ПАЧУЦЬ РОДНАЕ СЛОВА
У 1961 годзе група настаўнікаў-гісторыкаў з Адэшчыны паехала на экскурсію ў Ленінград. Праз нядзелю вяртаемся дадому. У чаканні поезда сядзім на вакзале, гутарым. І тут да нас падходзіць бабуся і чыстай украінскай мовай пытае:
— А скуль вы, дзеткі, будзеце?
— З Украіны, бабусю, з Украіны мы, — адказваю.
— О, то мы бадай землякі! – павесялеўшы, кажа старая. – А я з падолля, з Віннічыны.
— Едзеце дадому? – пытаю.
— Ой, дзе там дадому! Цяпер мая дома тут, у Ленінградзе. З дачкою прыехала. Дачка выйшла замуж за ваеннага. Маскаль. Хаця які ён маскаль, беларус ён, але цвенькае па-рускі. А я – не. Я дома з дачкою балакаю па-свойму. І ўнукаў навучаю нашай мове. Прыходжу сюды на вакзал да паяздоў з украіны, абы пачуць роднае слова.
Такою роднаю, такою блізкаю выдалася нам тая бабуся, што, калі аб’явілі пасадку, мы, развітваючыся, з ёю расцалаваліся.
ПА ІНТЭРВ’Ю
Рэдактар аддзелу публіцыстыкі часопіса “Жовтень” Тарас Мігаль прыехаў неяк летняй парой у Луцк узяць інтэрв’ю ў сакратара абкама партыі па ідэалагічнай рабоце пра развіццё культуры на Валыні.
Заходзіць Т.Мігаль у кабінет сакратара абкаму, дзе за сталом пышная дама з капою каштанавага валосся на галаве. Устае дама з-за стала, падае руку для прывітання (апранута яна была ў белую блузку з кароткімі рукавамі). Мігаль бярэ яе пухлую руку ў свае лапішчы, нахіляецца для пацалунку, а ў ноздры ўдараюць такія п’янкія пахі французкіх духоў – ап’янець можна. Мігаль цалуе запясце і далей, далей пайшоў аж да локця. Партыйная дама высмыкнула сваю руку і гнеўна да Мігаля:
— Таварышу пісьменніку, што вы сабе дазваляеце?! Вы знаходзіцеся ў кабінеце сакратара абкаму партыі!
— А ў вашай асобе, — імгненна знайшоўся Т.мігаль, — я цалую родную камуністычную партыю.
Села дама за стол і да Мігаля тым жа афіцыйным тонам:
— Я вас слухаю…
ПЕСНЯ ПРА МІЛІЦЫЮ
Неяк ехалі да Луцка кампазітар Георгій Майбарада і паэт Аляксандр Багачук. За рулём сядзеў кампазітар. Каля паста ГАІ міліцыянер спыняе “Волгу”.
— Вы парушылі правілы руху, перавысілі дазволеную хуткасць. Вашы дакументы!
— Выбачце на першы раз, — заступаецца за кіроўцу паэт. – Гэта кампазітар Майбарада. Ён пра вас песні піша…
Адпусціў паставы машыну. Едуць далей, а кампазітар нешта спахмурнелы. А затым і кажа сурова:
— Што гэта ты, Сашко, выдумляеш? Ніколі я пра міліцыю песень не пісаў.
— Ну і як жа, — выгукнуў паэт. – Мы дзе былі спынены? Каля “Паста ГАІ”. А хто ж як не вы, Георгію Іларыёнавічу, напісалі раманс “Гаі шумяць, я слухаю…”
Да Луцка пад’язджалі з прыўзнятым настроем.
АБЕД З ПЕРАКУРАМ
Трыо Марэнічаў гастралявала ў Злучаных Штатах. Вядомы амерыканскі бізнесмен і мецэнат украінскага паходжання запрасіў артыстаў на абед у рэстаран.
Зрабілі заказ. Перахілілі па чарцы. Закусілі. Пайшла размова. Валерый Марэніч запытуе, ці можна тут курыць.
— Чаму нельга? Вось і папельнічка стаіць.
Вынуў Валера пачку “Прымы”, закурыў. Калі пайшлі другая, трэцяя чарка, пайшлі другая, трэцяя цыгаркі. Пайшоў па ўсёй зале і дым.
І тут прыходзіць метрдотэль і шэпча на вуха бізнесмену-мецэнату:
— Скажыце таму пану з Советуніон, што ў нас так адкрыта марыхуану не кураць.
Прышлося Валеры даваць тлумачэнне, што ён курыць родныя савецкія цыгарэты.
ПАХВАЛІЎСЯ
Пасля сустрэчы са школьнікамі ў Гарохаўскай райбібліятэцы пайшоў я са знаёмымі ў кафэ перакусіць. Абед не абыйшоўся без чаркі.
Калі сеў у маршрутку ехаць дадому, хутка пачало мяне кланіць да сну. І тут раптам здрыгануўся – у салоне нягучна лунае мая песня “Маміна каса”.
Чую, мая суседка па сядзенні, жанчына так гадоў пад 50, уздыхнуўшы, кажа сама да сябе:
— Вось жа харошая песня. Душэўная такая.
Тут і дрымота знікае, і я вазьмі і боўкні:
— А вы ведаеце, гэта я напісаў такую песню.
Якраз у гэты час прыпыняецца маршрутка, а мая суседка, прамуючы да выхаду, з посміхам у голасе кідае:
— Я ж бачу і чую, што вы не толькі напісалі, але і няблага начыталіся.
Так мяне яе словы непрыемна ўразілі, так прынародна быў я абсмяяны, што не ведаў куды ад сораму падзецца, і на паўдарозе да Луцка выйшаў. Называецца, пахваліўся.
І ПАЕХАЎ
Галоўнага рэдактара часопіса “Перець” Фёдара Макіўчука ўключылі ў склад дэлегацыі ад Украіны на чарговую сесію Генеральнай Асамблеі ААН. Далі запоўніць анкету, у адным з пунктаў якой было запытанне, як анкетуемы ставіцца да спіртнога.
Якраз над гэтым запытаннем болей усяго і задумаўся Фёдар Юр’евіч. “Напішу “не п’ю” – не павераць, бо кожны ведае, што спіртное пад стол не выліваю.
Думаў, думаў і напісаў (анкета запаўнялася расейскаю моваю):
—“Пью, но с большим отвращением”.
І паехаў.
Пераклад Івана Мельнічука
0 комментариев
Anonymous User
04.02.2011 в 02:52ян
04.02.2011 в 02:52привет знакомым прокопуку и касько- из баффало.
отличная заметка все метко. когда то помогал я володе базану печатать его газеты в риге.