Першы дзень зімы і адкрыццё першага ў горадзе зімовага сада – сімволікі ў гэтым супадзенні на цырымоніі не бачылі толькі лянівыя. Хто-ніхто з прысутных падкідваў і свае алюзіі. Храмам прыроды побач з храмамі навукі і неба, напрыклад, назвала сваё дзецішча Вольга Верамчук, кіраўнік міжфакультэцкага Цэнтра экалогіі і прыродазнаўства, пад чыім наглядам і знаходзіцца аб’ект. Усім запрошаным на ўрачыстасць persona grata параўнанне відавочна спадабалася.
Дарэчы, пра саміх персон. Акрамя кіраўніцтва БрДУ імя А.С. Пушкіна і супрацоўнікаў Цэнтра, былі тут і тыя, хто так ці інакш спрычыніўся да новабудоўлі. Дырэктар будаўнічага трэста № 8 Міхаіл Водчыц і па заканчэнні працы на аб’екце не мог пакінуць здзіўляцца, што «нейкая, як тады здавалася, цяпліца» будзе вымагаць такіх шматлікіх сучасных вырашэнняў і тэхналогій. Старшыня Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы акаляючага асяроддзя Тамара Ялкоўская прыгадала, як універсітэт некалькі год таму прасіў у камітэта грошы на рамонт страпіл старой цяпліцы і як абярнулася ўсё будаўніцтвам цэлага зімовага сада. Мэр горада Аляксандр Палышанкоў выказаў удзячнасць Вользе Мікалаеўне і яе паплечнікам, чые задумы і мары так шчасліва рэалізаваліся ў рэальнасці. А дырэктар Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі Уладзімір Ціток у знак пачатку плённага супрацоўніцтва паміж «старэйшым» і «малодшым» братамі-садамі паднёс В. Верамчук незвычайны букет з галін, усыпаных рознымі цытрусавымі. Не многія верылі, што фрукты не штучныя і імі сапраўды можна паласавацца на дэсерт.
Цэнтральнай фігурай, аднак, у гэты дзень усё ж быў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар, якому давялося не толькі разразаць чырвоную стужку разам з Міхаілам Водчыцам і рэктарам універсітэта Мечыславам Часноўскім, але і сустрэцца паўтара гадзінамі раней са студэнтамі і прафесарска-выкладчыцкім складам БрДУ імя А.С. Пушкіна.
Сустрэча прайшла па традыцыйным для такіх мерапрыемстваў плане: пасля даклада старшыні аблвыканкама яна прыняла рэжым «пытанне – адказ». Студэнты цікавіліся, ці магчыма вырашыць праблему адсутнасці спартыўнай залы ва ўніверсітэце, з-за чаго і зімой, і летам заняткі 1–4 курсаў праходзяць у гарадскім парку. Патлумачу, што некалькі спартыўных залаў там усё ж такі ёсць, аднак іх не хапае на ўсе факультэты, асабліва з пашырэннем сферы аказання платных паслуг. На гэтае пытанне прагучаў адказ, што спартыўную залу для БрДУ будаваць дакладна не будуць з-за запланаванага ўжо будаўніцтва новага інтэрната, таму трэба прыстасоўваць для заняткаў ужо гатовыя гарадскія аб’екты. А паколькі бліжэйшы з іх – легкаатлетычны манеж – усё ж знаходзіцца далей, чым парк «1 Мая», то думаецца, наўрад ці што памяняецца ў гэтым накірунку. Так што дыхайце свежым паветрам, студэнты!
Пяцікурснікаў жа нязменна хвалююць дэталі іх размеркавання. Пра што ж яшчэ спытаць кіраўніка вобласці, як не пра меры па замацаванні маладых спецыялістаў у сельскай мясцовасці? Не хвалюйцеся, стандартны набор «надбаўка да заработнай платы ў памеры 20%, датацыі на здым жылля, магчымасць узяць льготны крэдыт» пакуль у сіле.
Брэсцкія студэнты праявілі заклапочанасць не толькі ўласным лёсам, але і праблемамі горада, у якім калі і не ўсе жывуць, то ўсе вучацца. Пыталіся і пра будаўніцтва новых дарог і транспартных развязак, і пра ўзвядзенне канцэртнай залы (як аказалася, пакуль непад’ёмнае для гарадскога бюджэта), і пра магчымасць стварэння цэнтра маладой сям’і ў Брэсце. Некаторыя глядзелі і таго шырэй: цікавіліся развіццём турызму ў вобласці, станам медыцынскага абслугоўвання ў вёсках, а таксама – у свеце блізкіх падзей – вынікамі сустрэчы старшыні аблвыканкама з прадстаўнікамі місіі ОБСЕ, закліканымі сачыць за дэмакратычнасцю выбараў у вобласці, і перадвыбарнай праграмай Аляксандра Лукашэнкі. Як аказалася, студэнты інфармаваны, што К. Сумар з’яўляецца адной з давераных асоб прэзідэнта ў перадвыбарнай кампаніі. Так губернатару ўдалося сумясціць прыемнае з карысным: і зімовы сад адкрыць, і перадвыбарную агітацыю за прэзідэнта сярод навучэнцкай моладзі правесці.
Расліны ж, высаджаныя ў зімовым садзе, патроху прыжываюцца. І так упрыгожваюць яго папугаі і канарэйкі… Ім зусім няма спраў да палітычных гульняў людзей. Прырода мудрая і, хочацца спадзявацца, вечная. Прыходзьце ўпэўніцца ў гэтым у яе новы, няхай і рукатворны, куточак.
КСТАТИ. Кандидату в президенты Владимиру Некляеву отказали в проведении встречи с избирателями в Брестском государственном университете им. А.С.Пушкина (БрГУ). По словам доверенного лица кандидата Николая Ковша, отказ администрации мотивирован ссылкой на напряженный учебный процесс, перегруженность учебных площадей и ремонт в вузе. «Я считаю, что причины надуманные. В этом университете 1 декабря, как сообщали местные СМИ, состоялась встреча председателя Брестского облисполкома с преподавателями и студентами, — отметил Ковш. — Поэтому расцениваю данный отказ как препятствование в ведении агитационной кампании неудобному для властей кандидату на пост главы государства».
На фота: чырвоную стужку пераразаюць рэктар М. Часноўскі і ганаровыя госці ўрачыстасці К. Сумар і М. Водчыц
Ответить