Але цэлага свята роднай мовы пакуль не было. Аднак да пачатку дзейнасці крэатыўнай прома-суполкі «Зала чакання» і яе звышініцыятыўнага кіраўніка Зміцера Назарава ў нас наогул шмат чаго і шмат каго не было. Многіх спевакоў, якія ўжо даўно ў сталіцы ўспрымаюцца як яскравыя прадстаўнікі сучаснай беларускамоўнай культуры, мы ўпершыню пачулі менавіта дзякуючы вышэйназванай асобе. Таму такая цікавасць асабіста ў мяне да гэтай прома-суполкі і таго, што яны робяць.
Свята даўжынёю ў два дні ладзілася «Залай чакання» супольна з Абласным грамадска-культурным цэнтрам і грамадска-культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!». Атрымалася вельмі файна.
Дзень першы, або Аўтэнтычнасць кіруе парадам
Першы дзень свята атрымаўся чымсьці большым, чым імпрэзай, прымеркаванай да Дня роднай мовы. Хутчэй мы ўсёй залай віталі родную культуру. Бо было ўсё: музыка, спевы, танцы, карагоды – усё ў лепшых народных традыцыях і ў выглядзе, якім перадалі нам гэта ў спадчыну нашыя продкі. Калі вучэбны калектыў Брэсцкага дзяржаўнага каледжа імя Р. Шырмы «Купавушка» яшчэ спяваў аранжыраваныя песні, але акапэльна і таму вельмі прыгожа, то гурт «Ветах» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры славіцца данясеннем да сучасніка традыцый бабуль у іх аўтэнтычным выглядзе. Гэта вымагае штогадовых экспедыцый па Беларусі ў пошуку новых тэкстаў і матываў, але дае плён, нават навічку ў фальклорных справах заўважны: пра кожную кампазіцыю вам дакладна могуць распавесці – з якога яна рэгіёна, калі і кім спяваецца, чаму пераважае тая ці іншая танальнасць. Не толькі словам, але і музыкай «Ветах» прадэманстраваў, што і прырода аказвае далёка не апошні ўплыў на фонава-рытмічную арганізацыю твора: спакойныя і мілагучныя песні раёнаў з раўнінным ланшафтам істотна адрозніваюцца ад клічных інтанацый магілёўскіх спявачак.
А што за задавальненне слухаць мужчынскія народныя спевы на беларускіх дыялектах! Некалі песняй «Зэлэны дубочок» мяне купіў Зміцер Вайцюшкевіч, зараз перакупілі мужчынскія галасы «Ветаха». Шкада, што выканалі яны толькі адну кампазіцыю, і жаночая палова залы так і не паспела як след мужчынскім спяваннем задаволіцца. Падумалася тады, што нездарма народныя матывы ўпарта жывуць і дзякуючы сваім прыхільнікам паміраць не збіраюцца – нешта ёсць у іх такое, што нязменна выклікае дрыжыкі ў целе. І няхай даруюць мне многія сучасныя зоркі эстрады, але падобны эфект выклікаюць канцэрты толькі тых з іх, хто не дазволіў сабе поўнасцю выцесніць народныя традыцыі дзеля дагаджэнню модзе. Трэба хоць нейкія элементы пакідаць. Хоць бы мову, раз гаворка сёння ідзе пераважна пра яе. Бываю на розных імпрэзах, таму магу параўноўваць: не можа руская мова дастукацца да душы так, як родная. І гэта ад нас не залежыць. Гэта тое, што хаваецца глыбока, але выходзіць напаверх кожны раз, калі падбіраецца ключык. Песні на роднай мове з’яўляюцца універсальным ключыкам да душы кожнага беларуса. Бо не бачыла ніводнага незадаволенага тымi беларускамоўнымi канцэртамi, што ладзіліся ў Брэсце. А што публікі на некаторых няшмат – дык народ проста пакуль не верыць, што наша роднае можа быць і цікавым, і сучасным, і захапляльным, бо занадта доўга жыў з думкай, што нам, як малодшым братам іншай культуры, няма асабліва чаго свайго паказаць.
