11–12 снежня ў Брэсце прайшоў трэці па ліку міжнародны турнір «Winter Brest», у якім прынялі ўдзел каманды з Расіі, Украіны і Беларусі. Арганізатарамі жа традыцыйна выступілі самі ігракі брэсцкіх каманд.
Размова па паняццях
У канцы 40-х, калі Амерыку накрыла хваля трызнення па НЛА, вынаходца Уолтар Морысан прыдумаў новую цацку для дзяцей у выглядзе лятальнай талеркі. Яе пусцілі ў масавую вытворчасць, і вельмі хутка яна стала забаўкай не так дзяцей, як падлеткаў і студэнтаў. Сваю назву – фрысбі – запазычыла ў кандытарскай фірмы, якая выпускала прадукцыю ў спецыяльных падстаўках. Іх нярэдка пускалі ў ход замест лятальнага дыску – так два паняцці і зблыталіся.
Цяпер свет мае некалькі відаў спорту, прадметам якіх з’яўляецца фрысбі –фрыстайл, дыск-гольф, ДДЦ (дабл дыск корт – гульня з двума дыскамі адначасова), гатс. Самым папулярным, аднак, напрацягу многіх год нязменна з’яўляецца алцімат фрысбі – камандны від спорту, пры якім ігракі павінны злавіць найбольш пасаў на тэрыторыі праціўніка. У зальным алцімаце гуляюць 5 чалавек у камандзе, у газонным – 7 чалавек.
Адметнай рысай гэтага віду спорту з’яўляецца адсутнасць судзейства. Лічыцца, што ігракі наўмысна не будуць парушаць правілы, а значыць штрафаваць іх не мае сэнсу. Кожны фрысбіст сам адказвае за свае паводзіны на полі, заснаваныя найперш на ўзаемапавазе адзін да аднаго, ці, калі выкарыстоўваць тэрміналогію прыхільнікаў алцімату, на Духу гульні. Гэта і галоўны прынцып, і асноўны крытэрый ацэнкі спаборніцтва. Назіраючы на апошнім турніры за гульнёй жаночых каманд, я не магла зразумець па іх настроі, хто перамог, а хто прайграў, – усе дзяўчаты выходзілі з залы аднолькава задаволенымі. І тут, як падаецца, Дух гульні ўжо не прынцып, а прычына жывучасці алцімата сярод моладзі.
Лятальныя дыскі ў Брэсце
Гэты папулярны ў Еўропе і асабліва ў Амерыцы від спорту ў Брэст прыйшоў толькі на пачатку 2000-х. Калі дакладна, то ў 2001 г. На той час дзейнічала праграма па развіцці алцімата ў Беларусі Шведскай федэрацыі фрысбі. Яе сакратар Пол Эрыксан і завітаў у наш горад разам са спартсменамі з Мінска, Расіі і Латвіі, каб паказаць невядомую берасцейцам забаву. Прэзентацыя адбылася ў БрДУ імя А.С. Пушкіна. Студэнт гэтага ўніверсітэта, Максім Валошчык, і стаў ля вытокаў брэсцкага алцімата.
Менш як за 10 год існавання тут гэтага віду спорту Брэст можа пахваліцца трыма камандамі (2 мужчынскімі і жаночай – гэта пры тым, што ўсяго па Беларусі іх 9) і вялікім вопытам правядзення міжнародных турніраў. Менавіта нашы землякі правялі першае ў Беларусі міжнароднае спаборніцтва ў 2004 г., у апошні год дзеяння шведскай праграмы, і з таго часу падобныя мерапрыемствы праходзяць некалькі разоў на год: адзін раз, зімой, па зальным алцімаце і другі, вясной, па газонным.
Лыжка дзёгцю
Пры ўсім размаху, што ўзялі прыхільнікі лятальных дыскаў, гэты спорт мог бы развівацца інтэнсіўней. Максім Валошчык, які да гэтага года быў негалосным трэнерам брэсцкіх каманд, прызнае, што паціху назравае неабходнасць стварэння грамадскага аб’яднання фрысбістаў. Па прычыне малога ўзросту алцімата на Брэстчыне, як і наогул па Беларусі, пакуль няма паўнавартасных трэнераў – ёсць проста вопытныя ігракі, якія бяруць на сябе ініцыятыву і працуюць са слабейшымі таварышамі па цэху. Не зусім прадумана пакуль і сістэма працы з навічкамі. Звычайна гэта знаёмыя ігракоў, якія прыходзяць і трэніруюцца поплеч са старажыламі.
