Што паэту да палітыкі?
Гэты дыялог я чула напярэдадні выбараў у гарадскім транспарце:
– Ты ўжо вызначылася, за каго будзеш галасаваць?– між іншым, абы пра нешта гаварыць, спыталася адна пасажырка ў другой.
– А хіба ёсць выбар? – абыякава адказала пытаннем на пытанне жанчына. Па ўсім відаць, выбарам яна і не цікавілася. Навошта: і так жа ясна, што яго няма.
– Гэта так! – жыва пагадзілася каляжанка і са смехам дабавіла: – Там нават паэт нейкі сярод кандыдатаў ёсць.
– Ага, вось толькі паэтаў нам і не хапала…
Сапраўды, каго толькі не было за гады незалежнасці Рэспублікі Беларусь у прэтэндэнтах: пералічваць – дня не хопіць. Не было толькі паэтаў. Што за паэт — зусім няважна. Няхай далей піша свае вершыкі і не суне нос, куды не просяць.
Змагацца з такім спрошчаным і стэрэатыпным падыходам і да прафесіі, і да асобы самому Някляеву прыходзілася пастаянна. З’явіўся нават кліп з вершам у аўтарскім чытанні, дзе кандыдат у прэзідэнты згадвае пра набалелае:
Мы ляжым снапамі на таках,
Нас малоціць кожны,
хто ў руках мае цэп.
І так ва ўсе вякі…
І яшчэ пытаюць землякі:
«Што табе, паэту, да палітыкі?»
(«Я прыйшоў, каб вы перамаглі»)
Па іроніі лёсу, калі да выбараў беларусам трэба было даказваць, прыводзячы разнастайныя прыклады з гісторыі, што літаратар можа быць талковым кіроўцам, то пасля выбараў тыя ж беларусы захацелі ўпэўніцца, што палітык, імя якога многія не так даўно пачулі ўпершыню, можа быць у той жа час таленавітым літаратарам. У Мінску, напрыклад, ужо месяц як скончыліся ўсе апошнія зборнікі Уладзіміра Някляева. Якім чынам скончыліся – былі раскуплены ці канфіскаваны – дакладна невядома. Чытачы, не знаходзячы іх у крамах, скардзіліся пра тое журналістам, апошнія падключаліся да росшукаў і перадавалі грамадскасці вердыкт кнігагандляроў і выдавецтваў: нічога няма і не будзе. Пытанне «Чаму няма?» пакідалі звычайна на дадумванне чытачу, недвухсэнсоўна даючы зразумець, што кнігі маглі знікнуць з паліц па палітычных меркаваннях.
Следства з мясцовым каларытам
Дыскусіі б і заставацца ў Мінску, каб у рэдакцыю нашай газеты не патэлефанаваў берасцеец, які паскардзіўся, што і ягоная прага праз творчасць бліжэй пазнаёміцца з былым кандытам у прэзідэнты засталася неспатоленай, бо ніводнай кнігі ў горадзе знайсці яму не ўдалося. Што ж, пашукаем разам.
Спярша я наведала вялікія бібліятэкі горада – цэнтральную гарадскую імя А.С.Пушкіна і абласную імя М.Горкага. У гарадской ніводнай кнігі гэтага аўтара сапраўды не знайшлося, але, як засведчыла бібліятэкар, іх ніколі там і не было.
У абласной жа бібліятэцы творы Някляева мірна стаялі на сваім месцы (што на сваім, памятаю са студэнцкіх гадоў. Ва ўніверсітэце, у адрозненне ад школы, творчасць Уладзіміра Пракопавіча пакуль вывучаецца) – ніхто іх ад чытацкага вока не хаваў. Больш таго, побач з ранейшымі паэтычнымі зборнікамі творцы я нагледзела адносна новую кнігу прозы «Цэнтр Еўропы» (паводле рэйтынгу радыё «Свабода», лепшая кніга 2009 года). Здзіўляцца, паверце, ёсць чаму: асобнікі з серыі «Кнігарня пісьменніка», што выходзіць пры не надта лаяльным да ўладаў Саюзе беларускіх пісьменнікаў, звычайна можна адшукаць толькі ў інтэрнэт-крамах. Пакуль экземпляр афармлялі, я між іншым пацікавілася, ці не павышалася апошнім часам чытацкая актыўнасць у адносінах да твораў Уладзіміра Някляева, але асаблівага ажыятажу бібліятэкары не заўважылі.
Выданні 2010 г. – «Акно» і «Кон», з-за якіх і ўспыхнуў увесь сталічны сыр-бор, да рэгіянальных бібліятэчных фондаў наўрад ці і даходзілі, улічваючы, што друкаваліся ў прыватных выдавецтвах і забіраліся адтуль самім аўтарам.
Бібліяфілаў жа, якія аддаюць перавагу збіранню дамашняй бібліятэкі перад карыстаннем публічнай, чакае яшчэ большае расчараванне: па кнігарнях горада ў пошуках Някляева біць ногі няварта. Вось толькі палітычная актыўнасць пісьменніка тут наўрад ці пры чым, бо не было ў брэсцкіх крамах яго зборнікаў і раней.
Не варта забываць, што наш кніжны рынак істотна адрозніваецца ад рынку сталіцы. Калі ў Мінску можна адшукаць любыя навінкі і дзяржаўных, і прыватных выдавецтваў, то ў Брэсце за беларускую літаратуру можна з сораму згарэць, дапусціўшы, што пішацца і выдаецца толькі тое, што стаіць на паліцах. Калі яшчэ ў класіках, на шчасце, недахопу няма, то сучасны літаратурны працэс прадстаўлены вельмі і вельмі куца. Звычайны кнігаспажывец, які не чытае анатацыі на літаратурныя навінкі ў часопісах і Iнтэрнэце, можа лёгка ўвераваць, што апошнімі беларускімі творамі былі ці раманы Шамякіна, ці Мележа, ці, у лепшым выпадку, творы Гніламёдава або Казлова. Спакушаны чытач, навучаны горкім вопытам, наогул па беларускамоўную літаратуру ў магазіны горада не пойдзе – закажа, што яму трэба, па Iнтэрнэту, хай і пераплаціўшы на пошце за дастаўку.
Трэба, аднак, сказаць, што кнігарня і чытач-пакупнік у гэтай сітуацыі абое рабое. Калі я са звычайнай цікаўнасці яшчэ мінулым летам пыталася ў прадаўцоў двух магазінаў, ці ёсць нейкі попыт на беларускую літаратуру, мне адназначна адказвалі: «Амаль няма, таму і заказваем рэдка». Гэта значыць, адны не ствараюць паўнавартнасны рыначны попыт (хоць адкуль яму ўзяцца ў нашым зрусіфікаваным грамадстве?), другія нічога новага амаль і не прапануюць, нават у адзінкавых экземплярах.
Вось і атрымліваецца, што немэтазгодна задаваць пытанне «Куды падзеліся кнігі Някляева?», раз іх і не было, – трэба, хутчэй, пытацца, калі наладзіцца сітуацыя на рэгіянальным кніжным рынку беларускамоўнай літаратуры. Калі яе выправіць дзяржава? Наўрад ці ёй ёсць да таго справа… Хоць у многім дзякуючы гэтай акалічнасці і засталіся зборнікі паэта-вязня на бібліятэчных стэлажах.
Ответить