Асобна варта сказаць пра музычныя інструменты, якія прывезлі з сабой мінчукі. Упэўнена, не я адзіная ўпершыню на свае вочы ўбачыла знакамітую беларускую дуду (памятаеце, у Паўлюка Багрыма: «А я зайграю ў дуду, бо ў Крошыне жыць не буду…»?). Пад гэтай назвай хавалася зусім не дудачка тыпу жалейкі, як можа падацца, а звычайная валынка – проста слова гэтае на Беларусі не прыжылося.
Нейкія невядомыя сілы абуджаў і вялізны барабан, які неапісальна шыкоўна гучаў як сольна, так і ў дуэце са скрыпкай. Арыгінальна глядзеліся бразготкі на назе аднаго з удзельнікаў калектыву – гледачы павыцягвалі шыі, як жырафы, стараючыся ўгледзець, што гэта так звініць пры кожным прытопе ветахаўца. Не адразу можна было заўважыць гліняны глечык, што ў руках майстра таксама ператвараецца ў неардынарны музычны інструмент. У арганічным гучанні ўсе гэтыя прылады выдаюць музыку, трохі падобную на ірландскую народную. Так і пазбаўляемся мы паціху ад стэрэатыпнага ўспрымання беларускага фальклору.
Калі музыка і спевы на канцэрце заставаліся справай прафесійнай, то ў беларускіх народных танцах і ваджэннях карагодаў удзельнічалі ўсе. Спачатку, як гэта бывае, сціплаваліся і саромеліся, пасля ж атмасфера ўзяла сваё. Асабліва прыйшлася да душы старажытная «Ойра» з яе эратычнымі, як выказалася салістка калектыву Таццяна Пладунова, элементамі. Эратычнымі, хачу ўдакладніць, толькі з пункту гледжання нашых продкаў.
Напрыканцы аповеду пра першы дзень свята дадам, што не толькі «Ветах» спадабаўся брэсцкаму гледачу, але і брэсцкі зацікаўлены глядач спадабаўся «Ветаху», у чым прызнаваліся і самі гуртоўцы.
Дзень другі, ці Спачатку было слова
Мажорныя інтанацыі першага канцэрта змяніліся пераважна мінорнымі на другі дзень. Тое і нядзіўна: што вясёлага пра дзень сённяшні маглі сказаць сучасныя мастакі слова і лірычна-рамантычная бардаўская спявачка?
Хоць гэта я, канешне, абагуліла. Наша нязменная брэсцкая фантазёрка Зінаіда Дудзюк, гатовая гадзінамі расказваць пра адкрытыя ёю цікавыя лексічныя і тапанімічныя аналогіі з розных моў адносна беларускай, якія любіць абыгрываць яна і ў сваіх мастацкіх творах, не часта гаворыць пра сумнае. І няхай няма ў яе гіпотэзах навуковай абгрунтаванасці (што, урэшце, застанецца рабіць нашым навукоўцам, калі пісьменнікі возьмуць на сябе іх працу?), затое яны нараджаюць шчыры гонар за старажытнасць, непераможнасць і самабытнасць славян увогуле і беларусаў у прыватнасці. Ніякая ідэалагічная праграма лепш не спрацуе.
А вось Мікола Пракаповіч папярэдзіў адразу: не буду, маўляў, такім аптымістычным, як Зіна. І сапраўды не быў, выказваючы заклапочанасць пра далейшы лёс роднай мовы, бо нават вёска пачынае на родны дыялект забывацца – што можа быць страшней? Вельмі дарэчы паэт прыгадаў дзейнасць культурніцкай суполкі «Край», якая працавала на Брэстчыне ў 80-я гг. мінулага стагоддзя, складаючыся з маладых паэтаў, мастакоў, іншай рознага роду інтэлiгенцыі. Падаецца, на цяперашнім этапе, толькі ўжо ў маштабах усёй краіны, сцяг «Краю» падхапіла не менш цікавая кампанія «Будзьма беларусамі!». З дзейнасцю апошняй мы як-небудзь абавязкова чытачоў пазнаёмім самым падрабязным чынам.
