На добры лад пісаць пра гэта трэба было яшчэ ў пачатку мая, калі конкурс толькі абвясціўся і былі назначаны даты правядзення адбораў у абласных гарадах. Аднак ніякай пэўнасці, што ён сапраўды адбудзецца, не было да апошняга часу. Сумненні нарадзіліся не на пустым месцы: у мінулым годзе такі ж фестываль так і не правялі з-за недаверу да яго з боку ўладаў. Ды і ў гэтым годзе пайшло не ўсё гладка. Калі ў астатніх абласцях конкурсныя адборы ўжо закончыліся і ўдзельнікі даўно гатовы да фіналу, то ў Брэсце дата адборачнага тура раптам змянілася і доўга заставалася нявызначанай, пакуль не спынілася на 3 чэрвеня. Зразумела, час «завіс» не па прыхамаці арганізатараў.
Ёсць і такі цікавы нюанс: калі на фестывалі гарадскія ідэолагі, умоўна кажучы, паставілі пячатку «Адобрана», то на рэкламных афішах зрабіць гэта ніяк не рашыліся. Так што інфармацыя пра яго правядзенне даводзіцца да моладзі выключна праз СМІ і сацыяльныя сеткі ў Інтэрнэце.
Удзельнікі адборачных тураў вызначыліся на конкурснай аснове – выканаўцы мусілі загадзя заявіць дзве беларускамоўныя песні, па якіх і абіраліся лепшыя выканаўцы. На Берасцейшчыне імі сталі «Vertigo band», «TerraKod» (Брэст), «Мясцовыя» (Бяроза), «Анахарсіс» (Столін) і «Red Cat» (Пінск). Калектыў, які выйграе на першым этапе, будзе змагацца за прызы конкурса ў фінале. Прызы, дарэчы, не абы-якія: да дыплома трэцяй ступені дадаецца 20 якасных дызайнерскіх цішотак з лагатыпам гурта; за другое месца калектыву поўнасцю распрацуюць сайт з аплатай дамену і хостынгу; ну а пераможца атрымае мажлівасць удзелу ў адным з найбуйнейшых рок-фэстаў Украіны «Захад–2011».
Журы на першым этапе не будзе (у адрозненне ад фіналу, што пройдзе, на жаль, у Мінску, а не ў Брэсце, як планавалася спачатку), часткова яго функцыю возьме на сябе эксперт, голас якога будзе адпавядаць 5 галасам «простых смертных». У ролі эксперта – музыкант вядомага берасцейскага калектыву «Садъ» Анатоль Харытонаў. Хэдлайнеры канцэрта – гурты «Onegin» і «Сьцяна».
Фестываль-конкурс праводзіцца пры садзейнічанні грамадска-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і аддзела культуры Брэсцкага райвыканкама.
Усіх, хто неабыякава ставіцца да айчыннай музычнай арэны, арганізатары запрашаюць 3 чэрвеня ў раённы ДК «Чэрні» у 19 00. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне +37529 8229110.
Ответить