Было відавочна, што студыйцы і самі пачуваюцца як дома, і намагаюцца пасяліць такое ж адчуванне ў душах сваіх гледачоў. Думаецца, менавіта таму выступоўцы сустракалі гасцей на ўваходзе, з кожным знаёмым вітаючыся асобна, а не пакінулі іх чакаць пачатку ў сваіх крэслах. Запрашэнне саліста Ігара Пашэчкі «за стол» упэўніла, што непасрэднасць і разняволенасць будуць аднымі з галоўных адзнак імпрэзы. Атмасферу выдатна падтрымаў і прадуманы інтэр’ер сцэны: настольная лямпа з чырвоным абажурам і крэслы ўздоўж сцяны, дзе сядзелі самі артысты, нагадалі мінулую традыцыю правядзення салонаў у дамах арыстакратаў. Тут асобны рэспект рэжысёрам праграмы – актрысам Ірыне Пашэчка і Вользе Жук.
Па словах Ігара, гэта павінен быў быць канцэрт-свята, але атрымаўся проста канцэрт, які да таго ж пачаўся з хвіліны маўчання. Прычыны тлумачыць не трэба – дастаткова згадаць жудасную падзею, што адбылася на дзень раней у Мінску. Праграму наўрад ці істотна перараблялі за гадзіну да ўзлёту, але яна атрымалася якраз сугучнай унутранаму стану большасці прысутных. Канцэрт, напоўнены роздумам над асновамі быцця, стаў адначасова і рэквіемам па загінуўшых і напамінам пра непрадказальнасць чалавечага лёсу для жывых.
Сінкрэтычнасць розных жанраў мастацтва, характэрная творчай майстэрні «DramRockStudio», таксама выявілася як мае быць. Тут былі не толькі музыка і тэксты – яшчэ і філасафічныя маналогі Вольгі Жук, што адыгрывалі ролю падводак да песняў; фота- і відэасуправаджэнне да абсалютна кожнай кампазіцыі; шматлікія элементы харэаграфіі (танцавалі навучэнкі музычнага каледжа імя Р. Шырмы Кацярына Яцкавец і Даша Старасотнікава), і нават сэндарт (тэхніка малюнка па пяску) у выкананні дызайнера студыі Алены Чаусавай.
Аднак канцэрт меў назву канцэрта-прэзентацыі, таму будзе несправядліва не адзначыць творчыя прадукты, якія явіліся публіцы ўпершыню. Найперш гэта кліп на песню «Снегам» ад рэжысёра Алеся Знахарчука – кліп-першынец «DramRockStudio», а таксма 4 новыя песні («Марская», «Бязважкасць», «Раніца» і «Дзякуй»).
Паколькі ўсе аматары творчасці калектыву не змаглі трапіць на канцэрт з-за хуткага распродажу білетаў, то артысты абяцаюць правесці дадатковы выступ у маі. Так што сачыце за афішамі. І беражыце сябе.
Ответить