Сучасная літаратурная плынь Берасцейшчыны бярэ выток з пасляваенных пяцідзесятых, калі вакол панавалі голад і разруха, калі на былых “крэсах усходніх” многія людзі распісваліся “крыжыкамі”, калі дзяды неверагодна цешыліся, здабыўшы шматок паперы на самакруткі. Тады нашы людзі, змораныя гадамі страху і здзеку, адчуўшы, што заглянула сонца ў іх аконца, пацягнуліся да ведаў, да песні, да натхнёнай працы і творчасці.
Развіццю актыўнага творчага працэсу бадай болей усяго спрыялі і слугавалі сродкі масавай інфармацыі, узнаўленне дзейнасці якіх пачалося адразу пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкай акупацыі.
Менавіта тады ў рэдакцыі газет прыйшлі найбольш адукаваныя, творча адораныя кадры. Яны добра разумелі, што апроч інфармавання “заходнікаў” пачэсны абавязак прэсы – весці культурнае і духоўнае выхаванне люду паспалітага. У вырашэнні гэтай няпростай задачы ідэалагічныя службы і рэдакцыі газет абапіраліся на “соль грамадства” – настаўнікаў, увогуле інтэлігенцыю, творча адораныя “нізы”.
Нярэдка ў саміх рэдакцыйных супрацоўнікаў у той час не хапала ведаў, эстэтычнай падрыхтоўкі. Таму выяўляліся і прыцягваліся да супрацоўніцтва ў першую чаргу асобы адукаваныя, кемлівыя, адораныя Боскай іскрынкай.
Пры большасці раёнак гуртаваліся мясцовыя селькоры, юнкоры, утвараліся гурткі, дзе праходзілі творчы лікбез будучыя майстры слова.
У абласной “Зары”, якая пачала друкавацца пад водбліскі партызанскага вогнішча ў закійскіх барах, вучылі, гартавалі пачаткоўцаў вядомы яшчэ з польскіх часоў паэт-змагар з Пружаншчыны Мікола Засім і закінуты з “вялікай зямлі” журналіст Аляксандр Прыпатнеў. Пад іхнім доглядам многія адолелі тэхніку вершаскладання, навучыліся “габляваць” творы да годных кандыцый.
Усё большую ролю ў творчым выхаванні моладзі пачалі адыгрываць школы, педвучылішчы, Брэсцкі педагагічны інстытут, куды кіраваліся ўсе, хто адчуваў у сабе жарынку натхнення. У кабінетах і аўдыторыях грызлі граніт навукі дзясяткі хлопцаў і дзяўчат з вёсак, хутароў, паселішчаў Прыбужжа і Прыпрыпяцця, якім не даваў супакою творчы сверб.
У педагагічным інстытуце ім пашчасціла трапіць пад крыло выключна адоранага чалавека, таленавітага педагога, апантанага творчымі ідэямі вучонага-літаратуразнаўцы Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, які стаў для многіх, у першую чаргу для прадстаўнікоў “філалагічнага пакалення” берасцейскіх літаратараў, настаўнікам, дарадцам, натхняльнікам, прыкладам у працы і жыцці. Нездарма вобразна называлі яго “гуртавым і вадаром” – Ніна Мацяш, “плытагонам” – Міхась Рудкоўскі, “лесаводам берасцейскага паэтычнага падлеску” – Аляксей Філатаў.
Уладзімір Андрэеевіч трымаў пастаянную жывую сувязь з творчымі людзьмі вобласці, вёў літаратурныя “вечы” пры “Зары”, арганізоўваў выезды і сустрэчы ў працоўных і вучнеўскіх калектывах. Ён запрашаў да студэнтаў вядомых пісьменнікаў Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы, спрыяў удасканаленню прафесійнага майстэрства найбольш здольных паэтаў і празаікаў, стаў многім з іх “хросным бацькам”, рэдагуючы першыя кніжкі, вёў у вялікую літаратуру. Пад руплівым доглядам паважанага апекуна шліфавалі свой творчы почырк ужо вядомыя на той час Аляксандр Авечкін, Мікалай Цялічка, Аляксей Бакуменка, Аркадзь Сурскі і яго жонка Вера, Святлана Курылёва, распраўлялі крылы таленавітыя “дзеці вайны” з розных куткоў Палесся – Міхась Рудкоўскі, Мікола Купрэеў, Васіль Жуковіч, Іван Арабейка, Васіль Праскураў, Яўгенія Янішчыц, Ніна Мацяш, Ніна Загорская, Алесь Разанаў. Усё часцей іх творы пачалі прабівацца ў друк, атрымліваць станоўчыя водгукі крытыкаў і літаратуразнаўцаў.
На агеньчык зляталася творчая моладзь з раёнаў: Іван Кірэйчык, Віктар Гардзей, Уладзімір Марук, Алесь Каско – з Ганцавічаў, Алесь Бібіцкі, Зіновій Вагер – з Пінска, Аляксей Каўко, Валянціна Кукса – з Іванава, Яраслаў Пархута, Сцяпан Крываль, Аляксей Майсейчык – з Івацэвічаў, Васіль Сахарчук, Расціслаў Бензярук – з Жабінкі, Аляксей Філатаў, Сямен Кавенька з Маларыты, Мікола Пракаповіч, Дзмітрый Васільеў, Кастусь Жмінько, Іван Мельнічук – з-пад Брэста.
