Перапала дваццаці дзяўчынкам і хлопчыкам з сацыяльнага прытулку для дзяцей, чые бацькі часова пазбаўлены бацькоўскіх правоў, і пяцідзесяці паўсотні дзеткам-інвалідам рэабілітацыйна-развівальнага Цэнтра «Веда».
Вельмі кранулі нашага немца (спадар Віганд жанаты на паляшучцы з Лунінца) падарункі дзяцей у адказ. І там, і там па-рознаму абяздоленыя дзеці спантанна наважыліся падараваць гэтаму добраму дзядзьку свае малюнкі. А гэта якраз поўнае пападанне ў мэту нямецкага дабрадзея. Бо ён імкнецца навучыць дзяцей — але і не толькі дзяцей — чарадзейнаму двуадзінаму мастацтву даваць і браць, адорваць і быць адораным, нават і не ў адказ, а проста таму, што ты або нехта гэта можа і хоча.
Назбіраў жа кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы “Ост-Вэстфаміліенхiтльфэ” Аляксандр Віганд для двухгадовага Назарыя Палтарана з Мар’інай Горкі за месяц каля дваццаці тысяч еўра. Праз запыты ў фірмах, прадпрыемствах, публікацыі ў газетах паўночна-заходняй Нямеччыны, куды малога з шасцю рознымі дыягназамі, выстаўленымі ў Беларусі і Расіі, даставілі на тыдзень у лістападзе сёлета. Стала магчымым трохтыднёвае знаходжанне малога ў клініцы ў Дуйсбургу, дзе яму выставілі іншы дыягназ, дапамаглі з лекамі, купілі інвалідны развівальны вазок за тры з паловай тысячы еўра. Пад Новы год Назарый вернецца ў інтэрнацкі пакойчык, дзе туліцца сям’я Палтаран з чатырох чалавек. Але ён вернецца з надзеяй, што пачне гаварыць, рухацца, – будзе жыць з сэнсам. Лекар у Дуйсбургу распрацаваў курс тэрапіі і навучыў яму маці малога, Наталлю Палтаран. Гэта будзе ўжо шосты беларусік, якому дапамог у лячэнні дабрадзей Віганд.
Што да брэсцкіх дзяцей, то вось ён, урок нямецкай прадуманасці і сэнсоўнасці. На кожным пакеце ярлычок з надпісам, каму прыблізна падыйшоў бы падарунак. Прыкладам, “хлопчык 4-5 гадоў”, “дзяўчынка 1-2 гадоў”. Цэтлікі пісалі дзеці садка “Краіна дзіцячых прыгодаў”, куды ходзяць маленькія яшчэ дзеці Аляксандра Віганда і яго беларускай жонкі. Дзеці гэтага садка самi збіралі рэчы, пакавалі падарункі. У некаторыя пакеты закладзены кароткія лісты з расповедам пра сябе і прапановай перапісвацца, калі будзе жаданне.
А сам “ініцыятар і генератар” пахваліўся мне рукапісным тэксцікам на старонцы са сшытка, выразаным па контуру хваліста (спадар Віганд вельмі сентыментальны чалавек). Выхавацельніца дзіцячага садка ў Мюльхайме напісала яму, не педагогу, былому вадзіцелю-“дальнабойшчыку”, радкі ўдзячнасці “за тое, што ён падараваў ёй такую цудоўную ідэю, якая так захапіла дзяцей і навучыла іх па-іншаму, больш добрымі вачыма глядзець на свет”.
Фота: Аляксандр Віганд у Цэнтры “Веда”
Ответить