У словах кіроўцы часопіса сумнявацца не прыходзіцца. Пры першым позірку на вялікі асартымент якаснай гістарычнай літаратуры цяжка паверыць, што выйшла яна не пры Акадэміі навук Беларусі і падрыхтоўкай яе займаецца невялікі штат супрацоўнікаў. Толькі ў Брэст, акрамя самога часопіса, прыехала некалькі дзясяткаў фундаментальных выданняў, здольных прыцягнуць увагу любога беларуса, які цікавіцца мінуўшчынай і цяпершчынай сваёй радзімы. Тут вам і сабраныя пад адну вокладку ўсе беларускія летапісы і хронікі на арыгінальнай мове і ў арыгінальнай графіцы; беларускія перакладныя і тэрміналагічныя слоўнікі, выдадзеныя ўпершыню ў часы беларусізацыі 20-х гадоў мінулага стагоддзя з лексікай, яшчэ не знявечанай палітыкай збліжэння беларускай мовы да рускай; проста шэраг вартых аўтарскіх выданняў, якія ганарова мець у хатняй бібліятэцы.
Асноўны прамоўца на прэзентацыі, Валер Булгакаў, уразіў сваёй гістарычнай эрудыцыяй (хоць па адукацыі філолаг) і цудоўным арыентаваннем у шматлікіх публікацыях часопісных нумароў і кніг. Ён хоць і прызнаўся, што прачытаў палескі нумар «АРХЭ» толькі пасля выхаду яго з друку, але ад таго не менш змястоўна перадаў і змест артыкулаў, іх месца ў айчыннай гісторыяграфіі, колькі слоў сказаў і пра аўтараў. Булгакаў асабліва падкрэсліў інтэрдысцыплінарнасць нумара: Палессе апісваюць не толькі гісторыкі, але і этнографы, мовазнаўцы, пісьменнікі. Гэта для нас адносна новы падыход, хоць у Еўропе ім карыстаюцца даўно. У выніку, па словах рэдактара, атрымаўся «лепшы нумар за апошнія паўгода, а можа, і за год. І гэта не рэч у сабе, а элемент нашай агульнай стратэгіі».
Выдаваць тэматычныя нумары – даўняя завядзёнка часопіса «АРХЭ». Напрыклад, пра нашу гістарычную калыску Полацк ужо выйшла два нумары і рыхтуецца трэці. Ёсць нумары, прысвечаныя асобным вехам нашага агульнага мінулага, у тым ліку зусім нядаўняга – падзеям 19 снежня ў Мінску.
Па ажыятажы, што ўтварыўся перад стосамі кніг як перад імпрэзай, так і пасля яе, можна з пэўнасцю гаварыць пра наяўнасць попыту да навуковай гістарычнай думкі і, як следства, пра нямарнасць працы калектыву часопіса «АРХЭ».
Ответить