Фестываль першы раз стартаваў у мінулым годзе з ініцыятывы грамадска-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і спецыялізаванага інтэрнэт-партала Marketing.by. Арганізатары ўжо тады былі цалкам упэўненыя што беларуская мова ў рэкламе можа мець не толькі роўныя, а нават большыя магчымасці ў параўнанні з рускай. На першы конкурс было пададзена 105 прац ад 59 удзельнікаў, у тым ліку і ад сусветна вядомых брэндаў. Сярод пераможцаў была, напрыклад, друкаваная і тэлерэклама квасу «Хатні», постэр кухоннага камбайна «Bosch» (дарэчы, гэтая перамога атрымана дзякуючы арыгінальнаму слогану: «Дзерці бульбу? Няма дурных»), шмат іншых праектаў, рэалізацыю якіх можна было прасачыць толькі ў сталіцы. Затое ўсе пазнаюць «самыя беларускамоўныя сусветныя брэнды» – «Самсунг» (1-е месца), «Рэно» і «Цэрэзіт» (абодва брэнды занялі 2-е месца).
Грамадскае абмеркаванне вынікаў першага конкурсу адзінадушна прызнала нацыянальную і камерцыйную важнасць фестывалю. А дыскусія «Ці можна навучыць рэкламу размаўляць па-беларуску?» зрабіла відавочным, чаго беларусам не хапае: дакладных даследаванняў пра эфектыўнасць выкарыстання беларускамоўнай рэкламы; гістарычных брэндаў, якія можна было б выкарыстаць у рэкламе; сучасных тэхнічных тэрмінаў, якія даводзіцца прыдумляць. Гэта значыць, што рэклама на роднай мове мае пакуль больш перашкод, чым спрыяльных умоў. Прыцягненне ўвагі да праблемы і падняцце прэстыжу беларускамоўнай рэкламы – так можна сфармуляваць галоўныя мэты Першага фестывалю «ADNAK!».
У гэтым годзе арганізатары зноў уключылі зялёнае святло нацыянальнай рэкламе і камунікацыі. Улічваючы мінулагодні вопыт, яны пашырылі конкурсную праграму і прадоўжылі тэрмін здачы прац. Галоўная адметнасць Другога фестывалю ў тым, што разам са звычайнай рэкламай і PR значная ўвага надаецца працам, скіраваным на стварэнне розных культурніцкіх праектаў, якія прасоўваліся б да аўдыторыі маркетынгавымі інструментамі і шляхамі. Такім чынам, апроч рэкламы і прамоцыі, у фестывалі возьмуць удзел іншыя камунікатыўныя праекты, напрыклад, фотапленэры, выставы, выдавецкія, кіна-, відэа-, тэатральныя пастановы і інш. культурніцкія і грамадскія праекты. Як і ў мінулым годзе, удзел у фестывалі будзе бясплатным.
«Сёння рэкламы ў яе класічным і чыстым выглядзе робіцца ўсё менш, і часцей за ўсё прафесійныя гульцы гэтага сегменту рынку ўжываюць тэрмін «камунікацыя». На першы план выходзяць эфектыўнасць і пошук новых, крэатыўных формаў камунікацыі, – адзначае Сяргей Скараход, кіраўнік спецыялізаванага рэсурса Marketing.by. – Эра лічбавых тэхналогій (Digital Age) дазваляе брэндам лепей ведаць і разумець свайго спажыўца. І ў гэтай новай камунікацыі значнае месца, безумоўна, належыць мове. Мы звернем асаблiвую ўвагу і на новыя медыі: як працуюць на беларускай мове лідары меркаванняў і блогеры, хто з іх самы цікавы, якія яшчэ з’явіліся адметныя прадукты ў гэтым накірунку».
Сёлета ўпершыню будзе дзейнічаць спецыяльная намінацыя «Беларускаарыентаваная рэклама і камунікацыя», якая звяртае ўвагу на выкарыстанне асаблівасцяў беларускай культуры, гісторыі, традыцый і беларускай ментальнасці. Гэтая намінацыя ўведзена для рускамоўных ці часткова рускамоўных прац. Галоўная мэта намінацыі – заахвоціць тых, хто імкнецца распрацоўваць тэму беларускаментальнай рэкламы.
Для тых, хто абыякава ставіцца да сваіх каранёў, будзе дзейнічаць антыпрэмія «Каша сувораўская», якая вызначыць найбольш непрафесійныя працы і падыходы ў рэкламе.
Удзельнікамі фестывалю могуць быць як прафесіяналы (рэкламныя агенцтвы, студыі, СМІ ды інш.), так і асобныя аўтары, фрылансеры і грамадскія аб’яднанні. Узроставых і тэрытарыяльных абмежаванняў няма.
Працы ад удзельнікаў прымаюцца аргкамітэтам па адрасах: adnak@budzma.org і adnak@marketing.by з 15 сакавіка па 6 чэрвеня 2011 года.
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: +375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, +375 25 978-97-87 альбо па e-mail adnak@budzma.org. Уся падрабязная інфармацыя пра фестываль змешчана на сайце ADNAK.BY.
Шчыра спадзяемся ўбачыць прозвішчы землякоў-берасцейцаў сярод пераможцаў.
Іна ХОМІЧ
Вытрымкі з праграмы:
Інтэрнэт-рэклама (банеры, прома-сайты, інтэрактыўныя праекты і інш.):
— web-сайт (micro-сайт, web-сайт, выкананыя для кампаніі, брэнду альбо прадукту, у тым ліку прома-сайт);
— банер i іншая медыйная рэклама (розныя тыпы банераў, у тым ліку rich media; pop-up і інш., пры неабходнасці трэба паказаць працу ў кантэксце сайта, на якім адбывалася размяшчэнне);
— інтэрактыўная рэкламная кампанія з ужываннем не менш чым 2 розных інструментаў (напрыклад, банер, прома-сайт, блог, форум і г.д.);
— кампанія ў сацыяльных сетках, суполках, вірусная рэклама; крэатыўныя рашэнні для гульняў, блогаў;
— іншая інтэрактыўная рэклама і лічбавыя вырашэнні, якія не могуць увайсці ў пералічаныя катэгорыі (гульні, рэклама для мабільных тэлефонаў, смартфонаў і інш.).
Грамадска значныя праекты ў галіне мастацтва і культуры:
Фестывалі, канцэрты, выставы, галерэі, культурныя мерапрыемствы, спартыўныя мерапрыемствы, вечарыны, тэатральныя пастановы, забаўляльныя праекты, кнігі, фільмы, DVD, CD з запісамі і г.д.
СМІ альбо медыя-праекты
ТБ, радыё, часопіс, газета, інфармацыйны інтэрнэт-партал (у тым ліку беларускамоўная версія інфармацыйнага парталу).
Ответить