Альбом пад адпаведнай назвай убачыў свет яшчэ ў мінулым годзе, але прэзентаваўся дагэтуль толькі ў сталіцы, праўда, ажно двума аншлагавымі канцэртамі. Глыбінка толькі чула водгаласы захаплення і ціха сабе зайдросціла, чакаючы і на сваёй вуліцы свята. Удумлівая публіка без цяжкасцяў заўважыла, што «Белая яблыня грому» мае не толькі культурную, але і адукацыйную значнасць. Лявон у прадмове да дыска гаворыць амаль пра тое ж: «Усе мы ў школе вучылі беларускую літаратуру, і што? Хто што памятае? «Цьвёрда трымаўся юнак на дапросе»? «Адзін вялізарны парсюк»? «Цьвяток радзімы васілька»? Гэта яшчэ добрыя веды. Большасьць наогул нічога ня будзе памятаць. Таму што існуюць фіктыўныя прадметы.
За ўвесь час навучаньня я прачытаў «Міколку-паравоза», «Палескіх рабінзонаў» і некалькі кніжак Васіля Быкава. Астатняе «чыталася» па крытыцы. Бо адчуваліся заніжаныя патрабаваньні да прадмета. Фікцыя!
Ніколі не траплялі ў сытуацыю, калі прадстаўнік старэйшага братэрскага славянскага народа гаворыць: «Што ў вас там за літаратура? Вось Пушкін, Лермантаў, Талстой – гэта літаратура!»? А беларусы ў найлепшым выпадку памяркоўна змоўчаць, а ў горшым памяркоўна пагодзяцца. Таму што менавіта тады, у школе, мы падхапляем дзіўны вірус, які адны мякка называюць «памяркоўнасьцю», а іншыя вызначаюць як «агульную млявасьць і абыякавасьць да жыцьця». Прынамсі, беларускага жыцьця».
Лявон паклаў на музыку вершы Яна Чачота, Францішка Багушэвіча, Адама Міцкевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Максіма Танка, Ларысы Геніюш, Пімена Панчанкі, Аркадзя Куляшова і Рыгора Барадуліна. Дарэчы, верш «Белая яблыня грому» належыць менавіта апошняму. Паколькі творы падабраліся неаднастайныя, то і кампазіцыі вылучаюцца рознастылёвасцю. Напрыклад, Францішак Багушэвіч, з якога ўсё і пачалося, па вызначэнні Вольскага, аўтар чыстых рэперскіх тэкстаў, «бо радкi рваныя, няма памеру, такiя дзiўныя «рэперскiя» акцэнтацыi…» Акрамя таго, спявак «засвяціў» і сваю мастацкую адукацыю, зрабіўшы партрэты кожнага з аўтараў альбома і праілюстраваўшы некаторыя песні.
Зразумела, што трохгадзінны канцэрт ладзіцца не па адным альбоме, але несумненна менавіта ён стане гваздзём праграмы.
Імпрэза адбудзецца 28 красавіка ў 19 00 у абласным грамадска-культурным цэнтры (вул. Камуністычная, 1). (Глядзiце таксама iнфармацыю на ст.30 у рубрыцы «Што? Дзе? Калi»).
Ответить