Яркай зоркай на імпрэзе ўспыхнуў пакуль зусім невядомы брэсцкаму чытачу мінскі паэт Віталь Рыжкоў, першы зборнік белых вершаў якога ўбачыў свет акурат на гэтым тыдні, з чым мы яго і віншуем. Віталь кардынальна адрозніваецца ад звычайных паэтаў, якія жывуць і дыхаюць вершаванымі рытмамі, а таму не заўсёды ўдала чытаюць свае творы на публіцы. Малады паэт чытае па-майстэрску: натхнёна, перажывальна, кранальна і захапляльна. Але не толькі ў выкананні яго таленавітасць – менавіта сатырычны, часам нават фантасмагарычны тэкст прыцягвае моцную ўвагу. Віталя можна палюбіць з першага прачытання за гэтую манеру крытыкі сучаснага жыцця, можна з той жа нагоды абурыцца. Раўнадушным застацца нельга. Таму калі пашчасціць вам натрапіць на дэбютны зборнік паэта – не пашкадуйце грошай, бо пасля будзеце шкадаваць, што не былі сведкам нараджэння яскравага таленту беларускай літаратуры.
Таццяна Беланогая. Яшчэ адно раней незнаёмае імя для нашага горада, бо з канцэртам спявачка прыехала да нас упершыню. Таццяну хочацца характарызаваць тымі ж словамі, што і мову, на якой яна так прыгожа размаўляе: ласкавая, узнёслая, мілагучная, кранальная… Нядаўна выпусціла новы альбом «Ніткі», які крыху крытыкавалі за аднастайнасць, але гэта, пагадзіцеся, характэрная прымета такой музычнай з’явы, як бардаўская песня, дзе галоўная ўвага павінна прыцягвацца да тэксту, а не да музыкі. Зараз Таццяна рыхтуе альбом з песнямі на вершы нашай зямлячкі Яўгеніі Янішчыц, нават праспявала пару твораў з гэтай нізкі: атрымалася вельмі арганічна, бо пяшчота і рамантычны сум вершаў палескай ластаўкі як нельга лепш стасуецца з творчай манерай Беланогай.
І яшчэ. Ведаю: падслухоўваць непрыгожа, аднак я не спецыяльна. Выпадкова пачула, што арганізатар канцэрта З.Назараў казаў аднаму з гасцей: «Няшмат знойдзецца спевакоў, як Вайцюшкевіч і Беланогая, якія пагодзяцца адыграць усю канцэртную праграму з адной толькі гітарай». Можа, нам варта быць крыху больш удзячнымі за тое, што ў брэсцкія часта напаўпустыя залы пакуль едуць адмысловыя творцы?
0 комментариев
Anonymous User
25.02.2011 в 13:47Уладзіслаў
25.02.2011 в 13:47Наконт «яркасці» сп. Рыжкова я маю іншае меркаванне. Першы верш — пра п’янага святара, дзе багата звычайнай пошласці. Яшчэ ў адным вершы — напалову сказаны мат, але сэнс усе зразумелі. Апошні ў ягоным выступленні — нейкі пераклад «Настаўнік і юрыст», дзе настаўнік паказаны быдлам. Эх, Віталь, Віталь, каб не настаўнікі, Вы б не толькі паэтам не сталі, але і ўвогуле нікім. У нечым сябе Вы развілі, але аснову для гэтага развіцця Вам далі педагогі. Глупа гэта было б адмаўляць — ну не нарадзіліся ж Вы адразу такім разумным.
А што да песень, то мне, думаецца, песню з прыпевам «Тваё цела пахне хлебам, тваё семя пахне горкімі травамі» можна праспяваць толькі аднаму чалавеку, і тое ў законным шлюбе. Выносіць яе на публіку — навошта?
Дамiнiка
25.02.2011 в 22:39Была на iмпрэзе i у першы i у другi дзень. Нататкi вельмi дакладныя! Дзякуё Богу, што у нашым горадзе пачау добрую справу Змiцер! Пажадаем яму поспехау!
