Кажуць, мова мая аджывае…
З фактам, што беларуская мова навучання, як усё рэліктавае, захавалася толькі ў вясковых школах, здавалася б, усе даўно прымірыліся. Прычыны таксама вядомыя: з аднаго боку незацікаўленасць дзяржавы, з другога — нежаданне бацькоў «дурыць дзецям галаву». Аднак апошнім часам з’яўляецца ўсё больш падстаў для аптымістычнага погляду на небеларускую сістэму беларускай адукацыі.
Як вядома, што маем, не шануем, а як страцім — плачам. Менавіта зараз, калі беларуская мова, паводле дадзеных ЮНЭСКА, лічыцца адной са знікаючых, народ паціху пачынае прыходзіць у культурную прытомнасць. Размаўляць на мове, якой увесь час саромеліся, становіцца ўсё больш прэстыжна. Адпаведны імпульс ідзе ад эліты (што праўда, не палітычнай) і паступова дасягае простых смяротных. Выключна добрымі звесткамі ў гэтым накірунку можна лічыць тое, што ўжо некалькі год запар у рускамоўным Брэсце знаходзяцца бацькі, якія жадаюць, каб іх дзеці атрымалі беларускамоўную адукацыю. Калі ў мінулым годзе ўвесь сыр-бор падымала толькі адна сям’я, то ў гэтым іх ужо дзве. І гэтыя лічбы здаюцца да смешнага малымі толькі людзям, якія ніколі не сутыкаліся з жорнамі сістэмы адукацыі: патрэбна нямала мужнасці і апантанасці, каб дамагчыся гарантаваных Канстытуцыяй правоў атрымоўваць адукацыю на роднай мове; і два чалавекі для нашага горада — гэта, можа, і не войска, але несумненна дзейныя воіны.
Да вашай увагі сям’я Божыкаў, жыхары Рэчыцы. На запрашэнне гаспадара, Сяргея Божыка, сустрэцца пагадзілася адразу, хоць можна было перагаварыць і па тэлефоне. Вельмі ж карцела пабачыць жывую беларускамоўную сям’ю, дзе, пэўна, і малыя гавораць па ўсіх правілах дзекання, цекання ды акання і якання. Але ўбачанае ўсё роўна дрэнна ўмяшчалася ў пакамечанай суровай сапраўднасцю свядомасці. Дзетак аказалася не двое, як думалася (Сяргей і Ларыса далі аб’яву пра стварэнне групы ў садку і класа ў школе), а чацвёра, хоць адзін з герояў дня, двухгадовы Кастусь, быў якраз у садку — пакуль для яго цалкам рускамоўным. Затое дома Лера, Валя і паўгадовы Багдан. І дзяўчаткі сапраўды прыгожа, як могуць толькі дзеці, сакочуць на мове сваіх бацькоў, хоць за парогам прыходзіцца пераходзіць на іншую, якую разумеюць і з якой не смяюцца аднагодкі. Багданка пакуль не размаўляе ні на якай, але на маё пытанне «Ці будзеш размаўляць па-беларуску?» так весела рагоча, што адказ прыходзіць сам па сабе. Мама Ларыса толькі пацвярджае: «Будзе! Куды ён дзенецца?». Заўважу, што Божыкі-старэйшыя зусім не гуманітарыі: ён урач, яна хімік.
— Як вы наважыліся на такі подзвіг — збіраць адначасова і клас для Валі і групу для Косціка? Нават нешта адно рэалізаваць цяжка…
— Не так цяжка, як было некалькі год таму, калі Лера была маленькая. Зараз з садкамі хоць можна весці перамовы, а тады ні пра якія беларускамоўныя групы ці класы і гаворкі ісці не магло.
Зараз старэйшая Лера вучыцца ў звычайным рускамоўным 5-м класе школы № 27. Я маю пытанне і да яе:
— Ты б хацела, каб усе прадметы ў тваёй школе выкладаліся на беларускай мове?
Валя крыху задумалася і па-даросламу адказала:
— Вядома, хацела б. Толькі каб гэта з першага класа, а не з пятага…
Што ж, тут час ужо ўпушчаны. Але, можа, атрымаецца з меншай Валяй, якую Божыкі таксама думаюць аддаваць у 27-ю школу.
