На леташняй прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў студэнцкіх СМІ (праходзіла ў лютым у межах «Зімовай школы студэнцкай журналістыкі», якую раз на два гады арганізуюць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Інстытут журналістыкі БДУ) міністр Аляксандр Радзькоў між іншым заўважыў, што моладзь, якая бавіць час у асноўным у Інтэрнэце, праз той жа Інтэрнэт няўмольна траціць граматнасць. Студэнтка побач са мною абурылася: «Што за лухта?! Гэта ж асаблівая мова, няўжо не зразумела? Хіба ж мы не ведаем, як пісаць правільна?»
Як філолаг, я разумела абодва бакі. З аднаго боку, так, асаблівая мова, якая жыве па сваіх законах, а з другога… Заўважу, гаворка ідзе не пра камп’ютарны жаргон, пра які і так ужо нямала дыскусій прайшло і, пэўна, не адна навуковая дысертацыя напісана. Прадметам размовы з’яўляюцца выключна разнастайныя скарачэнні пры наборы тэксту.
Па сутнасці, што такое літаратурная мова? Уніфікаваная сістэма пэўных знакаў. Усім зразумелая, але кансерватыўная і недастаткова экспрэсіўная. Моладзь жа, як вядома, наогул неахвотна прымае за аўтарытэт агульнапрынятыя нормы, а ўжо эмацыянальнасці ёй падавай як мага болей. Тут як і ў паэзіі: хочацца, каб і вобразы, і словы былі найярчэйшымі, але пры гэтым каб маўленне пісьмовае максімальна наблізілася да вуснага.
Аднак, акрамя недахопу экспрэсіўнасці, намі рухае яшчэ недахоп часу і простая чалавечая лянота. Хоць бы ў якасці эксперыменту хутка прачытайце дыялог у пачатку артыкула. Прыслухайцеся, і вы зразумееце, што, па сутнасці, так і вымаўляеце гэтыя словы штодзень, а можа, і яшчэ мандрэй – тут хоць канчаткі захаваныя, якія часта з’ядаюцца ў маўленчай плыні.
У маўленні, як і ў мове, дзейнічае і ўсім кіруе закон эканоміі моўных сродкаў. Чалавек, не быў бы ён homo sapiens, эканоміць на ўсім: напружанні галасавых звязак, працы лёгкіх, мазгавой дзейнасці і г.д. З чым бы вы думалі звязана наяўнасць у мове велізарнай колькасці слоў з аднолькавым напісаннем і гучаннем, ды розным значэннем? Ці што, як не лянота, прымушае носьбітаў адной мовы калькаваць гатовае слова для новага паняцця з мовы-суседкі, а не прыдумваць сваё? І на фоне гэтых прыкладаў скарачэнне слова на 2–3 літаркі выглядае неістотнай дробяззю.
Тое ж самае тычыцца і знакаў прыпынку, двукоссяў і вялікіх літар. Ужыванне іх на пісьме не выклікае ніякага дыскамфорту, чаго, на жаль, не скажаш пра друкаванне, бо яны патрабуюць націскання не адной, а некалькіх клавішаў, што, у сваю чаргу, збівае тэмп набору. І далёка не ўсе згодны марнаваць дарагі час на падобныя фармальнасці.
Але ў медаля ёсць і іншы бок, як водзіцца, менш аптымістычны за першы. Ці не абярнуцца сапраўды вынікі нашай эканоміі ўсеагульнай бязграматнасцю наступнага пакалення, якое, апроч кароткіх паведамленняў у ISQ i сацыяльных сетках, нічога не чытае, а таму папросту не ведае, як выглядае норма?
Так ці інакш, нам пакуль застаецца толькі сачыць за асабістай граматнасцю ды даверыцца аптымістычным прагнозам моладзі на тое, што скарочаная мова не выйдзе за межы штучнага інтэлекту.
Каментарый
Алесь Макарэвіч, дацэнт кафедры гісторыі беларускай мовы і
дыялекталогіі БрДУ імя А.С. Пушкіна:
– Тое, што выкарыстоўваецца ў Інтэрнэце ў якасці пісьмовых зносін,
нельга назваць асаблівай мовай. Гэта жаргонная лексіка, ці так званы
моладзевы сленг. Такія словы, у тым ліку і скарачэнні, засмечваюць
мову, сведчаць пра абмежаваны кругагляд чалавека, прымітыўнасць яго
думак і ведаў. Вельмі дрэнна, што моладзь абменьваецца інфармацыяй
менавіта такім чынам. У будучым, на маю думку, гэта можа стаць адной
з прычын бязграматнасці маладога пакалення.
Алёна Панасевіч, студэнтка 4 курса БрДУ імя А.С. Пушкіна:
– О, які гарачы дыспут на гэты конт быў нядаўна ў нашай групе!
Мае аднагрупнікі-фізікі лічаць, што наш час каштуе нямала, таму трэба берагчы яго. Нам патрэбна данесці інфармацыю, а праз якія сродкі гэта рэалізуецца – не так ужо і важна. Існуюць жа розныя кадаграмы, шыфраграмы – і нічога, мову не забылі. Ад сябе дадам, што хуткасць, безумоўна, вельмі добра, але, дапускаючы такія «ілжэпамылкі», мы з цягам часу на самай справе забываем, дзе ставіцца коска, а дзе не. І гэта вядзе да пэўнай дэградацыі. Але, каб не быць такой правільнай, скажу, што і сама нярэдка карыстаюся рознымі скарачэннямі.
Дарэчы, мне вельмі спадабаўся выраз аднаго майго аднагрупніка на гэтую тэму: «Зазірніце ў мой канспект па тэарэтычнай фізіцы – там адна суцэльная дэградацыя!»
Алена Шалімава, інжынер:
– Стараюся пісаць без памылак. І не люблю атрымоўваць паведамленні з памылкамі.
Вольга Шыян, журналіст:
– Ніколі не скарачаю.
0 комментариев
Anonymous User
07.12.2010 в 00:39чытач-тыполаг
07.12.2010 в 00:39Трэба быць адэкватнаму. Комп, як і мабільнік, зрабілі рэвалюцыю. Ды й тая самая інтэрнэт-журналістыка вымагае іншага, больш кароткага фармату. Яны канкрэтна рыюць пад падваліны мовы. Комп з яго лічбавай прыродай увайшоў у супярэчнасць з мовай чалавека, заснаванай на вобразе. Адсюль гэтыя курчы барацьбы. Павінна адбыцца нейкае размежаванне, па-мойму, і не хочацца, каб адбылося тое, што зрабілі з папулярнай музыкай або літаратурай, даўшы накрыць сябе жоўтай хвалі з Усходу.