«Мая кар’ера духавіка пачалася ў чацвёртым класе»
Насамрэч раней. Яшчэ да нараджэння, бо у двух музычна адораных людзей, якімі былі бацькі героя, проста па наканаванні павінна было нарадзіцца дзіця неардынарнае. З дзяцінства малы Валера чуў, як прыгожа спявае маці, ды і ўся радня – на кожнае свята па ваколіцы «разліваліся цудоўныя многагалосыя спевы». Бацька ж іграў на кларнеце – музычным інструменце, які трохі пазней выбярэ для асваення і сын.
Чаму сам Валерый Коваль гаворыць пра чацвёрты клас? Якраз тады ў ягоную школу ў Бабруйску прывезлі набор духавых інструментаў і пачалі арганізоўваць аркестр, што па тых часах было вельмі прэстыжна. Набралі 20 хлопчыкаў, сярод якіх аказаўся і Валера. Хоць слова «аказаўся» робіць занадта выпадковым яго ўдзел у калектыве – адміністрацыя школы да адбору навучэнцаў падышла досыць сур’ёзна.
Праз нейкі час школьны аркестр аб’ядналі з падобным калектывам мясцовага Дома піянераў, што давала пэўныя дадатковыя магчымасці. Напрыклад, атрымаць накіраванне на навучанне ў Бабруйскую музычную школу, якую Валерый Коваль скончыў адначасова з агульнаадукацыйнай васьмігодкай. На гэтым бабруйскі перыяд жыцця будучага вядомага музыканта скончыўся. Пачаўся новы – перыяд сталення і станаўлення на прафесійнае крыло.
Тэрытарыяльна гэта звязана з некалькі мясцінамі: Магілёвам, Масквой і Ачынскам. У Магілёве Коваль навучаўся ў музыкальнай вучэльні па класе кларнета, у Маскве – закончыў ваенна-дырыжорскі факультэт кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага, а ў Ачынску, як зазначае сам Валерый Барысавіч, склаўся як дырыжор.
Эх, дарогі…
У сібірскі гарадок Ачынск Валерый трапіў па размеркаванні ў 1975 годзе. У мястэчку знаходзілася самая вялікая на тэрыторыі СССР авіяцыйная вучэльня (налічвала каля трох тысяч курсантаў), якая мела свой духавы аркестр. Праўда, два гады адсутнасці дырыжора пакінулі свой след: аркестр прыйшлося падымаць з попелу, як птушку фенікс. Маладых сілаў, аднак, хапіла не толькі на духавы калектыў, але і на пастаноўку аперэт ды наладжванне самадзейнасці сярод дзяцей. Нястомна падтрымлівала Валерыя жонка Ніна Уладзіміраўна, якая паехала ў суровы край услед за мужам з маленькай дачкой на руках (за гэта ён да сённяшняга часу ёй удзячны). Ужо ў Ачынску ў Коваляў нарадзілася другая дачка, ураджоная «сібірачка». Наогул, пра жыццё і працу ў Сібіры кіраўнік шматлікіх аркестраў успамінае з цеплынёй: «Такіх людзей, як там, я не сустракаў ніколі болей». Можа, менавіта таму гэты час герой называе часам найбольшай сваёй самарэалізацыі ў якасці ваеннага дырыжора.
Аднак лёс ваеннага вядомы: толькі звыкнешся з адным месцам — трэба ехаць у другое. Валерый хацеў на радзіму. Ды выпала служба ў Польшчы, куды ён перабіраецца праз 10 год прабывання ў Ачынску. Наша заходняя суседка сустрэла досыць прахалодна. Польскі перыяд службы супаў са смутным часам у гэтай краіне – мясцовыя ўсяляк паказвалі, што не хочуць цярпець чужынцаў-саветчыкаў на сваёй зямлі, варожа ставіліся да кожнага «рускага». Ваенны аркестр (на гэты раз войск супрацьпаветранай абароны; яго таксама трэба было ствараць амаль з нуля) выконваў у многім дыпламатычную місію
дыялогу дзвюх краін, і місія была, мякка кажучы, няпростай. Хоць большасць насельніцтва ўсё ж прыязна сустракала паслоў культуры.