А колькі збіралася на літаратурныя “серады” і “чацвяргі” проста тых, хто цікавіўся літаратурай, прыносіў на суд свае першыя рыфмаваныя радкі! Выказванні Уладзіміра Андрэевіча пра эстэтычнае і культурнае развіцце асобы, пра літаратурнае майстэрства і густ дапамагалі прысутным глыбей разумець творчы працэс, расці духоўна.
Вядома, што крылы дужэюць у палёце. Няўхільна раслі творчыя набыткі маладых, паступова павялічвалася сям’я тых, каго прынялі ў пісьменніцкі саюз.
У студзені 1981 года, дзякуючы клопатам У.А.Калесніка, атрымала права на існаванне і абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў. Кіраўніком яго стаў сам настаўнік. Невялічкай была ў той час пісьменніцкая сябрына вобласці. У яе ўваходзілі Іван Арабейка, Віктар Гардзей, Святлана Курылева, Ніна Мацяш, Мікола Пракаповіч, Міхась Рудкоўскі, сам настаўнік ды некалькі кандыдатаў.
Згодна са статутам асноўнымі напрамкамі дзейнасці аддзялення былі “актывізацыя творчага жыцця, прапаганда беларускай кнігі, выхаванне маладых талентаў”. І пры жыцці У.А.Калесніка, і пасля таго, як яго не стала ў 1994 годзе, пастаўленыя перад пісьменніцкай сябрынай задачы выконваліся няблага. Мяняліся кіраўнікі аддзялення: у 1984 годзе яго ўзначаліў Мікола Пракаповіч, у 1990 – Алесь Каско, у 2006 – Ніна Мацяш.
С.Казак “Партрэт Ніны Мацяш”. Холст, маслоМяняўся і колькасны склад прафесійных літаратараў. Калі на завяршэнні першага дзесяцігоддзя ў аддзяленне ўваходзіла 11 пісьменнікаў, дык цяпер іх 31. Асобныя літаратары былі запрошаны ў сталічныя выдавецтвы і рэдакцыі, некаторыя перайшлі на працу ў іншыя регіёны, тым не менш агульны лік творцаў з часам павялічваецца.
Э.Куфко “Партрэт Міхася Рудкоўскага”. Холст, маслоНягледзячы на рознага роду грамадскія катаклізмы, няўхільна папаўняўся духоўны скарб, створаны нашымі майстрамі пяра, узрастаў іх узнёсак у культурную і духоўную спадчыну свайго народа. Вось толькі некаторыя выразныя штрыхі: дзесяць грунтоўных кніжак у скарбонцы светлай памяці Міхася Рудкоўскага, па шэсць у Міколы Пракаповіча, Алеся Каско і Івана Мельнічука, па восем у Лявона Валасюка, Аляксея Філатава, Алеся Корнева… Практычна ў кожнага сябра нашага аддзялення па некалькі кніжак паэзіі і прозы.
С.Казак “Партрэт У.А.Калесніка”. Холст, масло
Назаўжды ўславіла сваёй творчасцю не толькі любімую Бярозаўшчыну, але і ўсю Радзіму-Беларусь пісьменніца высокай духоўнай культуры, выключнага таленту і ў той жа час складанага жыццёвага лёсу Ніна Язэпаўна Мацяш. Ёю выдадзены 15 вершаваных зборнікаў, 7 кніжак для дзяцей, 15 кніг перакладаў з французскай, нямецкай, польскай, украінскай ды іншых моў свету.
Э.Куфко “Партрэт Алеся Каско”. Холст, маслоЗ любоўю і павагай хілілася яе сэрца да сяброў па творчасці. Ім яна заўсёды гатова была прыйсці на дапамогу, не шкадуючы ўласнага часу, рэдагавала кніжкі. Толькі за два гады, дзякуючы клопатам і падтрымцы Ніны Язэпаўны, дзясатак вартых творцаў былі прыняты ў пісьменніцкі саюз. Гэта, у прыватнасці, Іван Лагвіновіч, Аляксей Белы і Алесь Корнеў з Баранавічаў, Аляксей Галаскок з Ганцавічаў, Вадзім Жылко і Мікола Ільючык з Лунінеччыны, Мікола Папека з Пружаншчыны, а з Брэста – Лявон Валасюк, Кастусь Жмінько, Уладзімір Лебедзеў і Мікола Цялічка…
А.Савіцкій “Партрэт Міколы Купрэева”. Бумага, уголь
Нямала сілы і часу аддала яна, каб на працягу трох месяцаў сабраць, скампанаваць, адрэдагаваць і выдаць першы за паўвеку ў вобласці літаратурны альманах “Жырандоля”, у якім змешчаны творы больш чым пяцідзесяці нашых аўтараў.
Працягваючы добрыя справы Уладзіміра Калесніка, Ніны Мацяш ды іншых слынных пісьменнікаў-землякоў, сябрына берасцейскіх літаратараў і сёння жыве актыўным творчым жыццем, у не лепшых для творчасці ўмовах множыць духоўнае багацце роднага краю, расце колькасна.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці і перашкоды, беларускія пісьменнікі ўносяць, як і раней, значны ўклад у скарбонку нацыянальнага і культурнага багацця. У іх радах годна выглядаюць пісьменнікі-берасцейцы. Створанае імі знаходзіла і будзе знаходзіць вартую ацэнку прыхільнікаў прыгожага пісьменства, усіх, хто дбае не толькі пра хлеб надзённы, але і пра духоўны стан грамадства, пра будучыню Беларусі.
Іван МЕЛЬНІЧУК,
старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”
Ответить