Сёлета Захад праяўляе вялікую ўвагу да прэзідэнцкіх выбараў, што мусяць адбыцца 19 снежня, і звязана гэта найперш з перспектывамі геапалітычнага супрацоўніцтва. Востры канфлікт з Расеяй прывёў да таго, што беларускаму кіраўніцтву цяпер, як ніколі раней, патрэбна міжнародная легітымнасьць, прызнанне вынікаў выбараў з боку сусветнай супольнасці і, перш за ўсё, Захаду. Таму сцэнар цяперашняй выбарчай кампаніі істотна змяніўся: ЦВК зарэгістравала ўсе ініцыятыўныя групы, якія задавальнялі мінімальным патрабаванням заканадаўства, пікеты па зборы подпісаў свабодна стаялі ў цэнтры сталіцы пад бел-чырвона-белымі сцягамі і сцягамі ЕС, і нават сам А. Лукашэнка праз сродкі масавай інфармацыі заклікаў грамадзянаў Беларусі падпісвацца за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў.
Ці значыцца гэта, што ў краіне наступіў сапраўдны росквіт дэмакратыі? За каментаром мы звярнуліся да віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, прадстаўніка грамадзянскай ініцыятывы “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
– Хто прымае ўдзел у грамадзянскай ініцыятыве “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якая яе асноўная мэта?
– Асноўная мэта – гэта незалежны маніторынг выбарчай кампаніі, і праводзіцца ён сумесна сябрамі двух беларускіх праваабарончых арганізацый – Праваабарончага цэнтру “Вясна” і Беларускага Хельсінкскага Камітэту (БХК). Паколькі выбары з’яўляюцца значнай падзеяй у грамадска-палітычным жыцці краіны, безумоўна, яны не могуць заставацца па-за ўвагай з боку прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Цікавасць жа праваабаронцаў абумоўлена таксама тым, каб выбары праходзілі без парушэнняў, каб кожны грамадзянін краіны мог рэалізаваць сваё права на ўдзел у кіраванні дзяржавай. Акрамя таго, выбары Прэзідэнта заўсёды з’яўляюцца значным экзаменам па дэмакратыі для ўладаў Беларусі, уплываюць на імідж нашай краіны ў свеце.
Мы пачалі назіранне 16 верасня пасля таго, як Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь вызначыла дату правядзення чарговых выбараў Прэзідэнта. З першага дня да працы прыступілі каля 100 доўгатэрміновых назіральнікаў літаральна ва ўсіх рэгіёнах краіны. Многія з іх бралі ўдзел у міжнародным назіранні ў іншых краінах, такіх як Украіна, Польшча, Літва, Азербайджан, Кіргізія, Албанія, Сербія, Швецыя ды інш. У Мінску працуе аналітычны аддзел, які аналізуе справаздачы назіральнікаў і рыхтуе штотыднёвыя і этапныя справаздачы. Іх можна знайсці на сайце www.spring96.org. Гэтыя справаздачы рассылаюцца па ўсім свеце. Таксама сур’ёзнай крыніцай інфармацыі па выбарах з’яўляецца інфармацыйны аддзел, які ў штодзённым рэжыме паведамляе пра ход выбарчай кампаніі ва ўсіх рэгіёнах краіны. На гэтую інфармацыю, на памылкі і недахопы падчас правядзення выбарчай кампаніі вымушаны звяртаць увагу як кандыдаты ў прэзідэнты і іх каманды, так і выбарчыя камісіі розных узроўняў.
Акрамя таго ў маніторынгу будуць задзейнічаны яшчэ 600 кароткатэрміновых назіральнікаў, якія будуць непасрэдна сачыць за ходам галасавання на 300 выбарчых участках ва ўсіх рэгіёнах краіны, пачынаючы з дня папярэдняга галасавання і заканчваючы падлікам галасоў. Асаблівую ўвагу назіральнікі будуць удзяляць яўцы выбаршчыкаў.
– Якія ключавыя моманты для празрыстасці правядзення выбараў у беларускіх умовах вы б назвалі?
– Першы ключавы момант мы ўжо прапусцілі – рознабаковы склад выбарчых камісіяў, калі сябрамі камісіяў становяцца прадстаўнікі розных партыяў і рухаў. З аднаго боку, у складзе камісій вытрымана патрабаванне аб наяўнасці 30 працэнтаў прадстаўнікоў розных грамадскіх аб’яднанняў. Іншая справа, што гэта саюзы ветэранаў, жанчын, “Белая Русь”, БРСМ – так званыя праўрадавыя няўрадавыя арганізацыі. У той жа час палітычныя партыі – рэальныя суб’екты палітыкі – адхіленыя ад гэтага працэсу. Толькі 183 прадстаўнікі дэмакратычных партый ва ўсёй краіне патрапілі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі з 70 815 членаў камісій. Гэта складае ўсяго 0,25 працэнта.