Тым не менш, можна толькі ўявіць сабе, які ўздых з палёгкай вырваўся з грудзей Валерыя Коваля, калі ў 1990 годзе яму прапанавалі перавесціся ў Брэст – усё ж родныя мясціны. (Дарэчы, Валерый Барысавіч называе сябе ўкраінцам. У гэтым бачыцца даніна павагі маці-ўкраінцы, бо сам ён ніколі ў гэтай краіне не жыў).
І вечны бой – спакой нам толькі сніцца
Толькі чаканні знайсці на радзіме душэўны спакой не апраўдаліся: рушыцца Савецкі Саюз, што толькі для нас, маладога пакалення, ужо не мае асаблівага значэння. Застаецца толькі ўяўляць, як адчувае сябе чалавек, які аддана служыў краіне, якой ураз не стала. Ваенныя, бадай, перажывалі распад імперыі цяжэй за астатніх. «Было цяжка ўтрымацца ў гэты час, аднак неяк утрымаўся і працягваў займацца дырыжорскай працай».
Насуперак традыцыі пачынаць кожны раз занава адбудоўваць калектыў музыкантаў, у Брэсце яго чакаў неблагі аркестр 50-й мотастралковай дывізіі, які часова страціў пазіцыі менавіта па прычыне палітычнага крызісу той пары. Людзі сыходзілі хто куды, не жадаючы траціць час на дзейнасць, якая не прыносіла істотнага заробку. Аркестр мотастралкоў захаваўся тады толькі дзякуючы намаганням зацікаўленага камандавання. Гэта пасля справы з кадрамі пайшлі куды лепей.
Вярнуўшы калектыву, гаворачы пафаснай мовай, былую славу, Валерый Коваль з аркестрам шмат выступае – у першую чаргу на культурных мерапрыемствах Брэста. Вось і ўзнікла пытанне: а чаму б гораду не займець свой духавы аркестр? Няўрымслівы Коваль, канечне, не мог застацца ў баку. Ды і хто б яму такую раскошу дазволіў? Так, выслухоўваючы часам раўнівыя дакоры ваеннага начальства, Валерый паралельна займаецца двума калектывамі. У 1996 годзе адбылася прэзентацыя Брэсцкага духавога аркестра, які дагэтуль з задавальненнем слухаюць і любяць берасцейцы.
У 2000 годзе ваенны дырыжор атрымаў званне палкоўніка, што праўда, падчас кіраўніцтва наступным аркестрам – пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Знарок апусціла давесак «узорна-паказальны», пад якім мы яго зараз ведаем, бо ў распараджэнне Коваля ён трапіў далёкім ад такога. Каб падняць статус дзейнага аркестра, трэба было ў першую чаргу шукаць музыкантаў (вечная праблема), якіх не было сярод ваенных. Тады і з’явілася нечаканае рашэнне: увесь мужчынскі выпуск Брэсцкага музычнага каледжа імя Р. Шырмы прызвалі на тэрміновую воінскую службу. Духавікоў сярод іх было мала, але ўсе сталі «дудзець» праз паўгода карпатлівай працы. У 2006 годзе, калі настала пара звальняцца ў запас, Валерый Коваль пакідаў пасля сябе вядомы ва ўсёй краіне і за яе межамі ўзорны калектыў. На пенсію, аднак, музыкант пайшоў толькі часткова, бо заставаўся і зараз застаецца гарадскі аркестр пад яго нястомным кіраваннем.
У гэтыя ж дні Валерый Коваль займаецца падрыхтоўкай свайго творчага вечара, які адбудзецца 29 красавіка ў абласным грамадска-культурным цэнтры. Праўда, вольных месцаў ужо няма. Так што аматарам інструментальнай музыкі застаецца чакаць чэрвеня, калі адбудзецца вялікі святочны канцэрт, прымеркаваны адначасова і да юбілею дырыжора, і да 15-годдзя самога аркестра.
Ответить