— Клас будзе,- запэўнівае Сяргей. — Мы гэтага даможамся любым коштам. Я сам гатовы сядзець у прыёмнай дырэктара і пераконваць бацькоў падаваць дакументы ў беларускамоўны клас. І не можа быць, каб ніхто не згадзіўся. Проста школе гэта не патрэбна, яна не прапагандуе.
Аптымізмам напоўнены Сяргей Божык і адносна стварэння беларускамоўнай групы ў дзіцячым садку № 61, хоць ніхто з іншых бацькоў пакуль не адгукнуўся.
А ў Маскоўскім раёне Брэста жыве сям’я Вялічкаў. На беларускай мове з сынам Францішкам размаўляе бацька Уладзімір, былы настаўнік беларускай мовы; маці Маргарыта размаўляе па-руску, аднак чытае Францішку з яго маленства беларускія кніжкі. Такі білінгвізм, па назіраннях бацькоў, не толькі не прыпыняе, але нават паскарае развіццё хлопчыка, з малога прывыклага да супастаўлення дзвюх моў. Таму Вялічкі, як і Божыкі, занялі прынцыповую пазіцыю адносна навучання іх дзіцяці на роднай мове, бо «рускую ён будзе ведаць у любым выпадку».
Сям’я амаль адразу адмовілася ад безвыніковых перапісак з адукацыйным кіраўніцтвам Маскоўскага раёна і накіравалася на прыём да кіраўніка адміністрацыі гэтага раёна Аляксандра Рагачука. Той і запэўніў ініцыятыўных бацькоў, што беларускамоўны клас абавязкова будзе, у чым зацікаўлены і гарадскія ўлады. Прычым гэта абяцаюць здзейсніць на базе школы № 34, куды і думалі аддаваць Францішка. Але Вялічкі ўсё ж працягваюць шукаць аднакласнікаў сыну самі, бо, нягледзячы на абяцанні, асцерагаюцца, каб дзіця не было ў тым класе сам-насам. «Куранят па восені лічаць», — асцярожна зазначаюць Уладзімір з Маргарытай наконт спрыяння справе з боку ўлад. Яны ўжо падрыхтавалі аб’явы, якія будуць развешваць у старэйшых групах садкоў і дзіцячых паліклініках.
… для мяне ж яна вечна жывая
І ўсё ж: чаму бацькі баяцца, каб іх дзеці навучаліся на беларускай мове? Гартаючы старонкі форумаў, я знайшла адказы. Шмат адказаў — часцей за ўсё абсурдных і надуманых, але былі і такія, што адлюстроўваюць рэальныя страхі дарослых беларусаў. Вось каментары пад мінулагодняй аб’явай брастаўчанкі Міланы Харытонавай, якая марыла стварыць беларускамоўную групу ў адным з садкоў Маскоўскага раёна. Тэкст аб’явы не прыводжу — яго лёгка сабе ўявіць. Як не прыводжу і каменты ў падтрымку задумкі Міланы. Заўважу толькі, што яны былі часцей напісаны на беларускай мове, у адрозненне ад тых, што працытую. Стыль аўтараў, як гаворыцца, поўнасцю захаваны.
«Да какой белорусскоязычный садик??? Я своего ребёнка никогда не отдам в такой сад!».
«Маразм крепчал. А позже в этом садике научат детей рисовать бело-красно-белый флаг и ненавидеть власть».
«Ну и пусть переезжают в село, кто хочет, чтобы их дети говорили на белорусском».
«Своего сына в этот лагерь подготовки молодых оппозиционеров я не поведу».
«А какое отношение белорусский язык имеет к Бресту?».
«Зачем строить между людьми языковой барьер? Некоторые люди в нашей стране не знают белорусского. Конечно, культура и всё такое, но с практической точки зрения пользы ноль».
«А вы вообще подумали, что детям тяжело будет переключаться с белорусского языка в садике на русский дома и на улице?».
