Брэсцкі глядач наогул становіцца ўсё больш спакушаным на канцэртныя праграмы. У многім гэта адбываецца дзякуючы дзейнасці прома-суполкі «Зала чакання», якая бярэцца за арганізацыю часам нават неакупальных мерапрыемстваў. Словы, якія я дазволіла сабе прывесці ў пачатку, якраз ёй і адрасуюцца, асабліва кіраўніку Зміцеру Назараву.
Але на чые галовы берасцейцы адзінадушна ўсклалі лаўровыя вянкі народнага прызнання?
«Albin Brune Alpin Ensemble»
Гэтае толькі на першы погляд бязглуздае спалучэнне слоў называе адначасова і кіраўніка калектыву Альбіна Бруна, і паходжанне музыкаў – швейцарскія Альпы, і форму арганізацыі – ансамбль.
Мульціінструменталіст, як звычайна называюць яго швейцарскія газеты, Альбін Брун займае асобае месца ў ансамблі. Чалавек высокай музычнай адукацыі і такой жа высокай музычнай культуры, швейцарскі кампазітар з’яўляецца аўтарам не аднаго праекта, ахвотна і нястомна піша і выконвае кампазіцыі сола, у дуэтах, трыа, квінтэтах. Аднак апошнім часам праект «Albin Brune Alpin Ensemble» ён вылучае сярод іншых. Сапраўды, кантрабас у руках Клаўдзіа Штрэбэля, акардэон Патрыцыі Дрэгер, ударныя маэстра Марка Капэлі і гармонік, флейта, саксафоны самога Альбіна разам гучаць проста казачна.
Згадка пра Альпы невыпадковая яшчэ па той прычыне, што гэтыя горы маюць сімвалічны сэнс у творчасці Бруна. У прадмове да аднаго з альбомаў ён прыраўноўвае першае ўзыходжанне ў дзяцінстве на горную вяршыню з абрадам ініцыяцыі, пасля якога з вяршынь проста нельга ўжо было сыходзіць. Імі былі ўсе праекты, усе альбомы, усе спектаклі з удзелам кампазітара. «Я заўсёды быў адкрыты для ўсяго, і я застаюся такім», – прызнаецца Альбін журналістам. І гледзячы на пералік інструментаў, якімі ён валодае, на спіс музычных накірункаў, у якіх ён працаваў, і назіраючы за яго імкненнем спасцігнуць культуру іншых народаў, у адкрытасці швейцарца «да ўсяго» не прыйдзе ў галаву сумнявацца. Толькі ў гэтым годзе Брун рэалізаваў 2 інтэрнацыянальныя праекты: адзін сумесна з егіпецкімі музыкантамі, другі з беларускімі спявачкамі. І ў любым выпадку вынік такога дыялогу культур абавязкова прэзентуецца народам абедзвюх краін, нават калі гэта і не надта прыбыткова.
13 год таму Альбін Брун сыграў на Беларусі першы канцэрт, а ў мінулым годзе вярнуўся сюды ўжо з задумай спалучыць у адным аўтарскім праекце альпійскую джазавую музыку з беларускімі народнымі спевамі. У Мінску кампазітар спадзяваўся знайсці жаночыя галасы для здзяйснення ідэі. Як з гонарам успамінае салістка «Аканы» Надзея Чугунова, на кастынг тады прыйшлі многія гурты. Сярод іх і такія вядомыя, як «Тройца» і «Церніца», аднак вока швейцарскага музыканта спынілася на амбіцыёзнай «Akana».
Этна-джаз па-беларуску
Гурт «Akana» з’явіўся яшчэ ў 2003 г. пры Мінскім дзяржаўным музычным вучылішчы імя М. Глінкі. Праўда, першапачаткова ён быў вядомы пад назвай «Этна-NHS», але галоўныя прынцыпы сённяшняга калектыву фарміраваліся ўжо тады. Сярод іншых гурт асабліва вылучаўся тым, што выконваў аўтэнтычную народную лірыку – абрадавую і пазаабрадавую, сабраную ў розных рэгіёнах Беларусі. Праз тры гады накірунак дзейнасці гурта крыху памяняўся, і народныя песні пачалі аранжыравацца, а калектыў стаў называць сябе этна-джазавым. Гэты напрамак аказаўся паспяховым для народнікаў: пачаліся перамогі ў міжнародных конкурсах, выступленні ў прэстыжных кансерваторыях, трансляцыі на айчынным і замежных радыёканалах.
З абнаўленнем саставу ў 2008 г. змянілася і назва на «Akana- NHS», ці, прасцей, «Akana». Зараз у гурце тры салісткі – Ірэна Катвіцкая (яна займаецца таксама аранжыроўкамі і ажыццяўляе мастацкае кіраўніцтва калектывам), згаданая Надзея Чугунова і Руся, фронтвумэн гурта, вядомая як салістка групы «Indiga » і рок-княжна-2006. Яе голас мог падацца некаторым да болю знаёмым – Руся дубліравала многія ролі замежных фільмаў пры іх перакладзе на беларускую мову.
