Памятаючы кобрынскую няўдачу спевака, было неяк боязна за родны Брэст, тым больш, што вялікага ажыятажу ў папярэднім продажы білетаў на канцэрт не назіралася. Тым прыемней было аглядаць шчыльна напоўненую залу мастацтваў Дома культуры. Саміх жа герояў – непасрэдна Зміцера Вайцюшкевіча і лаўрэата міжнародных конкурсаў, удзельніка «WZ-Orkiestra» Аляксандра Шувалава (баян) – доўга чакаць не прыйшлося.
Тым, хто не надта сочыць за беларускай музычнай індустрыяй, хутчэй за ўсё будзе ў навіну, што ў гэтым годзе пладавіты аркестр «Усход – Захад» (ужо памянёная «WZ-Orkiestra») пад кіраўніцтвам Вайцюшкевіча стаў багаты яшчэ на адзін альбом — «Беларуская песня», выпушчаны да 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Дыск складаюць пераважна кампазіцыі з музыкай Зміцера на вершы класіка, які, як вядома, быў не толькі аўтарам празаічных «Каласоў пад сярпом тваім» ды «Чорнага замка Альшанскага».
З песняў на словы Караткевіча аркестраўцы і пачалі канцэрт. І тым, трэба сказаць, трохі насцярожылі публіку, якая ў пераважнай большасці з новым альбомам знаёмая пакуль не была. Гледачы слухалі «Корчмы», «Сніў я сон», «Беларускую песню», станоўча ацэньвалі, апладыравалі, але пры гэтым вытрымлівалі нейкае ледзь улоўнае напружванне. Зрэшты, які пачатак імпрэзы абыходзіцца без яго?
Аднак дзякуючы гасціннасці гаспадароў сцэны адчуваць сябе як дома госці пачалі даволі хутка: першая рэпліка з залы «А давайце ўжо па заяўках!» прагучала пасля песні пятай. Зміцер, праўда, асабліва не збянтэжыўся: сам прызнаваўся, што праграма выступлення загадзя ніколі ім не пішацца.
Так ад сур’ёзнага Караткевіча плаўна перайшлі да рамантычнага Камоцкага, гумарыстычных Дранько-Майсюка і Барадуліна, многімі перапетага Някляева, народных песняў. Публіка адкрыта выражала захапленне ў ззяючых тварах, падпяваннях, прытанцоўваннях і, канечне, не апладысментах – авацыях. Мерапрыемства з кожным новым творам усё больш нагадвала не канцэрт, а шумную бяседу ў гаспадара, у якога «расчынены насцеж усе дзверы». Нядзіўна таму, што пасля нязменнай для беларусаў фінальнай песні «Бывайце здаровы!» прагучала яшчэ тры. Ні гледачы не хацелі адпускаць музыкантаў, ні яны не хацелі развітвацца з удзячнай публікай.
Справядлівасці дзеля зазначу, што ў раскачагарванні апошняй вінен не толькі саліст Вайцюшкевіч. Вялікая заслуга ў гэтым і Сашы Шувалава, віртуознасць ігры якога ацаніў кожны прысутны. Многія, з кім даводзілася пасля канцэрта абменьвацца ўражаннямі, прызнаваліся, што ў нейкі момант пачыналі проста заварожана сачыць за рухамі пальцаў баяніста. А гэта, між іншым, наш зямляк.
Такім чынам, лістапад напоўніцу папесціў аматараў беларускай музыкі: не паспелі прыгладзіцца ўражанні ад выступлення гарадзенца Шалкевіча, як новы неспакой у душы пасяліў Вайцюшкевіч. А 27 лістапада мы з нецярплівасцю чакаем новай імпрэзы з разраду «Такога вы яшчэ не чулі!» – у гэты дзень у ДК прафсаюзаў адбудзецца сумесны канцэрт беларускага джаз-фольк-калектыву «Akana» і вядомых джазавых выканаўцаў Швейцарыі «Albin Brune Alpin Ensemble». Арганізатары абяцаюць даць нам унікальную мажлівасць пабыць сведкамі, як «альпійская, славянская і джазавая музыка сустрэнуцца ў яркім музычным дыялогу». Не ведаю, як хто, а я збіраюся такой мажлівасцю пакарыстацца.
0 комментариев
Anonymous User
25.11.2010 в 22:11Дамiнiка
25.11.2010 в 22:11Сапрауды, усе было выдатна!
astrynczanka
26.11.2010 в 13:07а 27-га лістапада адбудзецца канцэрт Вайцюшкевіча ў Оршы ў гонар 80-годдзя Караткевіча :))))