Іна Хоміч
28.02.2011 в 20:32раз узнікла непаразуменне, яшчэ колькі слоў у абарону Рыжкова, хоць яна яму наўрад ці патрэбная. Талент даказваць не трэба. Ці ведаеце, ёсць у літаратуры такі прыём: сцвярджаць праз адмаўленне або адмаўляць праз сцвярджэнне. Нецікава проста сказаць: настаўнік — харошы чалавек. Гэта зразумела, здаецца, кожнаму, успрымаецца як агульнае месца, а таму абясцэнілася дашчэнту. Можна сказаць тое ж, але па-іншаму. Настаўнік Рыжкова расказвае спачатку пра сябе ў творы так, як яго бачыць юрыст, вучань, як яго бачыць сучаснае грамадства. Расказвае з болем, бо дастала яго ўжо такое стаўленне да высароднай прафесіі. Мараль верша відавочная: без настаўніка не было б больш-менш выхаванага грамадства і чалавека. І пра гэта ВЫРАЗНА і АДКРЫТЫМ ТЭКСТАМ прагучала. Навошта ж абвінавачваць Віталя ў непавазе да настаўніка? У чым яшчэ награшыў Рыжкоў? Пра п’янага бацюшку гаварыў? А хіба такіх няма? Хіба царква не стала інстытутам, што нажываецца на людзях не менш за іншыя інстытуты? Тут іронія і сатыра на час, у які абясцэньваюцца вечныя каштоўнасці. Што мат ужыў — гэта таксама красамоўнае сведчанне таго, што культура сярэднестатыстычнага чалавека не самага вялікага ўзроўню… А наогул, дзякуй вам, Уладзіслаў. прычым дзякуй без усякай іроніі. вы толькі пацвердзілі: раўнадушным застацца нельга. Раз выклікала ў вашай душы гэта ўсё пратэст, значыць, вы, як і сам Рыжкоў, — за вечныя каштоўнасці!
Хлапчук з-пад Урала
03.03.2011 в 00:17У большасцi сваёй песнi Т.Беланогай добрыя. Гэта тое рэдкае гарманiчнае спалучэнне прыдатных тэкстаў, годнай музыкi i файнага голасу. На тое яна i бард.
Поспехаў Таццяне.
Змiцеру — вялiкi дзякуй.
Уладзiслау
09.03.2011 в 12:39Паважанаә Iна! Спадзәөсә, што ә крыху лепш за Вас ведаө свәтароу, таму дазволө сабе з Вамi i Рыжовым не пагадзiцца. А Вы часта бываеце у храме, каб рабiүғ
такiә высновы?
Уладзіслаў
09.03.2011 в 13:11Паважаная Іна! Думаю, што святароў я ведаю крыху больш за Вас. Сярод іх ёсць нават абсалютныя цвярознікі і сапраўды вялікія падзвіжнікі. Натуральна, што такія менш кідаюцца ў вочы. А высновы пра цэлую супольнасць людзей Вы робіце на падставе малатыповых выпадкаў і той брыдоты, якую агучвае сп. Рыжкоў. А калі б напісалі, што ўсе журналісты такія ж, думаю, вас гэта абразіла б, хаця некаторыя прадстаўнікі Вашай прафесіі падставы для гэтага даюць. Толькі навошта абагульняць? Ёсць самаадданыя журналісты, і большасць святароў — гэта людзі высокага духоўнага жыцця. Аднойчы мне сустрэўся такі выраз: «Калі хочаце даведацца, што ў Царкве дрэнна, спытайце ў тых, хто там рэдка бывае — яны вам усё раскажуць». Так што дазволю не пагадзіцца, што ў творчасці сп. Рыжкова ёсць цяга да вечных каштоўнасцяў. Юнацкі максімалізм ёсць, а да вечных каштоўнасцяў трэба расці.
reader
09.03.2011 в 15:09тэкст з суперлатывамі гэта выразная прыкмета недасканаласці. Дзяржаўныя медыі чытаць\слухаць\глядзець без тазіка перад сабой…рызыкоўна. Але і недзяржаўныя аўтары хварэюць на гэтую, скажам аптымістычна, хваробу росту. Сэнс ад гэтага не мяняецца. Таму правільна ўбрыкнуў Уладзіслаў. правільна, бо аргументавана.