«У Брэсце мы сабралі найбольш маладых людзей»
Так, між іншым, прызналася Руся брэсцкай публіцы. І дадала: «Прыемна, што вы не ядзіце чыпсы перад DVD, а ходзіце на такія канцэрты».
А параўноўваць музыкантам ужо было з чым. Канцэрт у Брэсце завяршыў сумеснае турнэ гуртоў «Albin Brune Alpin Ensemble» і «Akana» па Швейцарыі і Беларусі. У нашай краіне прайшло 5 канцэртаў, два з якіх – у сталіцы. Так што нам пашанцавала, што ў Брэст яны таксама завіталі.
Глядацкая зала сапраўды была напоўнена ў асноўным моладдзю. Прачынаецца, відаць, цікавасць да амаль страчаных ужо традыцый нашых продкаў. І вельмі важна, што ёсць людзі, здольныя прыняць ад нашых бабуль традыцыі яшчэ язычніцкага песнеспявання. Ды не проста прыняць, а вынесці ў натоўп, зрабіць іх зноў папулярнымі, прымусіць сучаснага чалавека слухаць іх, раскрыўшы рот.
У кожнай кампазіцыі адчуваліся музычны геній Альбіна Бруна, які здолеў так удала спалучыць дзве культуры, выключнасць талентаў інструменталістаў і чысціня галасоў беларускіх дзяўчат. І хто б мог падумаць, што акапэльныя па сваёй прыродзе народныя спевы ўтвораць такі гарманічны сімбіёз з еўрапейскім джазам? І шыкоўна загучаць не толькі з такімі народнымі інструментамі, як флейта, гармонік, бубны, але нават кантрабасам, саксафонам і ўдарнымі.
Кожны вынес з канцэрта нешта сваё, мяне ж абсалютна падкупіла тое, як па-майстэрску выступоўцы стварылі ўтульную дамашнюю атмасферу ў зале. Відаць, для гэтага яны і прасілі, каб на сцэну не накіроўвалі шмат святла і можна было мець зрокавы кантакт з аўдыторыяй. Фатографам, канечне, гэта не вельмі спадабалася, аднак кантакт налажаны быў. Альбін жа сваім «Вялікі дзякуй» сагрэў беларускую нацыянальную душу.
Апагеем гэтай хатняй утульнасці і дабрыні стала арыгінальнае заканчэнне выступлення, калі не гледачы праводзілі артыстаў за кулісы, а артысты — гледачоў, быццам гасцінныя гаспадары дарагіх гасцей. Зусім проста можна было падысці і паціснуць руку таму ж Альбіну, ці некаму яшчэ, ці ўсім музыкам, сказаць словы ўдзячнасці, нават абняцца з імі. Абсалютная адкрытасць… Відаць, гэтая рыса характару перадаецца паветрана-кропельным шляхам. І ўжо не адзін Альбін Брун на яе хварэе.
Фота: пяе «Аkаnа» (у цэнтры – Руся); Альбін Брун і яго саксафон
0 комментариев
Anonymous User
01.12.2010 в 22:06вася ёлупень
01.12.2010 в 22:06дзякуючы гэтаму канцэрту, сябры, я кінуў піць! сорак гадоў кадзіраваўся і ня мог, а пасля такой выдатнай вячоры кінуй і ўсё — бо знянацку ўсвядоміў, што ёсць яшчэ мейсца для цудоўнага й прыгожага ў гэтым шэрым горадзе. дзякуй.
п.с.
ах, каб скінуць гадоў дваццать, то як піць даць — узяў бы Русю ў жонкі! (нават, нягледзячы на тое, што яна ўжо ажанілася 🙂 )
Sanya
01.12.2010 в 22:16Те кто был в ДК профсоюзов в тот вечер, этот концерт не забудут. Впечатлило всё: стиль, подача, профессионализм, аранжировки, убежденность и сила исполнения, харизма и открытость музыкантов, смешная цена билета, ну и конечно замечательные песни, наполненные драматизмом и динамикой.
Юлія
01.12.2010 в 23:44Хацела падысці ды падзякаваць артыстаў за тыя незвычайныя дзве гадзіны, падчас якіх мая галава знаходзілася па-за зонай доступу якой бы то ні было інфармацыі, акрамя музычнай. Але неспадзяваная адкрытасць, прадэманстраваная выканаўцамі пры развітанні, мяне, прызнаюся, увяла ў нерухомы стан. У іх, нават, быў час проста стаяць і назіраць, як мы, слухачы, расходзіліся! Можна ж было і паціснуць руку, і сказаць добрыя словы ўдзячнасці, запрасіць завітваць яшчэ — гэта праўда, але мая аслупянеласць не дазволіла і кроку ступіць… Бывае ж…