Нягледзячы на тое, што брастаўчане чарговы раз паказалі незацікаўленасць да беларускай музыкі (што выдавала не надта запоўненая зала), канцэрт прайшоў на вялікім эмацыянальным уздыме, падараваўшы мноства прыемных момантаў як слухачам, так і самому Шалкевічу. Пасля ж гледачы проста не маглі пакінуць залу, падпаўшы пад абаяльнасць харызматычнага Віктара. Шыкоўная беларуская мова, насычаная жартаўлівымі прыказкамі, прымаўкамі ды ўсялякімі цытатамі ў сукупнасці з камунікабельнай адкрытасцю артыста сапраўды зрабілі сваю справу. «Ідзіце ўжо дадому!» – са смехам заклікаў праз паўгадзіны па заканчэнні выступлення спявак, але нязменна знаходзіўся нехта яшчэ, хто не паспеў узяць аўтограф ці сфатаграфавацца з таленавітым гарадзенцам.
Так і лезе ў галаву банальнае клішэ: «на канцэрце прагучалі як старыя, так і новыя песні выканаўцы». Але ўсялякія там банальнасці і стандарты надта ж не пасуюць да асобы В. Шалкевіча. Таму скажу інакш: публіка вельмі жадала пачуць старыя песні, бо толькі іх і ведала, але гучалі пераважна новыя. Праўда, ніхто асабліва з тае прычыны не турбаваўся. Сам герой вечара і не збіраўся надта абнадзейваць слухачоў: «Я хачу, каб вы і новыя мае песні палюбілі. Іх пісаў адзін і той жа чалавек, проста ў яго нешта ў галаве памянялася». Сапраўды, «позні» Шалкевіч куды больш сур’ёзны і філасафічны, але і ранні не менш сімпатычны.
Не раўнуючы, мы пакінулі ДК прафсаюзаў адной вялікай сям’ёй. Абсалютна незнаёмыя людзі дзяліліся ўражаннямі, абяцалі сустрэцца на канцэрце ўжо Зміцера Вайцюшкевіча, які неўзабаве адбудзецца ў тым жа ДК, і спяшаліся расказаць пра ўсё некаму яшчэ.
Так і адчуваеш, што «жыве Беларусь» у самым лепшым, непалітычным сэнсе слова, што жыве пакуль яе і слова, і песня, і жарт. І народ.
Ответить