публікі на рускай мове, хоць у папярэднія гады выдатна віншаваў калектыў на роднай) раздаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар. З яго рук граматы атрымалі дэкан факультэта фізічнага выхавання Мікалай Прыступа, загадчык кафедры тэорыі і гісторыі рускай літаратуры Таццяна Сянькевіч і загадчык кафедры паліталогіі і сацыялогіі Яўген Скакун. Рэктар навучальнай установы таксама не апынуўся па-за ўвагай – ён атрымаў падзяку абласнога выканаўчага камітэта.
Думаецца, не менш прыемна атрымоўваць ганаровыя падарункі і ад Міністэрства адукацыі. Праўда, сам міністр, як чакалася, у Брэст не прыехаў – узнагароды раздаваў начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі ведамства Юрый Міксюк. Прычым узнагарод гэтага Міністэрства аказалася найбольш. Лічыце самі: нагрудных знакаў «Выдатнік адукацыі» ўдастоены дацэнт кафедры прыродазнаўча-матэматычных дысцыплін Валянціна Мядзведская і загадчык кафедры педагогікі Таццяна Кавальчук; загадчык кафедры замежных моў Ларыса Максімук і дацэнт кафедры вышэйшай матэматыкі Мікалай Семянчук атрымалі Ганаровую грамату, і яшчэ адна грамата знайшла гаспадыню ў асобе дэкана філалагічнага факультэта Вольгі Фелькінай. Ну і, канечне, надзвычай прыхільна зала сустрэла паведамленне Ю. Міксюка пра тое, што ва ўніверсітэце хутка стане на адну камп`ютарную аўдыторыю больш – яшчэ адзін, ужо матэрыяльны, падарунак зверху.
Кіраўніцтва горада таксама зрабіла свой унёсак у ганараванне лепшых прадстаўнікоў ВНУ. Зноў жа, паколькі сам старшыня гарвыканкама Аляксандр Палышанкоў не змог прысутнічаць на мерапрыемстве, яго прыемную місію выканала начальнік гарадскога аддзела адукацыі Наталля Козак. Яна ўручыла Ганаровую грамату начальніку міжфакультэцкага Цэнтра экалогіі і прыродазнаўства Вользе Верамчук, а падзякі – памочніку рэктара Генадзю Іванчыну, дэкану сацыяльна-педагагічнага факультэта Надзеі Леанюк і начальніку гандлёвага цэнтра Ірыне Фядосенка.
Ганараванняў і ўсялякіх уручэнняў у той вечар было яшчэ шмат. Традыцыйна віншавалі новых дактароў і кандыдатаў розных навук, імянных стыпендыятаў і студэнтаў, што асабліва вызначыліся на ніве спорту і творчасці. Але асабліва кранальна выглядала ганараванне старажылаў БрДУ імя А.С. Пушкіна, двум з якіх – ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Лідзіі Нямцовай (на фота) і Яўгену Шукевічу – зала апладыравала стоячы. (Яны і яшчэ тры чалавекі – былыя рэктары Васіль Сцепановіч, Уладзімір Плецюхоў і выдатнік народнай адукацыі БССР Вольга Гардзяюк – сталі першымі ўладальнікамі спецыяльнага Ганаровага знаку «За ўклад у развіццё Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна»). Не менш кранальна было назіраць, як гэтыя сівыя і такія значныя для гісторыі alma mater людзі падтрымлівалі адзін аднаго, сыходзячы па прыступках са сцэны. Быццам перамаўляліся: «Трымайся! Мы яшчэ шмат каму патрэбныя».
Праграму свята істотна ажывілі і разнастаілі выступленні як універсітэцкіх, так і запрошаных артыстаў. Ні адна ўрачыстасць у БрДУ імя А.С. Пушкіна не абыходзіцца без вакальнага трыа «Шакалад» (мастацкі кіраўнік – Ларыса Борсук), ансамбля акардэаністаў «Захапленне» (кіраўнік – Уладзімір Круцікаў) і мужчынскага вакальнага гурта «Мроя» (Таццяна Якубчык, Станіслаў Рачэўскі). Рэдка ды трапна на сцэну падымаецца ансамбль «Кола», кіраўнік якога, Кацярына Леванюк, імкнецца ўзнаўляць і працягваць традыцыі аўтэнтычных народных спеваў. І вельмі ўдалым фонам для выступлення калектыву стаў тэматычна блізкі да песні мультфільм «Светавыгляд» аднаго са студэнтаў універсітэта Іллі Шамілава.
З гасцей мерапрыемства вылучу, бадай, ансамбль ударных інструментаў «Other side» музычнага каледжа імя Р. Шырмы (кіраўнік – Мікалай Нярэзька) – заінтрыгавалі хлопцы публіку сваімі барабанамі, што гучалі ў поўнай цемры; Ігара з Ірынай Пашэчкаў і Андрэя Кунцэвіча як вядомых у горадзе артыстаў, а таксама дуэт цымбалістак філіяла кафедр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (кіраўнік – Аксана Літвінчук).
Пасля канцэрта ўсе, каго я ні прасіла падзяліцца ўражаннямі, адзінагалосна выказвалі задавальненне ад убачанага і пачутага, бо, як адзначыла загадчык кафедры беларускага літаратуразнаўства Зоя Мельнікава, не кожны дзень выпадае ў адным месцы ўбачыць увесь універсітэцкі бамонд.
Варта зазначыць, што ўрачыстасць у ГКЦ была самым гучным, але не адзіным мерапрыемствам з нагоды 65-годдзя ўніверсітэта. На працягу 26–29 кастрычніка прайшлі таксама навуковая сесія, пасяджэнне Савета ўніверсітэта, разнастайныя выставы і шэраг акцый для студэнтаў навучальнай установы.
Закончу цытатай… не, не Канстанціна Андрэевіча… нават не Мечыслава Эдвардавіча. Цытатай статуса на інтэрнэт-старонцы адной знаёмай студэнткі, Машы Краўчук, якая нават не падазрае, што яе словы публікуюць: «Грамата… за дружалюбнасць і прафесіяналізм… і сімпатычны блакноцік… З рук любімага сакратара… З 65-годдзем, родны Універсітэт!!!»
Думаецца, гэта ад душы.
Дарэчы…
Імя А.С. Пушкіна ўніверсітэту ўпершыню нададзена яшчэ 4.06.1949 г., калі ён быў настаўніцкім інстытутам.
1.11.1950 г. на базе гэтай установы створаны Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна.
22.08.1995 г. Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна перайменаваны ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт, і толькі 27.11.2000 г. усталявалася сучасная назва – Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна.
Фота Уладзіміра Хрыстафорава
0 комментариев
Anonymous User
11.11.2010 в 14:39Марыя Краўчук
11.11.2010 в 14:39Так,Інна Анатольеўна! Гэтыя словы сапраўды былі ад душы!!! Дзякую!!! 😉
wau
26.11.2010 в 00:44«З юбілеЕм», па-мойму?
wau
07.12.2010 в 00:42Нядаўна бачыў выпадкова: у папяровым варыянце правільна, \»з юбілеЕм\»
Аўтар
08.12.2010 в 17:32Так, з юбілеем. Ніяк не магу дамагчыся, каб выправілі на сайце ))))) Усё забываюць
Много лет не работаю в вузе, но общаюсь. М.Д.
17.01.2011 в 18:52А зарплаты в университете самые маленькие.
При таком ректоре и сами преподаватели низкую оценку вузу ставят. Упал престиж в глазах сотрудников вуза.