Поруч з гэтымі, цалкам аб’ектыўнымі цяжкасцямі маладога віду спорту ёсць і іншыя, матываваныя фактарамі зусім іншага кшталту. Дзіўна, напрыклад, але пры вялікай колькасці спартыўных залаў і агромністай прапагандзе здаровага жыцця спартсменам-аматарам часта праблематычна знайсці месца для трэніровак і турніраў. Арэнда памяшкання каштуе немалых грошаў, і чамусьці не знаходзіцца ахвотнікаў пусціць моладзь наладжваць здаровае жыццё ў спартыўную залу бясплатна. У гэтым годзе ўдалося дамовіцца з легкаатлетычным манежам пра зніжэнне сумы аплаты, але не радыя аказаліся аматарам прафесійныя спартсмены – тыя, што працуюць, нібыта, на імідж краіны…
Думаецца, і арганізацыю турніраў павінны браць на сябе не самі ігракі – на гэтае ёсць шматтысячная армія функцыянераў у розных арганізацыях ды ведамствах, чый святы абавязак праводзіць такія мерапрыемствы. Аднак у рабочых планах з года ў год пераходзяць пункты, што няўмольна трацяць актуальнасць. Чаму ніхто не хоча прыгледзецца, чым на самай справе цікавіцца сучасная моладзь?
Звонку выглядае, быццам нейкая справа да алцімата фрысбі ёсць у БРСМ. Аднак даводзіцца канстатаваць, што так толькі звонку ды на паперы і выглядае. Удзел гэтага грамадскага аб’яднання ў арганізацыі міжнародных спаборніцтваў па алцімату нязменна значыцца ў рабочых планах і справаздачах, але зводзіцца звычайна да невялікай грашовай дапамогі ды, калі мажліва, да прабівання бясплатнай залы ў БрДУ імя А.С. Пушкіна падчас сакавіцкіх гульняў «Опа, хэт!» (той жа алцімат, толькі для сфарміраваных у выпадковым парадку за тыдзень да гульняў каманд). Самі фрысбісты не скардзяцца: і такая дапамога добрая, калі няма ніякай іншай. З боку ж на ўсё гледзячы, падаецца смешным выдзяленне ажно 150 тыс. на правядзенне міжнароднага мерапрыемства. Ды ладна грошы, асноўныя выдаткі пакрываюцца ўсё ж за кошт уступных збораў – нават урачоў, якія абавязкова павінны прысутнічаць на спаборніцтвах і пра якіх павінен быў паклапаціцца гарадскі камітэт БРСМ, не было. Затое былі дзве сур’ёзныя траўмы.
Урэшце, чэмпіянатам засталіся задаволеныя ўсе: і хто яго арганізаваў, і хто паўдзельнічаў. І ўсё ж мроіцца, што гэтыя цікавыя, жывыя і проста шалёныя па сваёй пазітыўнай энергетыцы спаборніцтвы будуць планавацца не толькі самімі фрысбістамі. Моладзь будзе безгранічна ўдзячная, калі давядзецца сэканоміць хаця б на арэндзе залы. І тады ёй не падасца такім недарэчным будаўніцтва чарговага спартыўнага аб’екту.
Фота з сайта www.frisbee.by
0 комментариев
Anonymous User
16.12.2010 в 15:02Марыя,фрысбіст
16.12.2010 в 15:02Нават не ведаю, як адрэагаваць… Проста хочацца сказаць вялікае чалавечае ДЗЯКУЙ Вам,Іна,за тое,што паднялі гэтую праблему… Хочыцца верыць і спадзявацца,што ў хуткай будучыні сапраўды з’явіцца моцная подтрымка любімага спорту…
kornolio
16.12.2010 в 15:20Отличная и правдивая статья)))
Надежда Ошуркевич
16.12.2010 в 15:23Замечательная статья!!!Спасибо большое!!!да,Брестскому алтимату очень нужна помощь!!!И мы ждём новых игроков в команды!!)))
Шипа
16.12.2010 в 19:28Как говорится инициатива инициатора…, но я ни капельки не жалею сил и время потраченных на алтимат, это не просто спорт, это что-то гораздо большее, и конечно каждый так будет говорить о своем любимом спорте, но поверьте нужно окунутся в алтимат, чтобы понять как это прекрасно, зрелищно, интерестно!