Я не магу сказаць дзе яшчэ такое ёсьць. Напрыклад, у іншых краінах менавіта прадстаўнікі розных палітычных партый у большасці сваёй уваходзяць у выбарчыя камісіі, што стварае сітуацыю ўзаемнага кантролю і пазбаўляе магчымасці фальсіфікаваць і маніпуліраваць вынікамі выбараў.
Калі б нашы камісіі былі сфармаваныя з удзелам прадстаўнікоў палітычных сіл, давер да іх працы павялічыўся б. Атрымліваецца, што міна пад прызнаньне выбараў ужо падкладзеная, бо створаныя цалкам падкантрольныя выканаўчым уладам выбарчыя камісіі.
Другі момант – папярэдняе галасаваньне, падчас якога не забяспечваецца захаваньне білютэняў. Выканаўчыя ўлады праз адміністрацыю дзяржаўных прадпрыемстваў, навучальных устаноў штурхаюць людзей да датэрміновага галасавання, таму працэнт датэрмінова прагаласаваўшых атрымліваецца высокі – да траціны ад агульнай колькасці прагаласаваўшых. А ўпэўненасьці, што ўначы скрынкі для галасавання ніхто не адчыняе і не падмяняе бюлетэні, няма. У празрыстых скрынях аднаразовы механізм закрыцця, звычайныя ж – на шрубах, іх можна зашрубоўваць і разбіраць колькі заўгодна. На ноч каля памяшкання са скрынкамі з бюлетэнямі застаецца міліцыянт, які для нас таксама не з’яўляецца гарантам захавання бюлетэняў. І ўжо былі прызнанні аб неправамерных таемных дзеяннях на выбарчых участках падчас датэрміновага галасавання.
Трэці момант – абмежаваныя паўнамоцтвы назіральнікаў падчас падліку галасоў. Гэтая працэдура не прапісаная заканадаўча, хаця мы колькі гадоў просім-патрабуем і закандаўцаў і ЦВК прапісаць працэдуру падліку галасоў, каб усё было празрыста, бачна і зразумела. А ў нашых умовах кожная камісія можа рабіць усё на свой манер. Таксама трэба сказаць пра бюлетэні – яны не маюць асобных ідэнтыфікацыйных знакаў, таму іх можна надрукаваць колькі заўгодна і ледзь не дома.
— Калі казаць пра этап збору подпісаў за кандыдатаў, то ў параўнанні з папярэднімі прэзідэнцкімі выбарамі 2006 году ён праходзіў у больш спакойнай абстаноўцы, выпадкаў жорсткага пераследу актывістаў дэмакратычных кандыдатаў у прэзідэнты адзначана не было?
— Сапраўды, гэта трэба запісаць у плюсы сёлетняй выбарчай кампаніі: узровень рэпрэсій супраць актыўных удзельнікаў кампаніі ніжэйшы ў параўнанні з мінулымі выбарамі. Хаця ў нас этап збору подпісаў выклікае заклапочанасць з іншай прычыны. Напрыклад, нечуванае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу падчас збору подпісаў за А.Лукашэнку з боку раённых адміністрацый. Хто за яго толькі подпісы не збіраў! І настаўнікі, і дактары, і выкладчыкі ва ўніверсітэтах, і большасць — з парушэннем выбарчага заканадаўства, і большасць — пад прымусам.
Так, у г.п. Глуск (Магілёўская вобласць) сябра ініцыятыўнай групы А.Лукашэнкі намеснік галоўнага ўрача раённай бальніцы А.Дзядзюля збіраў подпісы ў падтрымку дзеючага кіраўніка дзяржавы на працоўным месцы ў працоўны час. Кіраўніцтва прадпрыемства “Мастоўская райсельгастэхніка” (Гродзенская вобласць) збірала подпісы за вылучэнне А.Лукашэнкі таксама ў працоўны час, прычым у падпісныя лісты загадзя былі ўнесены ўсе звесткі аб работніках. Хаця ў Выбарчым кодэксе чорным па беламу напісана: “не дапускаецца ўдзел адміністрацыі арганізацый у зборы подпісаў выбаршчыкаў у працоўны час, роўна як і прымус у працэсе збору подпісаў”. Цэнтральная выбарчая камісія амаль ніяк не адрэагавала на шматлікія скаргі наконт гэтага.
Да таго ж пры падтрымцы ЦВК у зборы подпісаў за А.Лукашэнку масава бралі ўдзел асобы, якія не з’яўляліся членамі ягонай ініцыятыўнай групы. Узнікла дзіўная пасада “памочнік члена ініцыятыўнай групы”, што фактычна зрабіла бессэнсоўным стварэнне і рэгістрацыю ініцыятыўных груп кандыдатаў.
– Ёсць меркаванне, што і апазіцыя ў гэтых выбарах не надта чыстая на руку, і калі б ЦВК быў больш прынцыповым, то колькасць зарэгістраваных альтэрнатыўных кандыдатаў была б меншая. Як бы вы пракаментавалі гэта?