Каментары, здаецца, тут лішнія. З усяго прыведзенага можна больш-менш пагадзіцца толькі з думкай, што беларуская мова страціла сваё практычнае прызначэнне. Але і тое, думаецца, з’яўляецца якраз следствам яе знікнення са школы (уласна ўрокі мовы і літаратуры не лічым — іх надта мала). Большасць людзей проста перастала ведаць мову на дастатковым для камунікацый узроўні. Таму і вышэйшая школа не мае кадраў, якія б выкладалі па-беларуску і спрыялі б напісанню навуковых прац на нацыянальнай мове. Пра розныя ўстановы, уладныя структуры і прадпрыемствы наогул прамаўчым, калі нават тыя, у чыiх пасадных абавязках пазначана веданне дзвюх дзяржаўных моў, здзекліва пытаюцца ў беларускамоўных наведвальнікаў: «Можа, вам перакладчыка?». Дык калі ўзнікае той моўны бар’ер, пра які гаварылася ў каментах? Калі чалавек ведае шмат моваў, у першую чаргу абедзве дзяржаўныя, ці калі ведае толькі адну, і тое не сваю? І чаму лічыцца, што бар’ер узводзяць тыя, хто хоча пазнаваць, а не тыя, хто закасцянеў у сваім цемрашальстве?
Але ёсць добры сродак прыспаць невясёлыя заключэнні розуму — паглядзець на афіцыйныя лічбы, якія выклікаюць прыкладна той жа эфект, пра які спяваецца ў песні Лявона Вольскага: «А я цілівізар уключаю с утра — усё харашо, працвітае страна». Абсалютнай нечаканасцю сталі, напрыклад, звесткі з аддзела адукацыі Ленінскага раёна, што там маецца ажно 13 беларускамоўных груп (у дзіцячых садах № 50, 56, 14, 60, 65, 61, 51, 79, 80, школе-садзе № 5), якія наведваюць агулам 276 дзяцей. Цікава, чаму ж тады такія праблемы ў стварэнні новых? Адказ просты: пераважная большасць беларускамоўных груп такімі застаюцца толькі на паперы, каб «справаздачнасць» не парушаць, гаворачы словамі ката Матроскіна. У дзіцячым садзе № 50 мне нават адважыліся сказаць, што беларускамоўныя групы «ёсць ва ўсіх садах, не толькі ў нашым». Такая непрыхаваная хлусня вычарпала ўсе далейшыя пытанні. Затое патэлефанаваўшы пад выглядам маці, а не карэспандэнта, ва ўсе садкі, дзе толькі падымалі трубку, я не знайшла ніводнага, дзе была б такая група (акрамя садка № 35, куды тэлефанавала ў першую чаргу, бо ведала сітуацыю ад Божыкаў). У адным з садкоў сказалі, што калі беларускамоўная група ў іх і будзе, то толькі платная. Яшчэ ў некаторых садках адказвалі, што ў іх ёсць толькі групы, блізкія да беларускамоўных, — дзеці займаюцца там па спецыяльнай праграме «Пралеска». Ці не гэтыя групы і ствараюць фонавыя лічбы ў справаздачах?
Каб закончыць усё ж на бадзёрай ноце, узгадаю зноў рэчыцкі яслі-сад № 35 (што за канцэнтрацыя беларускасці ў гэтым мікрараёне?), дзе ўжо ёсць адна беларускамоўная група, але можа быць і больш. Загадчыца садка Вольга Бажук расказвае, што групу было сабраць не так ужо і цяжка: бацькі даволі лёгка пагадзіліся, ніхто нікога не прымушаў. Прычым згоду далі нават людзі з Расіі, якія ўсведамляюць, што раз яны цяпер жывуць на Беларусі, то па меншай меры іх дзіця павінна ведаць і культуру гэтай краіны. Вольга Сяргееўна зазначае, што самая галоўная перашкода стварэнню беларускамоўных садкоў нават не бацькоўская зацятасць, а амаль поўная адсутнасць спецыялістаў, якія ведаюць, любяць і гатовыя вучыць выхаванцаў па-беларуску нават ва ўмовах, калі гэтага ад іх ніхто не патрабуе. Праблема, над якой вышэй мы разважалі. Замкнутае кола.