– Цяжка каментаваць такую інфармацыю, бо этап праверкі сапраўднасці подпісаў адбываўся ў закрытым рэжыме, нягледзячы на тое, што нашы назіральнікі дабіваліся, каб гэтая працэдура праходзіла адкрыта. На жаль, усюды яны не былі дапушчаны да назірання за гэтай праверкай, што супярэчыць выбарчаму кодэксу. Ідуць розныя сігналы ад членаў камісій, асабліва ў Мінску, старшыня ЦВК Л. Ярмошына сама казала, што ў прэтэндэнтаў стаць кандыдатамі ў Прэзідэнты былі ксеракопіі падпісных лістоў. Таму, натуральна, можна меркаваць, што колькасць кандыдатаў, калі б праверка подпісаў праходзіла празрыста, была б меншай чым ёсць, але іх зарэгістравалі, каб стварыць бачнасць дэмакратычнасці выбарчага працэсу.
— Якія вашы прагнозы наконт апошняга этапу выбарчай кампаніі — падліку галасоў?
— Шмат нараканняў у назіральнікаў выклікае папярэдняе галасаванне, якое доўжыцца пяць дзён і падчас якога існуе верагоднасць падмены бюлетэняў у скрынях для галасавання. Таму мы заклікаем выбаршчыкаў галасаваць у апошні дзень выбараў — 19 снежня. Так больш надзейна. Будзем спадзявацца, што працэдура падліку галасоў пройдзе дэмакратычна і празрыста і што назіральнікаў не будуць адганяць ад сталоў, дзе падлічваюцца бюлетэні.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Праваабаронцы шматразова заяўлялі пра вельмі істотны недахоп выбарчага заканадаўства – працэдура падліку галасоў не прапісана ні ў Метадычных рэкамендацыях, ні ў пастановах ЦВК, ні ў Выбарчым кодэксе Рэспублікі Беларусь. Так, у Пастанове ЦВК № 99 ад 5 лістапада 2010 г. “Аб правядзенні трэнінга для сябраў участковых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе” проста напісана, што старшыня камісіі абвяшчае пра заканчэнне галасавання і камісія прыступае да падліку галасоў. Аднак як яна гэта будзе рабіць – не зразумела. У выпадку, калі бюлетэні раздаюцца сябрам камісіі і кожны з іх адначасова лічыць свой стос (так, прынамсі, рабілася раней), мы не зможам убачыць празрыстасць працэдуры падліку галасоў. Выбарчае заканадаўства, на жаль, дагэтуль мае шмат недасканаласцяў, і змены, унесеныя напачатку 2010 года, істотным чынам яго не палепшылі. Існуючыя нормы і працэдуры выбараў па-ранейшаму дазваляюць уладам пры жаданні маніпуляваць выбарчым працэсам і вынікамі выбараў.
– Чыноўнікі Еўрасаюза, гавораць, што на прызнанне выбараў паўплывае “набліжанасць да дэмакратычных стандартаў”. Калі раней казалі пра правядзенне свабодных і дэмакратычных выбараў, то цяпер толькі пра прагрэс у параўнанні з папярэднімі кампаніямі. Ваш прагноз – Захад гатовы прызнаць вынікі выбараў?
– Я сумняюся ў гэтым. Прычыны назваў вышэй, яшчэ паглядзім як будзе адбывацца падлік галасоў. Іншая справа, што і непрызнанне бывае таксама розным. Яно можа быць больш катэгарычнае, а можа і больш лагоднае, з заўвагамі пра “працэс і прагрэс”. Думаю, што вакол гэтых нюансаў і ходзяць улады. Любой уладзе залежыць, каб выбары прызнаваліся ўласным народам, каб народ верыў у іхнюю справядлівасць. Тады ствараецца запас даверу і ўлады могуць больш смела паводзіцца ў эканамічных ды палітычных рэформах. Гэтаксама прызнанне выбараў важнае для міжнароднага іміджу ўладаў, бо гэта і ўпэўненасць партнёраў у стабільнасці такой улады, і мера даверу міжнароднай супольнасці ў эканамічным супрацоўніцтве. Таму, перакананы, што гэтыя выбары паўплываюць на жыццё кожнага з выбаршчыкаў, а не толькі на стан апазіцыі і ўлады.
У любым выпадку місія незалежных назіральнікаў заключаецца ў тым, каб даць праўдзівую ацэнку выбарчаму працэсу, і мы гэта зробім, каб беларускія выбаршчыкі ведалі, што ж сапраўды адбывалася падчас сёлетняй выбарчай кампаніі. Ад справядлівасці выбараў залежыць узровень даверу людзей да будучага прэзідэнта. На наш погляд, для беларускай грамадскасці вельмі важна, каб прэзідэнтам стаў сумленны чалавек, які прыйшоў да ўлады ў выніку дэмакратычных і празрыстых выбараў. Гэта забяспечыла б стабільнасць беларускай улады і палепшыла б палітычныя і эканамічныя адносіны Беларусі з іншымі краінамі свету. І ў выніку палепшыўся б дабрабыт беларускага народа.
Ответить