Сама Вольга Бажук спадзяецца, што пакуль іх выхаванцам ісці ў школу, з’явяцца і беларускамоўныя класы на базе той жа 27-й школы. А што пасля? Жыццё пакажа. Аднак яўна не так усё змрочна, як хочуць уяўляць тыя, каму лянотна вучыць нацыянальную мову. Свет мяняюць аптымісты.
P.S. Да ўвагі бацькоў у Берасці, якія хочуць, каб іх дзеткі выхоўваліся і навучаліся па-беларуску
1. Адбываецца набор дзяцей у 1-ы клас з беларускай мовай навучання на базе СШ № 27 (мікрараён Рэчыца, вул. Адамкоўская, 58).
Для каардынацыі дзеянняў бацькоў, якія хацелі б аддаць сваё дзіця ў беларускі клас, просім звяртацца па тэлефонах: МТС (+375-29) 726-79-21, сп. Сяргей Божык, або па хатнім тэлефоне 24-40-50, спн. Ларыса Божык.
2. Таксама інфармуем, што ў Берасці набіраецца беларускамоўная група для дзяцей 3-х гадоў у дзіцячым садку № 61 «Праменьчык» (мікрараён Рэчыца, вул. Прыгарадная), і ёсць магчымасць і гатоўнасць кіраўніцтва адкрыць новыя беларускія групы ў іншых садках:
— у дзіцячым садку № 35 (мікр-н Рэчыца, вул. Смірнова, 25) ужо існуе беларуская група для дзяцей 4-5 гадоў, могуць старыць группу іншага ўзросту;
— гатовы стварыць беларускую групу ў дзіцячым садку № 46 (мікр-н Рэчыца, вул. Адамкоўская, 46/2).
З цэнтра горада да школы № 27 і дзіцячых садкоў на Рэчыцы можна дабрацца аўтобусамі № 9, 20, 37, 50.
Кантактаваць для каардынацыі дзеянняў бацькоў можна па згаданых вышэй тэлефонах са сп. Сяргеем і спн. Ларысай Божык.
Просім пераслаць і пераказаць гэтую інфармацыю Вашым сябрам і знаёмым, якія хочуць забяспечыць сваім дзеткам беларускамоўнае выхаванне і адукацыю.
Берасцейская гарадзкая Рада ТБМ імя Ф.Скарыны
Ігар БАРАНОЎСКІ
tbm-bierascie@tut.by
0 комментариев
Anonymous User
07.04.2011 в 20:24Яўген Бяласін
07.04.2011 в 20:24Цудоўны спецыяліст, літаратарка Валянціна Кукса 5 гадоў пасля выхаду на пенсію была …сторажам у садку, дзе раней працавала выхавацелькай. Адукацыйныя чыноўнікі гаварылі пра яе холадна і адстаронена, і гэтаксама горача яе любілі маленькія, — бо яны не навучыліся хлусіць. Мы абрастаем, як рыбы луской, каростай эгаізму і маладушша, а ў сацыяльным сэнсе мы пакрыліся чыноўніцкай каростай. Нават прагматыкі даўно разрашылі б нашыя пакуты дваццацігадовыя, а хочацца — людзей неабыякавых і не абыякіх
Воспитатель
10.04.2011 в 11:38Автору. Поясню, откуда появилось такое количество белорусскоязычных групп в Ленинском районе. Собрала заведующая ДУ всех воспитателей, спросила, кто из них по образованию учитель белорусского языка,да и назначила группу признавшегося воспитателя (в данном случае — мою)белорусскоязычной. А на все мои возражения ответила, что разговаривать с детьми по-белорусски меня никто не заставляет, но по документам белорусскоязычная группа в саду должна быть. И что-то мне подсказывает, что во всех остальных садах белорусскоязычные группы открывались по такой же схеме.
Аўтар
10.04.2011 в 22:01Дзякуй вялікі за каментар. Цікавая інфармацыя. Значыць, усё яшчэ прасцей, чым хацелася думаць